2015-02-17 14:27:00

Францішак востра асудзіў гандляроў зброі


Папа рашуча асудзіў гандляроў зброі, якія зарабляюць на канфліктах. “Кожны з нас здольны рабіць дабро, але і разбураць тое, што Бог стварыў”, - сказаў Францішак 17 лютага 2015 г. падчас ранішняй св. Імшы ў Ватыкане. Ён адзначыў, што чалавек, які думае, што ён мацнейшы за Бога, можа знішчыць добрыя рэчы, зробленыя Богам. Папа спаслаўся на біблійнае апісанне патопа і заўважыў, што чалавек можа нават знішчыць братэрства, а з гэтага нараджаюцца войны і падзелы. Забівае бліжняга таксама пляткарства. Гэта з’ява, на жаль, існуе і ў каталіцкай супольнасці, напрыклад, у парафіях. Калі з’яўляецца зайздрасць, людзі ня рэдка ідуць да пробашча , каб зрабіць паклёп на іншых. Пантыфік адзначыў, што гэта з’ява добра адлюстроўвае нашу здольнасць знішчаць, і аб гэтым нас запрашае задумацца Касцёл перад Вялікім постам.

Папа заклікаў прыняць пасланне Пана сур’ёзна і не разглядаць як нешта не з гэтага свету. Ён нагадаў прыклад Маці Тэрэзы з Калькуты, які сведчыць аб тым, што кожны з нас можа зрабіць шмат добрага. Але мы таксама маем здольнасць да знішчэння, прычым, як у рэчах вялікіх, так і малых. Гэта можа быць звязана, напрыклад, з сям’ёй, калі дзецям не дазваляюць правільна развівацца да самастойнасці. Таму, тут неабходныя пастаяннае разважанне і малітва.

Святы Айцец падкрэсліў, што ў нас ёсць сіла, якой з’яўляецца Эўхарыстыя, кроў, пралітая Езусам за нас. Таму, Бог суправаджае нас на жыццёвым шляху, каб мы рабілі дабро, будавалі сям’ю, цывілізацыю, культуру і айчыну. “Будзем прасіць у Пана сёння, перад пачаткам Вялікага посту, гэтую ласку, каб мы заўсёды выбіралі правільны шлях, з Яго дапамогай, і не паддаліся ўплыву спакус, якія вядуць нас у зман”, - завяршыў сваю гамілію Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.