2015-02-22 12:30:00

Папа: увайсці ў велікапостную пустыню, каб пачуць голас Бога


Рашуча паўстаць на шлях Езуса – шлях, які вядзе да жыцця, гэта заклік першай нядзелі Вялікага посту, адзначыў папа Францішак 22 лютага 2015 г. перад малітвай “Анёл Панскі”, звяртаючыся да вернікаў сабраных на галоўнай ватыканскай плошчы. Пантыфік заклікаў увайсці ў “велікапостную пустыню”, каб пачуць голас Бога і зрабіць рашучы выбар на карысць Евангелля.

“У мінулую сераду, абрадам пасыпання попелам, пачаўся Вялікі пост і сёння першая нядзеля гэтага літургічнага перыяду, які нагадвае пра сорак дзён праведзеных Езусам у пустыні, пасля хросту ў рацэ Ярдане. Св. Марк кажа ў сённяшнім Евангеллі: “Дух вывеў Езуса ў пустыню. І быў Ён у пустыні сорак дзён, дзе Яго выпрабоўваў сатана; і быў са звярамі, і Анёлы служылі Яму” (1,12-13). Гэтымі беднымі словамі евангеліст апісаў выпрабаванне, якое Езус добраахвотна прыняў, перш чым пачаць выкананне сваёй месіянскай місіі. Гэта выпрабаванне з якога Езус выйшаў пераможцам і якое падрыхтавала Яго да абвяшчэння Евангелля Валадарства Божага. Ён, на працягу гэтых сарака дзён адзіноты, сустрэўся з сатаной “у блізкім боі”, раскрыў яго спакусы і перамог яго. У Ім перамаглі ўсе мы. Ад нас патрабуецца бараніць гэту перамогу ў штодзённасці.

Касцёл нагадвае пра гэту таямніцу на пачатку Вялікага посту, каб акрэсліць для нас перспектыву і сэнс гэтага часу, які з’яўляецца часам барацьбы – падчас Вялікага посту мы пакліканы змагацца – часам духоўнай барацьбы са злом. Праходзячы праз велікапостную “пустыню”, мы трымаем позірк на Пасхе, якая з’яўляецца канчатковай перамогай Езуса над злым, над грахом і смерцю. Гэта значэнне першай нядзелі Вялікага посту: рашуча паўстаць на шлях Езуса – шлях, які вядзе да жыцця. Глядзець на тое, што рабіў Езус і ісці з Ім.

Гэты шлях Езуса ідзе праз пустыню. Пустыня – гэта месца дзе можна чуць голас Бога і голас спакусіцеля. Пасярод шуму і хаосу гэтага зрабіць немагчыма; чуюцца толькі павярхоўныя галасы. Але ў пустыні мы можам сыйсці на глыбіню, дзе па-сапраўднаму вырашаецца наш лёс, жыццё або смерць. А як мы можам пачуць голас Божы? У Яго слове. Таму важна быць знаёмымі са Святым Пісаннем, бо інакш не будзем ведаць як адказаць на пасткі злога. І тут я хачу нагадаць пра маю параду, якая тычыцца штодзённага чытання Евангелля: чытаць Евангелле кожны дзень, разважаць над ім – крыху, прынамсі дзесяць хвілін – і заўсёды насіць з сабой: у кішэні, у сумцы. Заўсёды мець Евангелле пад рукой. Велікапостная пустыня дапамагае нам сказаць “не” марнасці, “ідалам”, дапамагае прымаць адважныя рашэнні адпаведныя Евангеллю і ўмацоўваць салідарнасць з братамі.

Таму ўвойдзем у пустыню без страху, бо мы не самі: з намі Езус, Айцец і Святы Дух. Больш за тое, як і выпадку Езуса, менавіта Святы Дух вядзе нас па велікапостным шляху – той самы Дух, які сышоў на Езуса і які быў нам падараваны падчас хросту. Вялікі пост, такім чынам, гэта спрыяльны час, які павінен весці нас да ўсё большага разумення таго, наколькі Святы Дух, атрыманы ў хросце, дзейнічае і можа дзейнічаць у нас. Напрыканцы велікапостнага шляху, у Пасхальную вігілію, мы зможам з большай свядомасцю абнавіць запавет, заключаны падчас хросту і абавязкі, якія ён прадугледжвае. Святая Панна, прыклад паслухмянасці Духу, які жадае ўчыніць з нас “новыя стварэнні”, няхай дапаможа адкрыцца на Яго кіраўніцтва”.

Перад марыйнай малітвай папа Францішак нагадаў, што 22 лютага 2015 г. пачынаюцца велікапостныя духоўныя практыкаванні ў якіх ён прыме ўдзел разам з супрацоўнікамі Рымскай курыі. Ён даверыў гэты час апецы Маці Божай і папрасіў вернікаў падтрымліваць яго малітоўна.








All the contents on this site are copyrighted ©.