2015-02-21 15:55:00

Парафіі


Сёння мы пачынаем гаварыць аб арганізацыі касцёльнага жыцця на самым бліжэйшым да нас узроўні – на парафіяльным. Што ж такое парафія? 1-ы параграф 515-га канону Кодэкса гаворыць, што парафія – гэта акрэсленая супольнасць вернікаў, на стала заснаваная ў мясцовым Касцёле, пастырская апека аб якой пад кіраўніцтвам дыяцэзіяльнага біскупа даручаецца пробашчу, як яе ўласнаму пастыру. Важныя элементы парафіі – гэта супольнасць вернікаў, заснаванне на стала гэтай супольнасці, і пастырская апека пробашча, толькі пры наяўнасці ўсіх трох элементаў можна гаварыць аб парафіі. У мінулай нашай перадачы мы гаварылі аб функцыях святарскай рады, што існуюць сітуацыі, калі біскуп павінен выслухаць меркаванне гэтай рады, дык вось, згодна з Кодэксам засноўваць, касаваць або пераўтвараць парафіі мае права толькі дыяцэзіяльны біскуп (гэта лагічна), але ён не павінен гэтага рабіць, не выслухаўшы меркавання святарскай рады.

Акрамя паняцця парафіі, існуе таксама паняцце квазі-парафіі, якая прадстаўляе сабой акрэсленую супольнасць вернікаў у мясцовым Касцёле, даручаную святару як яе ўласнаму пастыру, але якая з-за пэўных абставін не заснавана яшчэ ў якасці парафіі, а там, дзе якія-небудзь супольнасці не могуць быць заснаваныя ў якасці парафіі або квазі-парафіі, дыяцэзіяльны біскуп павінен іншым чынам забяспечыць пастырскую апеку аб іх. Часамі існуюць розныя абставіны, часцей за ўсё з-за прычыны, незалежнай ад Касцёла, калі не можа быць арганізавана нармальная парафія, але людзі не могуць заставацца без пастырскай апекі, менавіта таму Кодэкс прадугледжвае таксама іншыя варыянты арганізацыі жыцця хрысціянскай супольнасці.

Існуе яшчэ адзін спосаб арганізацыі жыцця на парафіяльным узроўні - там, дзе гэтага патрабуюць абставіны, пастырская апека аб парафіі або аб некалькіх парафіях можа быць даручана адразу некалькі святарам, такім чынам аднак, што адзін з іх будзе кіраваць ажыццяўленнем пастырскай апекі ў якасці мадэратара, г.зн. будзе кіраваць іх сумеснай пастрыскай дзейнасцю і адказваць за яе перад біскупам, а таксама можа здарыцца так, як сёння нажаль усё часцей сустракаецца ў еўрапейскіх краінах, калі з-за недахопу святароў дыяцэзіяльны біскуп палічыць неабходным даручыць удзел у ажыццяўленні пастырскай апекі аб парафіі дыякану або іншай асобе, якая не мае святарскага пасвячэння, або адразу некалькі асобам, то ён усё ж такі павінен прызначыць святара, які, надзелены ўладай і паўнамоцтвамі пробашча, будзе кіраваць пастырскай апекай.

Парафія, як правіла, павінна быць тэрытарыяльнай, г.зн. ахопліваць усіх вернікаў, якія пражываюць на дадзенай тэрыторыі; аднак там, дзе гэта будзе карысна, могуць быць заснаваныя і персанальныя парафіі, які акрэсліваюцца на падставе абраду, мовы, нацыянальнасці вернікаў, які пражываюць на пэўнай тэрыторыі, а таксама на іншых падставах.

Цяпер пагаворым аб асобе пробашча – таго, каму пад кіраўніцтвам біскупа даручаецца пастырская апека над парафіяй. 519-ы канон гаворыць, што пробашч з’яўляецца ўласным пастырам даручанай яму парафіі, які ажыццяўляе пастырскую апеку аб даручанай яму супольнасці пад кіраўніцтвам дыяцэзіяльнага Біскупа, які пакліканы да ўдзелу ў паслузе Хрыста, каб выконваць для дабра гэтай супольнасці настаўніцкую, асвячальную і каралеўскую місію ў супрацоўніцтве з іншымі святарамі і дыяканамі і пры ўдзеле свецкіх вернкаў, згодна з прадпісаннямі права. Больш канкрэтна пра правы і абавязкі пробашча мы пагаворым трохі пазней, але самае галоўнае, аб чым трэба памятаць, што менавіта пробашч з’яўляецца ўласным пастырам парафіі. Натуральна, што для таго, каб нехта сапраўдным чынам мог стаць пробашчам, ён павінен мець святарскае пасвячэнне, апрача гэтага, павінен адзначацца здаровай навукай і добрымі маральнымі якасцямі, стараннасцю аб душах і іншымі цнотамі, а звыш гэтага – валодаць тымі якасцямі, якія патрабуюцца як паўсюдным, так і мясцовым правам для кіравання парафіяй.

Як мы ўжо казалі, пробашч ажыццяўляе пастырскую апеку над даручанай яму парафіяй, таму лагічна, што становішча пробашча павінна быць стабільным, таму ён прызначаецца на неакрэслены тэрмін; напэўна, цяжка гаварыць аб нармальнай пастырскай апецы над парафіяй, калі кожны год мяняецца пробашч, але калі гэта будзе дазволена дэкрэтам Канферэнцыі Біскупаў з-за розных абставінаў дыяцэзіяльны біскуп можа яго прызначыць на акрэслены тэрмін.

Паважаныя радыёслухачы! У наступнай нашай перадачы мы працягнем разважанне над фігурай пробашча парафіі, а на сёння я з вамі развітваюся! Пахвалёны Езус Хрыстус! 








All the contents on this site are copyrighted ©.