2015-02-13 16:24:00

Межы крытыкі Касцёла


Мы працягваем нашыя разважанні аб каталіцкай ідэнтычнасці ў сучасным свеце. У мінулай перадачы мы пачалі разглядаць важнае для многіх сучасных вернікаў пытанне аб дапушчальнасці і межах крытыкі Касцёла. Мы заўважылі, што існуе такая катэгорыя людзей, якія імкнуцца любой цаной апраўдаць усё, нават грэх, у супольнасці вернікаў. Аднак больш пільны аналіз адкрывае смутную праўду аб такім светапоглядзе, які выкарыстоўвае агрэсіўную абарону сваёй канфесіі, не прымаючы Евангельскую праўду аб чалавеку, яго годнасці, але і грэшнасці.  Гэтую праўду пацвярджае нашае жыццё, калі мы ў сабе і ў іншых людзях адкрываем добрае і дрэннае. Гэта таксама праўда аб Касцёле – асяроддзі спаткання Бога і чалавека, дзе сустракаецца святасць і беспамылковасць Пана з грэшнасцю і абмежаванасцю чалавека. Усведамленне гэтай праўды вызваляе нас ад крайнасцяў. Каб, з аднаго боку, не ідэалізаваць сваю рэлігійную супольнасць.  А з другога - не засяроджвацца толькі на грахах паасобных вернікаў, ступаючы на шлях духоўнага самагубства.

У сённяшняй перадачы мы паразважаем над над вельмі актуальнай у сучасным свеце праблемай. Гэта пытанне аб межах крытыкі Касцёла. Калі яна становіцца грахом крытыканцтва, а калі сапраўды здаровая і неабходная?

Каб зразумець ментальнасць зацятых крытыкантаў Касцёла, належыць прыгледзецца, адкуль выцякае іх спосаб мыслення. Першае, на што варта звярнуць увагу, гэта ўяўленне дадзенай асобы аб прадмеце крытыкі. Часта здараецца, што нейкая асоба крытыкуе не рэальны Касцёл, але ўласнае ўяўленне аб ім. Разуменне гэтай праўды ставіць перад каталіцкімі бацькамі і выхаваўцамі важнае пытанне: які вобраз Бога і Касцёла яны фарміруюць у сваіх дзецях і выхаванках? Менавіта першасная крыніца інфармацыі вельмі часта абумоўлівае стаўленне чалавека да жыцця і да веры. Кожнаму даросламу католіку варта часта задаваць сабе пытанне: “наколькі адэкватна я разумею Касцёл?” Ці нейкая крытыка выплывае з рэальнага раскладу рэчаў, ці гэта проста незразуменне той жа рэчаіснасці.

Адной з вельмі распаўсюджаных прычын негатыўнага стаўлення да Касцёла з’яўляецца маральны канфлікт верніка паміж пазіцыямі “хочацца” і “Касцёл забараняе”. Чым больш дадзеная асоба не спраўляецца з выкананнем маральных патрабаванняў  веры, тым больш будзе паддавацца крытыканцтву. Вельмі часта за выступленнямі супраць Бога, Папы ці неўратычным пошукам чужых грахоў, крыецца няздольнасць дадзенай асобы да прыняцця праўды аб сабе, аб сваёй грэшнасці і слабасці. Таму, чым больш сур’ёзна вернік прымае каталіцкую праўду аб грахоўнасці чалавека, тым больш ён будзе разумець слабасць іншых і неабходнасць прыняцця Божай ласкі, без успамогі якой чалавек не здольны збавіцца і нармальна жыць.

Нажаль,  крыніцы крытыканцтва крыюцца не толькі ва ўнутраным свеце чалавека, але маюць вельмі моцныя знешнія фарміруючыя фактары. Гэта перадусім мас-медыі і нашае акружэнне, якія могуць быць магутным інструментам як пазітыўнага, так і негатыўнага ўплыву на чалавека. І таму слабы ў сваёй самасвядомасці каталік можа згубіць веру, калі будзе карміцца толькі з крыніцы антыхрысціянскіх медыяў. Не сакрэт, што за такімі медыямі часта стаяць людзі, якія па прычыне або скажонага ўяўлення аб Касцёле, або ўласных маральных праблем, не могуць прыняць яго як аўтарытэт. Але кожны самасвядомы каталік будзе грунтаваць давер да Касцёла і Папы не на чалавечым аўтарытэце, але на аўтарытэце Бога. Таму здаровая крытыка ў Касцёле – гэта хутчэй сумесны пошук Евангельскай праўды, усведамленне чалавечых хібаў і адкрыванне  дзеяння Бога, які заснаваў Касцёл і вядзе яго да паўнаты Збаўлення.

Кс. Андрэй Рылка








All the contents on this site are copyrighted ©.