2015-02-23 15:05:00

Неба або пекла


Мы працягваем разважаць пра апошнія падзеі, якія чакаюць чалавека ў гэтым жыцці. У мінулых перадачах я распавёў пра смерць і суд Божы. Сёння мы даведаемся аб трэцяй і апошняй падзеі, якая адбудзецца з намі пасля нашая зямной пілігрымкі. І гэтай падзеяй  будзе неба альбо пекла. Сучасны чалавек не баіцца пекла, ды і рай яму асабліва не цікавы. Усё гэта ад таго, што ў нашай свядомасці пра гэтыя дзве рэчаіснасці існуюць трывалыя стэрэатыпы. Гэтыя стэрэатыпы падказваюць нам, што неба і пекла - гэта нейкія даўнія і ўжо зусім не актуальныя казкі ці легенды. Пекла нам малюецца, як мноства рагатых і хвастатых чарцей з віламі і катламі, а неба, як аблокі з натоўпам сонных анёлаў ў белых і даўгіх вопратках. Ці сумна ў небе?

Што ж такое неба, рай? Вось як пра гэта гаворыць навука Каталіцкай Царквы: «Жыць на нябёсах — гэта «быць з Хрыстом». Выбраныя жывуць «ў Ім», але яны там захоўваюць і, больш таго, знаходзяць сваё ўласнае імя: Бо жыццё - гэта быць з Хрыстом: дзе Хрыстос, там і жыцьцё, там і валадарства» (Катэхізіс Каталіцкай Царквы (ККЦ) 1025).

«Як! І гэта ўсё?» - быць можа здзівіцеся вы. Магчыма вы чакалі больш падрабязны аповяд. Аднак апостал Павел папярэджвае нас: «не бачыла таго вока і ня чула вуха, і ня ўзыходзіла тое ў сэрца чалавека, што Бог падрыхтаваў, тым хто любіць Яго» (1 Кар 2, 9).

«Быць з Хрыстом» - вось ключ да разумення таго, чым з'яўляецца неба. Давайце даследуем нашы ўзаемаадносіны з Госпадам. Калі гэтыя адносіны існуюць, значыць мы ўжо дакрануліся да таямніцы раю.

У рай трапляюць усе, хто памёр у ласцы і сяброўстве з Богам. Аднак, калі гэтае сяброўства было азмрочана грахом, які зрэшты не парваў сяброўскі саюз, то такі чалавек праходзіць ачышчэнне, каб «здабыць святасць, неабходную для ўступленне ў радасць нябесную» (ККЦ 1030).

Такі працэс ачышчэння, такі стан чалавека каталіцкая Царква называе «чысцец». Вучэнне пра чысцец заснавана на словах Ісуса, які кажа, што калі хто скажа блюзьнерства на Духа Святога, то не даруецца яму ні ў веку гэтым, ні ў будучыні (параўнай Мц 12, 31-32). Зыходзячы з гэтага сцвярджэння, мы можам зрабіць выснову, што некаторыя грахі могуць быць адпушчаныя у веку гэтым, а некаторыя ў будучыні.

У Бібліі, у другой кнізе Маккавейской чытаем, што народ Ізраільскі моліцца за памерлых: «Такім чынам, усе праславілі праведнага Судзьдзю Госпада (...), і звярнуліся да малітвы, просячы, хай будзе цалкам прабачаны зроблены імі грэх» (2 Мак 12, 41-42а ). Гэтыя вершы даюць нам падставу верыць, што пасля смерці некаторыя людзі знаходзяцца ў такім стане, калі нашы малітвы за іх могуць ім дапамагчы.

Вось такі стан Каталіцкая Царква і называе чысцец.

Я хачу падкрэсліць і развеяць некаторыя памылкі: чысцец гэта не нешта трэцяе, прынцыпова адрозны ад пекла і неба. Чысцец - гэта тое, што папярэджвае рай, гэта і ёсць ужо ягоная частка. З чысца нельга трапіць у пекла, але, ачысьціўшыся, уступіць у паўнату неба.

«Нельга прымусіць любіць»

Мы можам увайсці ў рай, злучыцца з Богам толькі ў тым выпадку, калі свабодна абралі любоў да Яго. Любоў да Бога спазнаецца па ўчынках чалавека. Усім вядома, што немагчыма прымусіць чалавека пакахаць, ці палюбіць. Тое ж самае правіла дзейнічае ва ўзаемаадносінах паміж Богам і чалавекам. Той, хто не хоча быць з Богам у гэтым жыцці, не будзе з Ім і пасля сваёй смерці. Пекла - гэта вечнае жыццё чалавека без Бога. У Катэхізісе Каталіцкай Царквы чытаем, што пекла - гэта «стан канчатковага самавыключэння са ўзаемаадносін з Богам» (ККЦ 1033).

Такім чынам, што нам варта ведаць аб пекле?  Дазвольце мне падсумаваць сённяшнія разважанні некалькімі сказамі:

 

1. Пекла існуе.

2. Пекла - гэта не месца, але стан вечнага існавання чалавека без Бога.

3. У пекла пасля сваёй смерці трапляюць тыя, хто памёр ў стане смяротнага граху.

4. Галоўная мука пекла ў тым, што чалавек асуджаны на вечнае расстанне з Богам.

Добрыя навіны

Сябры! Я не абраў тэму неба і пекла для гэтай перадачы, каб каго-небудзь напалохаць. Святое Пісанне і вучэнне Каталіцкай Царквы, сцвярджаючы існаванне пекла, заклікае нас толькі ўзяць адказнасць за сваё жыццё на сябе. Рай або пекла, дарагія сябры, мы выбіраем самі кожны дзень, тут і цяпер.

Японская прыпавесць распавядае пра самурай, які прыйшоў да мудраца і запатрабаваў, каб б той паказаў яму неба і пекла. Настаўнік адказаў: «Такому дурню, як ты, я не збіраюся нічога паказваць». Самурай раз'юшыўся і агаліў меч, каб засячы старога. «Вось тут пачынаецца пекла» - спакойна заўважыў мудрэц. Воін зразумеў, што настаўнік выканаў ягоную просьбу і быў уражаны ягонай мудрасцю. Ён ўклаў меч у похвы і пакланіўся, просячы прабачэньня. «А тут пачынаецца рай» - адгукнуўся стары.

Што можна дадаць да гэтай прыпавесці? Толькі гэта: давайце па жыцці рабіць правільны выбар!

На гэтым я развітваюся з вамі. У эфіры была праграма «З сэрцам у кантакце» і я, яе вядучы айцец Андрэй Буйніч. Нагадваю э-мэйл на які вы можаце далаць вашыя водгукі і пытанні: zsercam@gmail.com. Да хуткай сустрэчы, сябры!

а. Андрэй Буйніч








All the contents on this site are copyrighted ©.