2015-02-18 10:21:00

Папа заклікаў маліцца за загінулых егіпецкіх хрысціян


Папа Францішак звярнуўся з заклікам у сувязі з абвастрэннем сітуацыі на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы. “Хачу яшчэ раз заклікаць да малітвы за нашых егіпецкіх братоў, якія тры дні таму былі забітыя ў Лівіі толькі з прычыны таго, што былі хрысціянамі”, - сказаў Пантыфік 18 лютага 2015 г. на заканчэнне агульнай аўдыенцыі, што прайшла на плошчы св. Пятра. “Няхай Пан прыме іх у сваім доме і дасць суцяшэнне іх сем’ям і супольнасцям. Будзем маліцца аб міры на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы, памятаючы пра ўсіх загінулых, параненых і бежанцаў”, - сказаў ён.

Святы Айцец пажадаў, каб міжнародная супольнасць здолела знайсці мірнае рашэнне складанай сітуацыі, якая склалася ў Лівіі. Яна абвастрылася пасля таго, як на тэрыторыі гэтай краіны тэрарысты “Ісламскай дзяржавы” забілі 21-го егіпецкага хрысціяніна-копта. У адказ ваенна-паветраныя сілы Егіпту нанеслі ракетна-бомбавы удар па пазіцыях баевікоў у Лівіі.








All the contents on this site are copyrighted ©.