2015-02-13 16:00:00

Важнасць дыялогу з некаталіцкім светам


Працягваючы серыю праграм аб ідэнтычнасці сучаснага хрысціяніна-католіка, хочацца нагадаць, што мінулую перадачу мы закончылі разважаннем аб небяспечнасці аднабаковага падыходу да веры, прыкладам чаго можа быць крайне ліберальнае разуменне каталіцкай веры і маралі. Аднак, не менш адыёзна выглядае, хоць і не так папулярная ў сучасным свеце, пазіцыя адмаўлення магчымасці канструктыўнага дыялогу паміж каталіцкім і некаталіцкім светапоглядамі. Матывуючы свае радыкальныя погляды барацьбой за хрысціянскую ідэнтычнасць, такія асобы фактычна замыкаюцца на дыялог з сучаснасцю, асуджаючы сябе на маргінальнасць і стагнацыю, што не спрыяе рэалізацыі Хрыстовай запаведзі абвяшчэння Евангелля.      

Негатыўныя прыклады размывання хрысціянскай  ідэнтычнасці ў ліберальным падыходзе да веры, а адначасова нязгода на закамянеласць радыкальнага кансерватызму, ставіць самасвядомасць сучаснага католіка перад чарговым выклікам. Гэта небяспечнае меркаванне, што шчыры дыялог з некаталіцкім светам немагчымы. Ім здаецца, што хрысціянства і сучасны свет жывуць у несумяшчальных сістэмах каардынат. Вернікі з такімі перакананнямі перастаюць весці дыялог з асобамі іншых светапоглядаў, кіруючыся прынцыпам: няхай кожны застанецца пры сваім меркаванні. Гэты ўгодніцкі спосаб паводзін фактычна з’яўляецца самапазбаўленнем католіка магчымасцю дзяліцца скарбам веры. Людзям з падобнымі праблемамі варта ўсвядоміць, што словы, на якія закрыты іх бліжні - гэта не адзіны спосаб камунікацыі. Калі нехта замкнуты на моўны дыялог, то варта ўзгадаць, што першы і найлепшы сродак евангелізацыі – гэта сведчанне аўтэнтычнага хрысціянскага жыцця. Такі спосаб евангелізацыі мабілізуе самога верніка і прыносіць багаты плён у свеце, дзе слова ўсё больш губляе сваю вартасць.

З другога боку, пошук шляхоў аўтэнтычнага ўзамаразумення паказвае, колькі трэба добрай волі, каб пазнаць свет іншай асобы, яе светапогляд, каштоўнасці. Здаецца, кожны разумее, што дыялог магчымы толькі на фундаменце ўзаемнай павагі. Аднак страх перад пасткай рэлятывізму, адкідвання праўды ў імя часовага прымірэння, або слабая каталіцкая самасвядомасць, штурхае вернікаў або ў крайнасць, або ў пастаянныя ўцёкі ад заняцця пазіцыі, згоднай з вучэннем Касцёла. Адныя, канцэнтруючыся на чалавеку, міжасабовай талерантнасці, гатовыя адсунуць Бога на другі план, ламаючы ўсё святое дзеля перамір’я з грахом. Іншыя ж вернікі, уцякаючы ад канфармізму,  стаяць пад пагрозай другой крайнасці: адкінуць чалавека, нібы ў імя Бога. Націск разнастайных светапоглядаў ставіць сучаснага католіка перад неабходнасцю сур’ёзнага выбару, пошуку ясных і аўтарытэтных арыенціраў у фарміраванні сапраўднай хрысціянскай ідэнтычнасці.

Сучасная культура, у многім прагматычна скіраваная на заспакаенне найбольш прымітыўных пратрэб чалавека, фарміруе адпаведнае сабе грамадства. Многія даследчыкі канстатуюць рост спажывецкага падыходу не толькі ў матэрыяльным, але нават у духоўным жыцці. Чым слабейшая ідэнтычнасць верніка, тым ён больш падатлівы на безкрытычнае прыняцце разнастайных уплываў. Паўсюдная падмена якасці на колькасць становіцца вялікай спакусай, каб памнажаць колькаснае і бачнае. І адначасова, ва ўнісон цывілізацыі пасіўных спажыўцоў, нарастае жаданне адсунуць на другі план тое, што змястоўнае і духоўнае. Часам гэта выражаецца ў імкненні ператварэння малітоўных спатканняў у адмысловыя шоў, дбанні аб знешнім коштам занядбання ўнутранага. Аднак колькасць ніколі не пераходзіць у якасць. Таму важна, каб асобы, якія разумеюць праблему, не ўпалі ў другую крайнасць. Можна спакусіцца нібы ў імя глыбока-духоўнага, занядбаць знешні выраз веры, што становіцца такім жа, як і папярэдняе, ігнараваннем, толькі цяпер ужо цялеснага, не менш важнага аспекта чалавечай кандыцыі. Вучэнне Касцёла прапаноўвае шлях, на якім адпаведна прапацыянальна належыць цаніць як духоўны, так і цялесны аспект чалавечага жыцця.








All the contents on this site are copyrighted ©.