2015-02-23 16:04:00

Дэкалог. Першая запаведзь


У катэхізме яна фармулюецца так: І. Я ГОСПАД БОГ ТВОЙ, НЯ МАЙ ІНШЫХ БАГОЎ АПРОЧ МЯНЕ. А вось так мы прачытваем яе ў Бібліі, у кнізе Выхаду: “Я ГОСПАД, БОГ ТВОЙ, (...) ХАЙ НЯ БУДЗЕ Ў ЦЯБЕ ІНШЫХ БАГОЎ ПЕРАД АБЛІЧЧАМ МАІМ. НЕ РАБІ САБЕ КУМІРА І НІЯКАЙ ВЫЯВЫ ТАГО, ШТО НА НЕБЕ ЎГАРЫ, І ШТО НА ЗЯМЛІ ЎНІЗЕ І ШТО Ў ВАДЗЕ НІЖЭЙ ЗЯМЛІ...” (ВЫХ 20, 2-4).

Чаго не забараняе 1 запаведзь?

Некаторыя хрысьціяне-нэапратэстанты мяркуюць, што гэтай запаведзьдзю Бог забараніў хрысьціянам карыстацца ў рэлігійным жыцьці іконамі, абразамі, фігуркамі Хрыста, Маці Божай і сьвятых… Аднак адзіная хрысьціянская Царква праз навучаньне 7-га Усяленскага Сабора ў 787 годзе, асудзіла гэрэзію, якая змагалася супраць такой формы пакланеньня Богу. Сапраўды, мы не пакланяемся самой іконе, як прадмету, але з дапамогай іконы мы пакланяемся Богу. Ікона, абраз – гэта акно ў духоўны сьвет. Тое, што мы карыстаючыся іконамі (абразамі, фігуркамі), не парушаем запаведзі Бога, ясна з самога Сьвятога Пісаньня.

Вось што напісана ў кнізе Выхаду пра зьнешні выгляд каўчэга Адкрыцьця (таго самага, у якім захоўваліся скрыжалі з запаведзямі (пар. Другі Закон 10, 5)) ў той самай кнізе Бібліі, дзе зьмешчаны таксама Божыя запаведзі: “Зрабі таксама накрыўку з чыстага золата: даўжыня яго два локці з палавінаю, а шырыня яго паўтара локця; і зрабі з золата двух херувімаў: чаканнага вырабу зрабі іх на абодвух канцах накрыўкі; зрабі аднаго херувіма з аднаго краю, а другога херувіма з другога краю…” (Вых 25, 17).

Цяпер, калі мы высьветлілі, што не забараняе першая запаведзь, зьвернем нашую ўвагу на тое, чаго першая запаведзь бяз сумніву ад нас патрабуе.

Што наказвае нам I запаведзь?

Першай запаведзьдзю Госпад Бог наказвае нам пакланяцца толькі Яму, адзінаму праўдзіваму Богу і ня мець ніякіх іншых ідалаў, куміраў. Першая запаведзь заклікае нас да станоўчай і актыўнай пазіцыі адносна Бога – прызнаньня і пакланеньня адзінаму Богу і Ягонай волі.

Калі гаворым пра станоўчую і актыўную пазіцыю адносна Бога, то маем на ўвазе, што Бог і ўсё што з Ім зьвязана: нашае ўнутранае і рэлігійнае жыцьцё, навука Каталіцкай Царквы нам не абыякава. Мы імкнемся памятаць пра Бога, пра прысутнасьць Яго ў нашым жыцьці.

Часамі можна сустрэць чалавека, які кажа пра сябе, што зьяўляецца католікам, аднак потым дадае, што ў касьцёл ня ходзіць і справамі веры не цікавіцца. “Чаму ж Вы лічыце сябе католікам?” – звычайна так запытваю яго? “А як жа? Я хрышчаны ў касьцёле, мае бацькі католікі, дзяды былі католікамі і я католік”. На жаль, шмат тых, хто прыходзіць у храм, робяць гэта па звычцы, можна б было сказаць да Бога “сваіх бацькоў”, яны ня ведаюць яго асабіста.

Мае дарагія, але ж Бог у першай запаведзі кажа так: Я Госпад, Бог твой! Не “Бог тваіх бацькоў”, заўважце, кажа Ён, але “Бог твой”! Нам трэба зьмяніць матывацыю, з-за якой мы залічаем сябе да католікаў. Адказ павінен быць такі: “Я – католік, бо я веру ў Бога і перакананы ў прысутнасьці поўні Божай ласкі ў Каталіцкай Царкве. Гэта МОЙ Бог, я веру ў Яго не таму, што мае бацькі верылі ў Яго, а таму, што я сам сустрэў Яго ў сваім жыцьці. Гэта Каталіцкая Царква – МАЯ, бо я пераканаўся ў яе праўдзівасьці”.

Нашыя ідалы

Здавалася б, што прайшлі тыя часы, калі нашыя продкі пакланяліся ідалам. Аднак у нашыя часы іх колькасьць ня зьменшылася. Ідалам для нас можа стацца ўсё што заўгодна: кожная рэч, якую мы пачынаем шанаваць больш чым Бога і Ягоную волю.

Ва ўсе часы такімі ідаламі ставаліся грошы, улада, перабольшанае дагаджэньне целу. Заўважце, калі ласка, што ўсе гэтыя рэчы: грошы, улада і цела – не зьяўляюцца самі ў сабе грэшнымі, аднак злоўжываньне імі вядзе нас да граху.

Грошы – гэта рэч неабходная ў грамадстве. Але здабываньне грошаў кожнымі сродкамі, у тым ліку немаральнымі – грэх. Улада – таксама сама па сабе рэч добрая, але калі хто-небудзь злоўжывае ўладай: з-за гэтай асобы, напрыклад, гінуць людзі, наносіцца шкода супольнаму дабру і грамадству, тады – гэта грэх. Цела – добрая рэч, яно створана Богам. Чалавек – істота духоўна-цялесная. Аднак, калі мы забываем, што чалавек – гэта ня толькі цела, але і душа, злоўжываем матэрыяльным дабрабытам, тады – гэта грэх.

Возьмем канкрэтны прыклад: алкаголь. Сам па сабе алкаголь ня дрэнны. Аднак злоўжываньне яго выклікае алкагалізм. Алкагалізм – гэта паважны грэх.

Пра аўтарытэт Царквы

Ёсьць таксама і іншыя рэчы, на якія зьвяртае нашую ўвагу першая запаведзь. А менавіта на паслухмянасьць аўтарытэту Царквы. Грашыць той, хто адмаўляецца прызнаваць аўтарытэт Каталіцкай Царквы ў галіне веры і маралі.

Вельмі часта можна сустрэць асобаў, які кажуць: “я католік, але я не лічу патрэбным хадзіць кожную нядзелю ў касьцёл”, або “я католік, але я не лічу патрэбным выконваць усе запаведзі”, або “я католік, але веру ў рэінкарнацыю”, “я католік, але я мяркую, што аборт гэта ня грэх”, або “я католік, але я не лічу патрэбным хадзіць да споведзі”...

Бачым, што ва ўсіх пералічаных сітуацыях чалавек абапіраецца на свой уласны аўтарытэт і ігнаруе навуку Каталіцкай Царквы! Навука Каталіцкай Царквы абапіраецца на Адкрыцьцё Божае і хрысьціянскі вопыт больш чым двух тысячагодзьдзяў, абапіраецца на Сьвятое Пісаньне і Паданьне (Традыцыю), на аўтарытэт наступнікаў Апостала Пятра. Калі ўсё гэта ўзгадваем, то хочацца задаць рытарычнае пытаньне: на што вышэйзгаданыя людзі абапіраюць свой непамыльны аўтарытэт, на 20 ці 70 год вопыту свайго ўласнага жыцьця?!

Пра практычны атэізм

Мы, беларусы, лічым сваю краіну традыцыйна хрысьціянскай. Аднак чаму гэтае меркаваньне ніяк не ўплывае на нашае жыцьцё ў грамадстве? Калі чалавек верыць, то ён імкнецца паводзіць сябе паводле сваёй веры. Аднак жа бачым, што ў нашым грамадстве ўсьцяж шмат праблемаў, якія сьведчаць хутчэй пра тое, што людзі ў Бога ня вераць. Гэта і праблема абортаў, і алкагалізму, і усялякіх забабонаў (варажбітак, астролагаў і г.д.)...

Гэта азначае, што большасьць беларусаў, хоць і гавораць пра сябе, як пра хрысьціянаў, аднак сваімі ўчынкамі гэтаму запярэчваюць. На практыцы такія людзі – атэісты. Дарагія мае, будзьма сьцерагчыся гэтага.

а. Андрэй Буйніч








All the contents on this site are copyrighted ©.