2015-02-16 11:17:00

Францішак прыняў шатландскіх прэсвітэрыян


Святы Айцец Францішак сустрэўся 16 лютага 2015 г. з дэлегацыяй Царквы Шатландыі. Ён адзначыў важнасць такіх спатканняў для “пацвярджэння агульнай прыхільнасці да абвяшчэння Евангелля і справы хрысціянскага адзінства”. Папа нагадаў, што “багатыя культурныя і гістарычныя традыцыі Шатландыі былі сфарміраваныя выбітнымі святымі сведкамі Хрыста з розных канфесій”. Магчыма, таму сучасны стан экуменічных адносін у гэтай краіне “ясна паказвае, што мы, як хрысціяне, маем агульнага больш, чым таго, што нас падзяляе”. Пантыфік заклікаў “шукаць больш эфектыўныя шляхі пераадолення старой прадузятасці і знайсці новыя формы разумення і супрацоўніцтва”, бо менавіта ў гэтым – воля Хрыста.

Францішак выказаў шчырую радасць, што Царква Шатландыі і мясцовы Каталіцкі Касцёл “могуць гаварыць у адзін голас па пытаннях, якія глыбока ўплываюць на жыццё ўсіх хрысціян”, бо ў глабалізаваным свеце “агульнае хрысціянскае сведчанне з’яўляецца неабходнай умовай для эфектыўнасці намаганняў па евангелізацыі”.

“Вера і хрысціянскае сведчанне ў цяперашні час сутыкаюцца з такімі сур’ёзнымі праблемамі, што толькі працуючы разам, мы зможам эфектыўна служыць чалавечай сям’і і дапамагчы святлу Хрыста дайсці да кожнага цёмнага кутка нашых сэрцаў і нашага свету”, - сказаў Пантыфік. “Будзем маліцца адзін за аднаго і будзе працягваць ісці па шляху мудрасці, добрай волі, сілы і спакою”, - завяршыў ён.

Царква Шатландыі – нацыянальная Прэсвітэранская Царква, якая ўзнікла ў эпоху Рэфармацыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.