2015-02-23 16:47:00

Дэкалог. Восьмая запаведзь


Сёньня мы працягваем разважаць пра «Дэкалог» і разгледзім запаведзь восьмую. У Старым Запавеце ў Кнізе Выхаду восьмая запаведзь пададзена так: «Не кажы ілжывага сьведчаньня на бліжняга твайго» (Вых 20, 16). Мы, хрысьціяне, жывем у сьвеце. А ў сьвеце шмат ілжы і маны. Бацькам ілжы, як вядома, зьяўляецца шатан. Добра ведаем, гісторыю падману і першага граху з першых старонак Кнігі Быцьця. Услед за д'яблам пасьля упадку нашых прабацькоў пачалі падманаваць і ўсе людзі.

Чаму хлусяць людзі? Як сябе паводзіць хрысьціяніну?

Хлусяць яны таму, што атрымліваюць ад хлусьні часовую карысьць. Ілжа ўвайшла ў розныя сферы жыцьця чалавецтва. У палітыку, спорт, рэкламу, сродкі масавай інфармацыі (тэлебачэньне, радыё і газэты), нават у рэлігійную сферу пранікае ілжа. Мае месца яна таксама ў сям'і і на працы. Няма чаго дзівіцца – там дзе ёсьць людзі, там ёсьць праблемы.

Нягледзячы на відавочны факт, што хлусьня – гэта распаўсюджаная з'ява, мы, хрысьціяне пакліканыя да таго, каб не хлусіць і казаць праўду. Ісус у Евангельлі кажа так: «Але няхай будзе слова вашае: так-так, не-не. А што больш таго, тое ад злога» (Мц 5, 37). Таксама і ў іншым месцы чытаем: «Пазнайце праўду, а праўда вас вызваліць».

Паўстае важнае пытаньне: як сябе паводзіць у сьвеце, калі амаль паўсюл маем дачыненьне з маной? Перад усім трэба запасьціся здаровым скептытызмам і навучыцца «адфільтроўваць» інфармацыю. Заўсёды чуючы нейкія весткі, варта задаць пытаньне: «каму выгадна?».

Аднак ня толькі трэба ўзбраівацца ў скепсіс, але і шукаць людзей вартых даверу. Калі такіх людзей шмат, то яны могуць падтрымаць адзін аднаго, і больш таго, такія людзі стануць фундамантам грамадства. Вельмі важна зьвяртацца да крыніцы Праўды. Гэтай крыніцай з'яўляеца Сьвятое Пісаньне. Калі хочам трываць у Праўдзе – трывайма ў чытаньні Сьвятога Пісаньня.

Мастацтва гаварыць праўду

Казаць праўду – гэта сапраўднае мастацтва. Вельмі важна казаць праўду з мудрасьцю. Людзі маюць шматлікія таямніцы: службовыя, сямейныя, асабістыя... Трэба быць мудрым, каб кажучы праўду ня выдаць чужой таямніцы. У гэтым мастацтве гаварыць праўду мудра нам могуць памагчы некаторыя прынцыпы.

Першым прынцыпам ёсьць маўчаньне. Калі мы чуем нейкія зьвесткі, то зусім неабавязкова іх адразу распаўсюджваць. Яны могуць быць недакладныя, глупыя, або вогуле непраўдзівыя. Захавай маўчаньне – хай гэтыя зьвесткі зьнікнуць у табе, як у глыбокім калодзежы. Здабудзь дар маўчаньне воляй, а яшчэ ня раз падзякуеш за яго Богу.

Наступным прынцыпам ёсьць евангельская дыпламатыя. Прыкладам евангельскага дыпламата зьяўляецца для нас сам Ісус Хрыстос. Ведаем, што быў Ён правакаваны рознымі людзьмі. Хацелі злавіць Яго на слове фарысеі і садукеі, калі пыталі пра тое, ці можна даваць падатак кесару. Ня мог адказаць ані «так», ані «не». У кожным выпадку быў бы абвінавачаны. Аднак наш Настаўнік адказаў, як добра памятаем: «Аддавайце кесару кесарава, а Богу божае». Такім адказам пасароміў тых, хто яго пераследваў, а таксама ўказаў на вышэйшую мудрасьць.

Ёсьць таксама прынцып, які сьцьверджвае, што чалавеку можна сказаць праўду, толькі тады, калі ён мае права гэту праўду ведаць, або калі данная асоба заслугоўвае даверу. І гэта зразумела, бо асоба якая на давер не заслугоўвае, можа выкарыстаць нашую інфармацыю супраць тых людзей, якіх яна датычыцца, або таксама супраць нас. Такім чытам зважай на тое, што і каму кажаш!

Памятай, што праўда без любові забівае. Каб казаць праўдзівыя заўвагі сваім бліжнім трэба памятаць некалькі рэчаў. Па-першае трэба памятаць пра сваю слабасьць і, што ты не судзьдзя свайму бліжняму. У гэтым табе дапамогуць словы нашага Госпада пра бервяно, якое належыць выцягнуць са свайго вока, перад тым, як заняцца вокам свайго бліжняга.

Ня можна адразу рабіць заўвагу чалавеку публічна. Такі ўчынак можа мець сур'ёзныя наступствы. Напачатку зрабі заўвагу на самоце, калі ж не паслухае цябе, то пры сьведку, і толькі потым можаш заўвагу зрабіць публічна. Гэтыя этапы апісаныя ў Сьвятым Пісаньні. Акрамя гэтага захоўвай прынцып раўнавагі: рабі заўвагі так часта, наколькі сам часта ў стане прымаць заўвагі ад іншых.

Грахі супраць VIII запаведзі

Супраць VIII запаведзі існуюць шматлікія грахі. Сярод іх можна выдзяліць данос. Данос – гэта перадача іншым нейкіх сакрэтных зьвестак пра іншага чалавека. Даносчыкам быз Юда Іскарыёт. Ён нават і не ўяўляў, што будзе натупствам таго, калі ён скажа, дзе і калі можна знайсьці Ісуса. Знакава, што ў рымкім законе было прадўгледжана пакараньне за данос. Рымляне разумелі, што даносы падрываюць давер у грамадстве, а як вынік устойлівасьць дзяржавы. А ў нашым беларускім грамадстве, ці быў хто асуджаны законам за данос?

Акрамя даносу існуе мана (калі падманваем, кажам няпраўду), паклёп (калі фальшыва абвінавачваем іншых людзей у тым, чаго яны не рабілі), абгавор (калі без патрэбы адкрываем чужыя памылкі, слабасьці і грахі), плётка (калі раскрываем іншаму чалавеку пачутую пра яго негатыўную інфармацыю і называем імя абгаворшчыка), поўпраўда (калі падаем кавалак праўды для верагоднасьці, а рэшту замоўчваем).

Можна было б шмат яшчэ сказаць тут пра грахі супраць VIII запаведзі, аднак хочацца зьвярнуць увагу на адну вельмі важную рэч. Не дастакова казаць праўду – больш важна любіць Праўду, Ісьціну. Любіць праўду – гэта захоўваць ёй вернасьць. Вернасьць праўдзе – гэта вернасьць Богу. Вернасьць Богу – гэта ўсё, што нам трэба.

а. Андрэй Буйніч








All the contents on this site are copyrighted ©.