2015-02-18 16:42:00

Перашкоды катэдры (ІІ)


Сёння мы працягваем гаварыць аб тым, як дзейнічае канкрэтная дыяцэзіі ў выпадку ваканту біскупскай катэдры. На мінулым тыдні мы ўжо казалі аб тым, што ў выпадку, калі няма дапаможнага біскупа, на працягу васьмі дзён ад атрымання паведамлення аб тым, што біскупская катэдра стала вакантнай, калегія кансультантаў, гэта значыць спецыяльным чынам выбраная група святароў, павінна выбраць дыяцэзіяльнага адміністратара, які будзе часова кіраваць дыяцэзіяй.

Дапаможны Біскуп, а калі яго няма калегія кансультантаў, павінны як мага хутчэй паведаміць Апостальскі Пасад аб смерці біскупа, тое самае ў адносінах да свайго выбрання павінен зрабіць новаабраны дыяцэзіяльны адміністратар. Раней здараліся сітуацыі, калі выбіралася некалькі дыяцэзіяльных адміністратараў, сёння ж нормы Кодэкса гавораць выразна, што павінен быць прызначаны толькі адзін дыяцэзіяльны адміністратар, і пры гэтым трэба памятаць, што дыяцэзіяльны адміністратар не можа адначасова быць эканомам; таму, калі дыяцэзіяльны эканом будзе выбраны на пасаду дыяцэзіяльнага адміністратара, то рада па эканамічных справах павінна выбраць іншага часовага эканома.

Ці кожны святар можа быць абраны дыяцэзіяльным адміністратарам? Кодэкс гаворыць, што дыяцэзіяльным адміністратарам можа быць выбраны толькі святар, які дасягнуў трыццаціпяцігадовага ўзросту і які не быў перад гэтым абраны, прызначаны або прадстаўлены на гэту вакантную катэдру, таксама кандыдат павінен адзначацца ведамі і разважлівасцю.

Як адбываюцца выбары дыяцэзіяльнага адміністратара? Усе члены калегіі кансультантаў павінны сабрацца разам у вызначаны дзень і ў вызначаным месцы. Перад тым, як распачнуцца выбары, са складу калегіі трэба прызначыць хаця б дзве асобы для падліку галасоў. Асобы, якія падлічваюць галасы, павінны сабраць галасы і ў прысутнасці старшыні тправерыць, ці адпавядае колькасць картак колькасці выбаршчыкаў, разгледзець адданыя галасы і абвясціць, колькі галасоў атрымаў кожны кандыдат. Калі здарыцца так, што колькасць галасоў перавышае колькасць выбаршчыкаў, выбары лічацца неадбытымі. Усе акты выбараў павінны быць дакладна занесеныя ў пратакол асобай, якая спаўняе функцыі справаводцы, і гэты пратакол павінен быць падпісаны хаця б справаводцам, старшынёй і тымі, хто падлічваў галасы, і надзейна захоўвацца ў архіве калегіі. Выбары лічацца адбыўшыміся тады, калі за адну асобу прагаласавала абсалютная большасць прысутных (больш чым палова выбаршчыкаў); пасля двух безвыніковых галасаванняў трэба выставіць на галасаванне дзве кандыдатуры, якія набралі большасць галасоў, або, калі такіх будзе больш, кандыдатуры двух старэйшых узростам; калі і пасля трэцяга галасавання захоўваецца раўнавага, то выбраным трэба лічыць старэйшага ўзростам. Такім чынам адбываюцца выбары дыяцэзіяльнага адміністратара калегіяй кансультантраў.

Наогул, у кіраванні дыяцэзіяй дыяцэзіяльны адміністратар выконвае абавязкі і карыстаецца ўладай дыяцэзіяльнага біскупа, за выключэннем тых пытанняў, якія з натуры рэчы або з моцы права выключаюцца з яго кампетэнцыі. Сярод абмежаванняў, якія мае дыяцэзіяльны адміністратар, на першым месцы знаходзіцца тое, што пры вакантнай катэдры не трэба ўводзіць нічога новага, а таксама тым, хто маюць часовую апеку над кіраваннем дыяцэзіі, забараняецца рабіць тое, што можа прынесці шкоду дыяцэзіі або біскупскім правам; у прыватнасці, ім забараняецца, таксама як і ўсім астатнім, асабіста або праз іншых выносіць якія-небудзь дакументы з дыяцэзіяльнай курыі, знішчаць іх або ўносіць у іх якія-небудзь змены. Таксама, натуральна, што калі дыяцэзіяльным адміністратарам выбіраецца святар, то ён не можа ажыццяўляць тыя дзеянні, якія ажыццяўляе біскуп – напрыклад, ён не можа ўдзяляць святарскіх пасвячэнняў.

Таксама дыяцэзіяльны адміністратар, як і дыяцэзіяльны біскуп, мае абавязак пражываць у дыяцэзіі і служыць Імшы за народ. Абавязкі дыяцэзіяльнага адміністратара спыняюцца пры ўступленні новага біскупа ў валоданне дыяцэзіяй.

Паважаныя радыёслухачы! У наступнай нашай перадачы мы пачнём гаварыць аб касцёльных правінцыях і рэгіёнах, а на сёння я з вамі развітваюся. Пахвалёны Езус Хрыстус!

Кс. Дзмітрый Пухальскі








All the contents on this site are copyrighted ©.