2015-02-13 16:28:00

Літургія - месца адкрыцця хрысціянскай тоеснасці


Працягваючы нашыя разважанні аб ідэнтычнасці сучаснага католіка, хочацца звярнуць увагу на літургію, як месца адкрывання хрысціянскай тоеснасці. Менавіта падчас літургічнай цэлебрацыі адкрываецца ўсё багацце прапановы Бога і ўся праўда пра адказ чалавека на гэтую прапанову. Паводзіны ў святыні паказваюць, наколькі нашая вера каталіцкая і евангельская.

Літургічная цэлебрацыя адкрывае нам тры найважныя элементы: дзеянне Бога, дзеянне чалавека і літургічныя знакі. У залежнасці ад адносін паміж Богам і чалавекам, паміж чалавекам і літургічным знакам, змяняецца спосаб перажывання веры, адкрыцця верніка на сакарамэнтальнае багацце Касцёла.

На самым пачатку хочацца звярнуць увагу, што існуе такая катэгорыя вернікаў, якія літургію перажываюць толькі як адносіны паміж чалавекам і рытуалам. Заўсёды існуе спакуса засяродзіцца на выкананні нейкага дзеяння, забыўшы пра яго інструменальны характар. У практыцы гэта значыць, напрыклад, што сэнс малітвы не столькі ў складзеных руках, сколькі ў кантакце чалавека з Богам, што, аднак, выражаецца ў адпаведнай паставе цела.

Вялікай праблемай для правільнага перажывання літургіі можа быць засяроджанне ўвагі толькі на адносінах паміж вернікам і святаром. Гэта значыць, што ўвага ўдзельніка набажэнства прамінае Бога, ігнаруе абрады і знакі. Цэнтрам літургіі становіцца святар і яго камунікаты як чалавека. Здаецца, не трэба тлумачыць, што цэнтрам каталіцкай веры і перажывання літургіі павінен быць Бог, а святар і літургія становяцца толькі дапаможнымі інструментамі спаткання чалавека са сваім Створцам і Збавіцелем. Гэтыя інструменты важныя, але не найважнейшыя ў спатканні чалавека з Богам. Тое, што чалавечае, павінна не замінаць, але дапамагаць у адносінах з Панам.

Але існуе таксама і адваротная сітуацыя, калі вернік імкнецца шукаць у Касцёле Бога, ігнаруючы падчас набажэнства літургію і святара. Такі католік будзе даказваць, што для яго найважнейшы Бог, а ўсё іншае ў Касцёле не важнае, а нават, па сутнасці, замінаючае. У практыцы гэта часта выражаецца ў крытыканцкім, а нават пагардлівым стаўленні да літургіі, да святарскага служэння, да кожнага праяўлення сумеснай малітвы ці спаткання вернікаў. У многіх выпадках такі падыход да веры заканчваецца тым, што дадзеная асоба перастае хадзіць у касцёл, практычна адсутнічае ў парафіяльным жыцці. На кожнае пытанне яна будзе спяшацца адказаць: “я веру ў душы”. Паводзіны ж такога “веруючага” будуць сведчыць аб адваротным – адсутнасці веры, якая па меры самаізаляцыі асобы, занікае, застаючыся толькі пустым словам самапацяшэння: “ я веру”, за якім нічога не стаіць.

Здаецца, не трэба быць прафесіяналам у тэалогіі, а дастаткова проста ўважліва прыгледзецца да практыкі каталіцкай штодзённасці, каб заўважыць, які спосаб жыцця паводле веры прыносіць найбольшыя плады. Тая ж практыка пацвярджае вучэнне Касцёла аб неабходнасці і важнасці сакраментальнага жыцця хрысціяніна, якое выражаецца ў кожнай літургічнай цэлебрацыі, на кожным набажэнстве ў касцёле. Менавіта адпаведнае перажыванне кожнага набажэнства спрыяе здароваму фарміраванню каталіцкай ідэнтычнасці. Бо літургія вучыць нас перажываць веру не толькі душой, але і целам, не толькі індывідуальна, але і супольна, не толькі ў межах уласных магчымасцей, але ў межах таго, што можа даць Касцёл праз святарскае служэнне. Адкрыццё гэтай праўды ператварае кожнае набажэнства ў жаданы і непаўторны момант спаткання з Жывым Богам.








All the contents on this site are copyrighted ©.