2015-02-13 15:12:00

Аб медытацыі слова абароны


Некаторыя з вас ужо ведаюць, што нашая перадача прысвечана духоўнаму жыццю. На працягу наступных некалькіх перадач прапаную разам даведацца больш пра малітву і медытацыю. Што ж такое хаваецца за гэтым таямнічым словам - «медытацыя»? У хрысціянскім Рунэце (рускамоўным інтернеце) слова «медытацыя» ледзь не з'яўляецца адпаведнікам непрыстойнага слова. Калі гэта «медытацыя», то яна чамусьці абавязкова павінна быць «трансцэндэнтальнай», ёгічнай, дзэн-будысцкай, «беспрадметнай» - адным словам - строга супрацьпаказанай хрысціяніну.

У Вікіпэдыі (у гэтай вядомай інтэрнэт-энцыклапедыі) пра медытацыю ёсць вялікі артыкул без адзінага намёку на тое, што гэта неяк звязана з хрысціянствам. Гэта цікавы і адначасова знакавы факт. Чамусьці ніхто ня хоча задумацца і задаць сабе пытанне: чаму ж тады слова «meditatio» прыйшло з лацінскай мовы?! Малітва або медытацыя? Ці гэтыя паняцці супрацьлеглыя? Ці ёсць нешта агульнае паміж імі і на якія адметныя рысы трэба звярнуць увагу?

На самой справе слова «медытацыя» прыйшло да нас з двух, так званых, класічных моваў - грэцкай і лацінскай. Эксперты малітвы тых часоў - у асноўным манахі, Айцы Пустыні - ўжывалі гэтае слова без усякіх сумніваў. Чаму? Няўжо яны былі ў «прелести», што значыць кардынальна памыляліся?

Існуе мноства акрэсленняў малітвы: размова з Богам, узнясенне сэрца да Бога, прадстаянне перад Богам... Мне, аднак, вельмі падабаецца акрэсленне Феафана Затворніка, які піша, што малітва - гэта ўсё тое, што мы аддаём Богу. Гэта ёмістае акрэсленне. З яго вынікае, што ўсё можа стаць «палівам» для малітвы. Наша паўсядзённая праца, нашы перажыванні, разважанні, чытанне Бібліі і г. д. Калі гэта ўсе мы зможам «аддаць» Богу, то ўсё гэта і ператвараецца ў малітву.

У святле такога акрэслення станавіцца ясным, чым з'яўляецца хрысціянская медытацыя. Медытацыя - гэта гатунак малітвы, «палівам» для якога служаць перш за ўсё інтэлектуальныя разважанні, а таксама іншыя ўнутраныя перажыванні (выкліканыя гэтымі разважаннямі). Прадметам жа інтэлектуальных разважанняў пад час медытацыі з'яўляецца сам Бог ці іншыя пабожныя прадметы.

Перажоўваць словы

Вось просты спосаб медытацыі. Ім карысталіся егіпецкія пустэльнікі. Гэтым спосабам лёгка зможаце скарыстацца і вы. Айцы пустыні называлі такую малітву «схаванай або ўнутранай медытацыяй» (krypte melete — грэц.). Сэнс яе ў тым, каб нястомна паўтараць выбраныя словы - рэцытаваць іх напамяць, часцей за ўсё шэптам ці толькі ў думках. Былі гэта словы са Святога Пісання або выслоўі Айцоў.

Жадаеце паспрабаваць? Тады распачнем. Вазьміце Біблію або Новы Запавет. Калі вы ніколі не чыталі Святое Пісанне, то адкрыйце лепш адно з Евангелляў або Псалтыр, і пачынайце чытаць. Намагайцеся прасякнуцца напісаным. Неўзабаве якое-небудзь слова «зачэпіць» вас, адгукнецца ў вашым сэрцы. Вось тут, у гэты момант, і трэба спыніцца і пачаць паўтараць гэты верш, «перажоўваць» яго зноў і зноў. Вы зразумееце, што Госпад адказвае на ваш унутраны стан менавіта гэтымі словамі Святога Пісання, у вас з'явіцца пачуццё ўдзячнасці Яму і ў гэты момант пачнецца малітва.

Падсумоўваючы можам сказаць, што хрысціянская медытацыя — гэта пэўная форма малітвы да Бога. На гэтым я развітваюся. Вы слухалі перадачу «З сэрцам у кантакце». Лістуйце на мэйл: zsercam@gmail.com. Да хуткай сустрэчы.

Айцец Андрэй Буйніч

 








All the contents on this site are copyrighted ©.