2015-02-21 13:24:00

Папа заклікаў да навяртання членаў злачынных груповак


Нельга называцца хрысціянамі і парушаць годнасць людзей, планаваць і здзяйсняць жэсты насілля супраць іншых і супраць навакольнага асяроддзя, нагадаў папа Францішак 21 лютага 2015 г. падчас аўдыенцыі для амаль 7 тыс. пілігрымаў з італьянскай дыяцэзіі Касана-ала-Ёніа. Дыяцэзія знаходзіцца на поўдні краіны, у рэгіёне Калабрыя, якія пазначаны высокім узроўнем беднасці і актыўнай дзейнасцю крымінальных груповак. Звяртаючыся да сваіх гасцей, Папа ў першую чаргу падкрэсліў, што асобы, якія любяць Езуса, слухаюць і прымаюць Яго слова, шчыра жывуць адказам на Яго пакліканне, не могу рабіць зла.

Знешніх рэлігійных жэстаў, якія не суправаджаюцца сапраўдным навяртаннем, не дастаткова для таго, каб быць у еднасці з Хрыстом і Касцёлам, падкрэсліў Францішак. “Да тых, хто выбраў шлях зла і далучыўся да злачынных арганізацый, я зноў скіроўваю настойлівы заклік да навяртання. Адкрыйце вашыя сэрцы! Пан вас чакае, а Касцёл вас прыме, калі ваш выбар служыць дабру, стане такім жа ясным і публічным, якім быў ваш выбар служыць злу”, - сказаў Папа.

Францішак нагадаў вернікам дыяцэзіі, што прыгажосць зямлі, на якой яны пражываюць, з’яўляецца сапраўдным Божым дарам і спадчынай, якую неабходна захаваць і перадаць будучым пакаленням. Для гэтага неабходна адважная дзейнасць усіх, пачынаючы ад структур, якія не павінны дапусціць яе незваротнага сапсавання вузкімі коламі.

Папа высока ацаніў дзейнасць “Супольнасці Эмануэль”, якая дапамагла многім маладым людзям выйсці з наркатычнай залежнасці. “Касцёл вам удзячны за гэта служэнне. Пахіляючыся на моладзю і дарослымі, якія былі зняволены  залежнасцямі, вы абнялі пакутуючага Езуса і пасеялі надзею”, - сказаў Папа.

Святы Айцец заклікаў мясцовыя каталіцкія супольнасці спрыяць салідарнасці і не спыняцца перад тымі, хто сее ў рэгіёне эгаізм, насілле і несправядлівасць. “Змагайцеся супраць культуры смерці і будзьце сведкамі Евангелля жыцця!”, - пажадаў ён.

Францішак наведваў дыяцэзію Касана-ала-Ёніа 21 чэрвеня 2014 г. Перад гэтым ён прызначыў яе пастыра, біскупа Нунцыа Галанціна, сакратаром Канферэнцыі Біскупаў Італіі. 








All the contents on this site are copyrighted ©.