2015-02-18 14:58:00

Біскупы


Cёння мы пачынаем нашыя разважанні аб біскупах – аб тых, хто з Божага ўстанаўлення з’яўляюцца наступнікамі Апосталаў праз дадзенага ім Святога Духа. Яны з’яўляюцца пастырамі Касцёла, настаўнікамі дактрыны, святарамі святога культа і тымі, хто выконвае паслугу кіравання. Менавіта праз біскупскае пасвячэнне – найвышэйшую ступень сакрамэнту пасвячэння – і адзінства з Рымскім Біскупам і Калегіяй Біскупаў, кожны біскуп становіцца членам гэтай Калегіі Біскупаў.

Біскупы могуць быць дыяцэзіяльнымі або тытулярнымі. Дыяцэзіяльныя біскупы – гэта тыя, якім даверана апека над пэўнай дыяцэзіяй. У Беларусі існуе чатыры дыяцэзіі, на чале кожнай з іх стаіць дыяцэзіяльны біскуп (праўда, Віцебскай дыяцэзіяй новапрызначаны дыяцэзіяльны біскуп пачне кіраваць пасля свайго біскупскага пасвячэння 18 студзеня). Усе іншыя біскупы, якія не з’яўляюцца дыяцэзіяльнымі, называюцца тытулярнымі. Такім біскупам звычайна надаецца тытул дыяцэзіі, якая цяпер не існуе. Напрыклад, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі мае як тытул дыяцэзію Бланда Юлія, новапрызначаны дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай Архідыяцэзіі мае як тытул дыяцэзію Шыліо, а новапрызначаны дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі – Табаікара.  Аднак цяпер не ўсім біскупам, якія de iure з’яўляюцца тытулярнымі, даецца якая-небудзь тытулярная дыяцэзія. Напрыклад, дыяцэзіяльны біскуп, прашэнне аб адстаўцы якога было прынята Папам, называецца “біскупам на пенсіі”. Ёсць таксама іншыя выключэнні з гэтага правіла, але аб іх будзем гаварыць пазней.

Напэўна, многіх цікавіць пытанне – як адбываецца прызначэнне біскупаў, хто можа стаць біскупам і г.д. Пастараемся зараз адказаць на гэтыя пытанні. Наогул у лацінскім Касцёле біскупаў прызначае непасрэдна Папа. Але натуральна, што Папа не можа ведаць асабіста ўсіх святароў на свеце, і не можа таксама выбіраць біскупа нейкім выпадковым чынам. Таму існуе такі парадак, што кожныя тры гады у нашым выпадку Канферэнцыя Біскупаў пасля супольнай нарады і з захаваннем таямніцы павінна скласці спіс святароў, як дыяцэзіяльных, так і законных, прыдатных да біскупства, і пераслаць гэты спіс Апостальскаму Пасаду, аднак пры гэтым кожны біскуп захоўвае права асобна паведамляць Апостальскаму Пасаду імёны святароў, якіх ён лічыць годнымі і прыдатнымі да біскупскага служэння.

Калі гаворка ідзе аб прызначэнні дыяцэзіяльнага біскупа або біскупа-каад’ютара (гэта значыць дапаможнага біскупа, які ў выпадку, калі біскупская катэдра становіцца вакантнай, становіцца дыяцэзіяльным біскупам) для прадстаўлення Святому Айцу “тройкі” кандыдатаў Папскі Легат павінен паасобку даведацца і разам са сваім меркаваннем паведаміць Апостальскаму Пасаду прапановы, зробленыя Мітрапалітам і Суффраганамі (Суффраганы – гэта дыяцэзіяльныя біскупы дыяцэзій, якія ўваходзяць у Мітраполію. У нашым выпадку суффраганамі з’яўляюцца біскупы Гродзенскай, Віцебскай і Пінскай дыяцэзій), Папскі Легат павінен таксама выслухаць меркаванне старшыні Канферэнцыі Біскупаў; акрамя гэтага Папскі легат павінен выслухаць некаторых прадстаўнікоў духавенства, а таксама свецкіх.

Калі ж гаворка ідзе аб прызначэнні дапаможнага біскупа, то дыяцэзіяльны біскуп, які лічыць, што яго дыцэзіі неабходны дапаможны біскуп, павінен прапанаваць Апостальскаму Пасаду спіс па меншай меры трох святароў, найбольш прыдатных да гэтай пасады.

Хто ж можа стаць біскупам? Кодэкс гаворыць, што гэта павінен быць святар, які адзначаецца моцнай верай, добрымі норавамі, пабожнасцю, клопатам аб душах, мудрасцю, разважлівасцю і чалавечымі цнотамі, мае добрую рэпутацыю, дасягнуў па меншай меры трыццаціпяцігадовага ўзросту, па меншай меры меў пяць гадоў прэзбітэрскага служэння і атрымаў ступень доктара або па меншай меры ліцэнцыята ў Святым Пісанні, тэалогіі або кананічным праве ў адной з вышэйшых навучальных устаноў, зацверджаных Апостальскім Пасадам, або, па меншай меры, быў сапраўдным знаўцам гэтых дысцыплін. Але канчатковае меркаванне аб прыдатнасці кандыдата заўсёды належыць да Апостальскага Пасаду.

Калі няма ніякіх перашкод, то новапрызначаны біскуп павінен на працягу трох месяцаў пасля атрымання апостальскага ліста прыняць біскупскае пасвячэнне, і гэта павінна адбыцца перад уступленнем на пасаду. А перад уступленнем на пасаду новапрызначаны біскуп павінен скласці прысягу вернасці Апостальскаму Пасаду паводле акрэсленай формулы.

У наступнай нашай перадачы мы пачнём гаварыць канкрэтна аб дыяцэзіяльных біскупах, іх правах і абавязках.

Кс. Дзмітрый Пухальскі








All the contents on this site are copyrighted ©.