2015-02-20 15:11:00

Святы Пасад нагадаў у ААН аб праве на ахову здароўя


Пастаянны прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пры ААН у Жэневе арцыбіскуп Сільвана Тамазі прыняў удзел у Сацыяльным форуме Рады па правах чалавека. У сваім звароце ватыканскі прадстаўнік у першую чаргу нагадаў пра абавязак дзяржаваў гарантаваць кожнаму грамадзяніну доступ да медыкаментаў. Іерарх падкрэсліў, што “навуковыя даследаванні пашырылі магчымасці прафілактыкі і лячэння захворванняў” і дазволілі адкрыць новыя метады лячэння многіх паталогій. Па яго словах, гэта “вельмі каштоўнае дасягненне, якое адпавядае чаканням і надзеям многіх хворых людзей ва ўсім свеце”.

З іншага боку, багаты досвед Каталіцкага Касцёла даваляе казаць пра тое, што дзяржавы і міжнародная супольнасць не выконваюць свае абавязкі адносна забеспячэння даступнымі лекавымі прэпаратамі і дыягнастычным абсталяваннем маргіналізаваныя пласты насельніцтва ў краінах з нізкім узроўнем прыбытку і нават у некаторых краінах з высокім і сярэднім узроўнем прыбытку. Галоўная перашкода гэтага – ужыванне і інтэрпрэтацыя права на інтэлектуальную ўласнасць у фармацэўтычнай прамысловасці.

На думку вытыканскага дыпламата, ў дадзеным выпадку права на інтэлектуальную уласнасць перашкаджае рэалізацыі права на ахову здароўя. Ён нагадаў пра гонку фармацэўтычных кампаній за высокім прыбыткам нават у тых сітуацыях, калі ўрады і спажыўцы з бедных краін не маюць фінансавай магчымасці набыць медыкаменты па высокім кошце. Іншая перашкода тычыцца сістэмы навуковых даследаванняў, не зацікаўленай у інвестыцыях у беспрыбытковыя, “нярынкавыя” метады лячэння, напрыклад, трапічных хвароб, рэдкіх захворванняў, хвароб, пашыраных сярод малазабяспечаных груп насельніцтва. Сумна, што па прычыне пагоні за прыбыткам фармацэўтычная прамысловасць арыентавана на даследаванне толькі тых праблем у сферы аховы здароўя, якія маюць высокі рынкавы патэнцыял у багатых прамыслова развітых краінах.

Арцыбіскуп Тамазі асобна закрануў праблемы аховы здароўя дзяцей. Ён нагадаў, што многія лекавыя прэпараты не распрацаваны ў дозах, патрэбных для педыятрычнага лячэння. Бацькі і медыкі часта змушаны здагадвацца, як падзяліць таблеткі, прызначаныя для дарослых. Гэта можа прывесці да трагедый ці хранічных захворванняў.

Паважаючы права на інтэлектуальную ўласнасць, Святы Пасад заклікае зрабіць усё магчымае, каб гарантаваць права кожнага чалавека на ахову здароўя. 








All the contents on this site are copyrighted ©.