2015-02-19 14:58:00

Кардынал Каспер: Папа дзейнічае радыкальна


Папа Францішак дзейнічае радыкальна, глядзіць у корань, піша старшыня Папскай Рады спрыяння хрысціянскаму адзінству на пенсіі кардынал Вальтэр Каспер у сваёй кнізе “Папа Францішак. Рэвалюцыя пяшчоты і любові. Тэалагічныя карані і пастырскія перспектывы”. Аб гэтым 18 лютага 2015 г. паведаміла ватыканская газета “Osservatore Romano”. На думку кардынала Каспера, кажучы пра Евангелле, Пантыфік мае на ўвазе, перш за ўсё, не кнігу, а Добрую Навіну, якая радыкальна змяніла свет. У Старым запавеце – гэта вестка пра хуткае вызваленне народа Ізраілева з вавілонскага палону, а ў Новым – пра прыйсце Езуса, Божага Валадарства і новага жыцця.

Для Папы, евангельская радасць ці Добрая Навіна, не заключаецца ў пераадоленні сацыяльнай несправядлівасці, хаця гэта праблема яго вельмі хвалюе. Падыход Святога Айца больш глыбейшы: ён кажа пра адсутнасць радасці, натхнення, уздыму, пра ўнутраную пустэчу і адзіноту чалавека, замкнёнага на самім сабе, пра яго “камфортнае і скупое сэрца”. Папа лічыць адсутнасць радасці і запалу радыкальным грахом і першароднай спакусай чалавека. Маркота, інэртнасць сэрца, цяжар, агіда, сум і смутак – тыя гравітацыйныя сілы, якія цягнуць чалавека ўніз.

У гэтым сваім аналізе папа Францішак не адзіны. Аналагічныя думкі выказвалі многія аўтарытэтныя мысліцелі мінулага стагоддзя. Кіркегор і Гуардзіні казалі пра смутак, Хайдэгер – пра нуду як асноўны стан чалавечай душы, Сартр – пра агіду. Фрыдрых Ніцшэ пісаў пра “апошняга чалавека”, які здавольваецца маленькім банальным шчасцем, але для якога больш не свеціць ніводная зорка. 

Зноў выклікаць радасць жыцця, навучыць чалавека цешыцца свету, веры і Касцёлу можа толькі радасць Евангелля – такі падыход папы Францішка ў рамках больш вялікай традыцыі Касцела, лічыць кардынал Каспер.








All the contents on this site are copyrighted ©.