2015-02-18 16:37:00

Перашкоды катэдры (І)


Сёння ў нашай праграме мы паразважаем над тым, як дзейнічае Касцёл у сітуацыі, калі ў дзеянні біскупскай катэдры ўзнікаюць нейкія перашкоды. Лічыцца, што перад біскупскай катэдрай узнікаюць перашкоды, калі дыяцэзіяльны Біскуп поўнасцю пазбаўлены магчымасці ажыццяўляць пастырскія абавязкі ў дыяцэзіі з-за палону, выгнання, ссылкі або непрацаздольнасці, і пры гэтым нават пісьмова не можа мець зносіны з вернікамі сваёй дыяцэзіі. Як мы бачым, прычыны гэтага могуць быць як знешнія (палон, выгнанне, так і ўнутраныя), так і непрацаздольнасці самога біскупа з-за хваробы, з-за старасці або з-за нейкіх іншых прычын. Кожная такая сітуацыя урухамляе механізмы, якія працуюць такім чынам, каб дыяцэзія, нягледзячы на пэўныя цяжкасці, працягвала нармальна функцыянаваць.

Мы ўжо казалі на мінулым тыдні, што калі існуе ў дыяцэзіі біскуп-каад’ютар, то кіраванне дыяцэзіяй пераходзіць да яго. Калі біскупа-каад’ютара няма або ён сам мае перашкоду, кіраванне пераходзіць да дапаможнага біскупа, Генеральнага або Біскупскага вікарыя, або да іншага святара, паводле спісу, які павінен скласці дыяцэзіяльны біскуп пры першай магчымасці пасля ўступлення ў валоданне дыяцэзіяй; гэты спіс, з якім трэба азнаёміць Мітрапаліта, павінен аднаўляцца па меншай меры адзін раз у тры гады і захоўвацца канцлерам у таямніцы. Калі ж няма і такога спісу, то калегія кансультантаў выбірае святара, які будзе кіраваць дыяцэзіяй.

Той, хто прыняў кіраванне дыяцэзіяй, пры першай магчымасці павінен паведаміць Святы Пасад аб перашкодзе катэдры і аб прыняцці ім абавязкаў. Калі здарыцца так, што дыяцэзіяльнаму біскупу будзе забаронена выконваць яго абавязкі з-за касцёльнага пакарання, Мітрапаліт або, калі яго няма або калі гаворка ідзе аб ім, старэйшы прамоцыяй Суффраган, павінен неадкладна звярнуцца да Святога Пасаду, каб той прыняў адпаведныя меры.

Іншая сітуацыя, якая можа наступіць у жыцці дыяцэзіі, гэта вакант біскупскай катэдры, так званае sede vacante. Ён наступае пасля пасля смерці дыяцэзіяльнага біскупа, пасля яго адстаўкі, прынятай Рымскім Пантыфікам, а таксама пасля пераводу або пазбаўлення пасады дыяцэзіяльнага біскупа.

Разгледзем сітуацыю, калі Апостальскі Пасад пераносіць дыяцэзіяльнага біскупа на новую біскупскую катэдру. У такім выпадку на працягу двух месяцаў пасля атрымання паведамлення аб пераводзе біскуп павінен адбыць у дыяцэзію, куды ён быў пераведзены і ўступіць у кананічнае валоданне ёй; ад дня ўступлення ў валоданне новай дыяцэзіяй, застаўленая ім дыяцэзія з’яўляецца вакантнай. Ад дня атрымання аведамлення аб пераводзе і аж да ўступлення ў кананічнае валоданне новай дыяцэзіяй, пераведзены Біскуп у старой дыяцэзіі атрымлівае ўладу і абавязкі дыяцэзіяльнага адміністратара, пры гэтым спыняецца ўсялякая ўлада Генеральнага і Біскупскага вікарыяў, а таксама поўнасцю атрымлівае ўзнагароджванне, належнае яму з гэтай пасады.

Ва ўсіх іншых сітуацыях, напрыклад, у выпадку смерці дыяцэзіяльнага біскупа, кіраванне дыяцэзіяй да прызначэння дыяцэзіяльнага адміністратара пераходзіць да дапаможнага біскупа або, калі іх некалькі, да старэйшага намінацыяй; калі ж няма дапаможнага біскупа, то кіраванне дыяцэзіяй пераходзіць да калегіі кансультантаў, хіба што Святы Пасад пастановіць інакш. Даволі часта ў такіх сітуацыях Апостальскі Пасад прызначае апостальскага адміністратара для дыяцэзіі, якая становіцца вакантнай, да таго часу, пакуль не будзе прызначаны новы дыяцэзіяльны біскуп. У Беларусі такі прыклад мы мелі ў мінулым годзе ў Віцебскай дыяцэзіі.

Калі ж не быў прызначаны апостальскі адміністратар, то на працягу васьмі дзён ад атрымання паведамлення аб тым, што біскупская катэдра стала вакантнай, калегія кансультантаў павінна выбраць дыяцэзіяльнага адміністратара, які будзе часова кіраваць дыяцэзіяй, а калі на працягу прадпісанага часу дыяцэзіяльны адміністратар, незалежна ад прычыны, не быў выбраны, яго павінен прызначыць Мітрапаліт, а  ў той сітуацыі, калі вакантным з’яўляецца сам Касцёл Мітрапаліта, то дыяцэзіяльнага адміністратара павінен прызначыць старэйшы намінацыяй Суффраган.

Паважаныя радыёслухачы! На наступным тыдні мы працягнем разбірацца, якім чынам функцыянуе дыяцэзія ў сітуацыях, калі біскупская катэдра з’яўляецца вакантнай, а на сёння я з вамі развітваюся.

Кс. Дзмітрый Пухальскі








All the contents on this site are copyrighted ©.