2015-02-12 18:16:00

Уключэнне ў супольнасць Касцёла


Сёння мы пагаворым аб тым, якім чынам чалавек уключаецца ў супольнасць Каталіцкага Касцёла пэўнага абраду. Тут магчымы дзве сітуацыі: першая, чалавек неахрышчаны, які жадае стаць католікам, і другая - чалавек ахрышчаны, які жадае змяніць свой абрад. Адразу хачу заўважыць, што зараз мы не будзем гаварыць аб змене канфесіі (напрыклад, калі праваслаўны ці пратэстант жадаюць стаць католікамі, бо гэта пытанне даволі складанае і патрабуе шмат часу), а пагаворым толькі аб змене абраду.

Найперш пагаворым аб сітуацыі неахрышчанага чалавека. Тут ёсць дзве магчымасці – неахрышчаным можа быць дзіця або чалавек дарослы.

Самая простая сітуацыя, калі ў дзіцяці абодва бацькі з’яўляюцца католікамі дацінскага абраду. Тады такое дзіця пасля прыняцця хросту належыць да лацінскага Касцёла. І тут трэба заўважыць, што не мае значэння, дзе дзіця было ахрышчана, і хто яго хрысціў. Чаму я пра гэта кажу? Большасць з нас памятае тыя часы, калі хрост чалавека з’яўляўся паважнай праблемай. Далёка не ўсюды і заўсёды была магчымасць пайсці ў касцёл і там ахрысціць сваё дзіця. І здараліся розныя сітуацыі – калі была магчымасць католікам звярнуцца, напрыклад, да праваслаўнага святара і дзіця было ахрышчана ў праваслаўнай царкве, і дзякуй Богу, што было ахрышчана. Але той факт, што дзіця католікаў было ахрышчана праваслаўным святаром у праваслаўнай царкве не робіць гэтае дзіця праваслаўным. У бацькоў-католікаў лацінскага абраду дзіця, незалежна ад таго, хто і дзе яго ахрысціў, застаецца католікам лацінскага абраду.

Наступная сітуацыя, калі толькі адно з бацькоў належыць да лацінскага Касцёла. Напрыклад, тата з’яўляецца католікам лацінскага абраду, а маці – католікам усходняга абраду. У такой сітуацыі важным аспектам з’яўляецца паразуменне бакоў. Але тут я яшчэ раз хачу звярнуць увагу на тое, што гаворка ідзе менавіта аб тым, што бацька і маці належаць да каталіцкага Касцёла розных абрадаў. Гаворка не ідзе пра змешаныя сужэнствы паміж, напрыклад, праваслаўным і католікам, бо пры заключэнні такога сужэнства ў каталіцкім Касцёле каталіцкі бок абяцае зрабіць усё магчымае, каб дзеці былі ахрышаныя і выхаваныя ў каталіцкай веры, а некаталіцкі бок аб гэтай заяве паінфармаваны. Дык вось, у такой сітуацыі, калі толькі адзін з бацькоў належыць да лацінскага Касцёла, то пры іх паразуменні, дзіця таксама становіцца членам Касцёла лацінскага абраду. Калі ж такога паразумення няма, то дзіця становіцца членам Касцёла таго, абраду, да якога належыць яго бацька.

Наступная сітуацыя, калі неахрышчанаму чалавеку больш, чым чатырнаццаць гадоў. У такой сітуацыі ён абсалютна свабодна можа выбраць хрост або ў Касцёле лацінскага абраду, або ў адным з Касцёлаў усходняга абраду.

З сітуацыяй неахрышчанага чалавека, які жадае стаць католікам, мы больш-менш разабраліся. Цяпер пагаворым аб сітуацыі ахрышчанага чалавека, які хоча змяніць свой абрад.

Першы параграф 112-га канону акрэслівае тры сітуацыі, калі пасля прыняцця хросту ў адным з Касцёлаў sui iuris, гэта значыць, у адным з Касцёлаў “уласнага права” – ці лацінскім, ці ва ўсходнім, чалавек можа перайсці ў іншы Касцёл “уласнага права”. Першая сітуацыя – згода Апостальскага Пасаду. Гэта патрабаванне паказвае, наколькі важным для чалавека з’яўляецца абрад, у якім ён нарадзіўся і выхоўваўся. Дэкрэт Другога Ватыканскага Сабора аб усходніх Касцёлах Orientalium Ecclesiarum гаворыць, што ўсе католікі павінны ўсюды трымацца свайго абраду, шанаваць яго і паводле магчымасцяў захоўваць. Другая сітуацыя – гэта сужонак, які пры заключэнні сужэнства або ў часе яго трывання асведчыць, што жадае перайсці ў Касцёл іншага абраду “уласнага права” свайго сужонка; але пасля таго, як сужэнства перастане існаваць, напрыклад, пасля смерці сужонкі, ён можа свабодна вярнуцца ў лацінскі Касцёл. І трэцяя сітуацыя - дзеці тых, хто атрымалі дазвол Апостальскага Пасаду або пры заключэнні сужэнства перайшлі ў іншы Касцёл “уласнага права”, не дасягнуўшыя чатырнаццацігадовага ўзросту, а таксама народжаныя ў змешаным сужэнстве дзеці каталіцкага боку, які згодна з прадпісаннямі права перайшоў да Касцёла іншага абраду “уласнага права”, але пасля дасягнення ўказанага ўзросту такія дзеці могуць вярнуцца ў лацінскі Касцёл.

Другі параграф гэтага канону гаворць аб тым, што звычка, нават доўгатрывалая, прымаць сакрамэнты паводле абраду якога-небудзь Касцёла “уласнага права”, не азначае, што асоба аўтаматычна ўключаецца ў гэты Касцёл. І прадпісанне гэтага канона мае важнае значэнне для нашай беларускай сітуацыі. Справа ў тым, што ў нас з-за розных абставінаў ёсць пэўная колькасць людзей, якія, пасля выканання адпаведных юрыдычных прадпісанняў, перайшлі з праваслаўнага ў каталіцкі Касцёл, і часцей за ўсё, гэтыя людзі удзельнічаюць у жыцці парафій Касцёла лацінскага абраду. Але варта ведаць, што пасля такога пераходу з праваслаўя ў каталіцызм, яны становяцца католікамі ўсходняга абраду і змяніць свой абрад на лацінскі яны могуць толькі ў выпадках, аб якіх мы гаварылі раней – або праз згоду Апостальскага Пасаду, або пры заключэнні сакрамэнту сужэнства.

На наступным тыдні мы пачнем гаварыць аб касцёльнай уладзе кіравання, а на сёння я з вамі развітваюся.

Кс. Дзмітрый Пухальскі








All the contents on this site are copyrighted ©.