2015-02-16 12:04:00

Святы Айцец да дабрачынцаў: бедныя могуць нам даць шмат


“Усё большая колькасць маргіналізаваных і змешчаных у небяспечныя ўмовы асоб заклікае і запрашае нас да салідарнасці і сведчання матэрыяльнай і духоўнай падтрымкі, так неабходнай ім”, - з такімі словамі папа Францішак звярнуўся да прадстаўнікоў бельгійскага дабрачыннага фонда “Pro Petri Sede”, якія 16 лютага 2015 г. прыбылі на аўдыенцыю ў Ватыкан. Пантыфік адзначыў, што бедныя могуць навучыць сучасны свет шмат чаму: змагаючыся са сваімі цяжкасцямі, яны часта становяцца сведкамі сямейных каштоўнасцяў; яны здольныя дзяліцца з бяднейшымі за іх і адчуваць ад гэтага радасць. Францішак прызнаўся, што быў сведкам такой паставы падчас свайго нядаўняга апостальскага падарожжа ў Азію. “Абыякавасць і эгаізм заўсёды хаваюцца. Увага да бедных узбагачае нас, паставіўшы на шлях пакоры і ісціны”, - падкрэсліў ён. Папа запрасіў кожнага падчас Вялікага посту прасіць Бога аб міласэрным і бедным сэрцы, бо той, хто спазнаў сваю ўласную беднасць, ніколі не пакіне ў бядзе іншага.

Пантыфік падзякаваў дабрачынцам з фонда “Pro Petri Sede” за іх “шчодрыя ахвяраванні” для Наступніка св. Пятра, якія стануць дапамогай для патрабуючых у розных частках свету. Ён запрасіў іх да настойлівай малітвы за мір, каб палітыкі заўсёды прытрымліваліся шляху дыялогу і прымірэння.








All the contents on this site are copyrighted ©.