2015-02-19 11:39:00

Францішак: “дар слёз” зробіць нас больш праўдзівымі


Хай “дар слёз” зробіць нашу малітву і шлях навяртання да Бога больш праўдзівымі і свабоднымі ад крывадушнасці. З такім пасланнем звярнуўся да вернікаў папа Францішак 18 лютага 2015 г. вечарам падчас св. Імшы ў рымскай базыліцы св. Сабіны. У Папяльцовую сераду – дзень, калі ў Каталіцкім Касцёле распачынаецца перыяд Вялікага посту – Святы Айцец казаў аб тым, што ў гэты час мы імкнемся да “больш цеснай” сувязі з Езусам, імкнемся наблізіцца да таямніцы Яго пакут і ўваскрасення. 

Папа спаслаўся на словы прарок Ёэля, які заклікаў, каб малітва святароў суправаджалася слёзамі. “Было б добра, калі б кожны з нас, але асабліва мы, святары, пачынаючы пост, папраcілі паслаць нам дар слёз, які зробіць нашу малітву і наш шлях навяртання больш праўдзівым і свабодным ад крывадушнасці. Было б добра задацца пытаннем: “Ці плачу я? Ці плача Папа? Ці плачуць кардыналы? Біскупы? Вернікі? Святары? Ці ёсць у нашых малітвах плач?”, - сказаў Францішак у сваёй гаміліі. 

Па словах Папы, крывадушнасць псуе справы міласэрнасці: міласціну, малітву і пост. “Крывадушнікі не ўмеюць плакаць, яны забыліся, што гэта значыць, і не моляцца за тое, каб Бог паслаў ім слёзы. Калі мы здзяйсняем добрыя справы, у нас амаль інстынктыўна нараджаецца жаданне, каб нас ацанілі і намі захапляліся. Езус вучыць рабіць добрыя справы без хвальбы, спадзеючыся толькі на тое, што іх ацэніць Бог, які “ўсё бачыць”, - сказаў ён.

Пантыфік дадаў, што чалавек – “стварэнне абмежаванае”, грэшнае, якое патрабуе каяння і навяртання да Бога. Навярнуцца да Бога “усім сэрцам”, значыць “ступіць на шлях не павярхоўнага ператварэння, а на духоўны шлях, пракладзены ў сэрцы чалавека, там, дзе засяроджаны яго пачуцці і адносіны, там, дзе ён робіць выбар”. Францішак запрасіў усіх хаця б на хвіліну спыніцца і прымірыцца з Богам, вярнуцца да Яго з новым сэрцам, ачышчаным ад зла. Ён заклікаў усіх пражыць Вялікі пост з “надзеяй і радасцю”, так, каб “яго вонкаваму выкананню адпавядала глыбокае духоўнае абнаўленне”.








All the contents on this site are copyrighted ©.