2015-02-14 15:37:00

Папа да новых кардыналаў: заўсёды даруйце і давярайце іншым


“Кардынальства з усёй упэўненасцю з’яўляецца годнасцю, але не гонарам”, лічыць папа Францішак. Ён назваў “Гімн любові” з трынаццатага радзелу Першага паслання Паўла да Карынцянаў лейтматывам усяго кардынальскага служэння. Пантыфік узначаліў 14 лютага 2014 г. у базыліцы св. Пятра свой другі кансісторый па ўзвядзенні ў кардынальскую годнасць. Звяртаючыся да новых пурпуратаў, прадстаўнікоў 14 розных народаў, Святы Айцец адзначыў, што кардыналы з’яўляюцца важнай кропкай адліку для ўсяго Касцёла, будучы прадстаўнікамі Рымскага Касцёла, які “старшынствуе саюзу любові”. “У Касцёле кожнае старшынства зыходзіць з любові, павінна здзяйсняцца ў любові, і яго мэтай з’яўляецца любоў. Таксама і ў гэтым Касцёл, які знаходзіцца ў Рыме, служыць у якасці прыкладу. Як ён старшынствуе ў любові, так і кожны мясцовы Касцёл пакліканы на сваёй тэрыторыі старшынстваваць у любові”, - сказаў Папа.

Ён пажадаў пурпуратам, каб іх сэрцы былі “вялікадушнымі” і “ласкавымі”, умеючымі любіць бяз межаў, але, у той жа час, вернымі асаблівым сітуацыям, выкарыстоўваючы адмысловыя жэсты. Францішак дадаў, што дабрыня з’яўляецца пастаянным намерам любові заўсёды і да ўсіх, таксама і да тых, хто нас ненавідзіць. Ён настойліва заклікаў пераадольваць чалавечую схільнасць да зайздрасці, ганарлівасці і эгаізму, паважаць іншых і быць адчувальнымі да іх. Папа адзначыў, што сапраўдная любоў вызваляе ад імпульсіўных рэакцый і заклікаў не хаваць у сабе крыўдаў.

“Людзям эгацэнтрычным непазбежна не хапае павагі, і часта яны не ўсведамляюць гэта, таму што “павага” з’яўляецца здольнасцю браць пад увагу іншага, яго годнасць, яго стан, яго патрэбы. Эгацэнтрычныя асобы непазбежна шукаюць уласных інтарэсаў і ім здаецца, што гэта нармальна, амаль абавязкова. Гэты “інтарэс” можа быць завуаліраваны каштоўнымі заслонамі, але заўсёды пад імі схаваны “уласны інтарэс”. У адрозненне ад гэтага, любоў заўсёды выдаляе сябе з цэнтра і змяшчае сябе ў сапраўдным цэнтры, Якім ёсць выключна Хрыстус. Толькі тады ты можаш быць чалавекам, які на самой справе паважае іншых і адчувальна ставіцца да іх карысці”, - сказаў Папа.

Пантыфік падкрэсліў, што асоба, прызначаная ў Касцёле на служэнне кіравання, павінна рашуча адкінуць несправядлівасць і радасна служыць праўдзе. Ён адзначыў, што любоў Хрыста дазваляе кардыналам быць людзьмі, здольнымі дараваць заўсёды, заўсёды давяраць іншым, заўсёды даваць надзею, людзьмі, якія ведаюць, як вытрымаць у любой сітуацыі і адпаведна ставіцца да кожнага брата або сястры, у еднасці з Езусам, Які ў любові зносіў цяжар усіх нашых грахоў.

Святы Айцец заахвоціў кардыналаў быць адкрытымі для Святога Духа. “Мы павінны быць інкардынаванымі і здольнымі вучыцца. Чым больш мы інкардынаваныя ў Касцёл, які знаходзіцца ў Рыме, тым больш павінны станавіцца здольнымі да паслухмянасці Святому Духу, каб любоў магла фарміраваць і даваць сэнс усяму, чым мы ёсць і што мы робім”, - сказаў Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.