2015-02-12 13:51:00

Святы Пасад у ААН: неабходны фінансы, тэхналогіі і інcтытуты


9 лютага 2015 г. прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пры ААН арцыбіскуп Бернардзіта Ауса прыняў удзел у пасяджэнні, якое праходзіла ў Нью-Ёрку ў рамках 69-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. У звароце, прысвечаным пытанням рэалізацыі Парадку дня ў вобласці развіцця на перыяд пасля 2015 г., ватыканскі дыпламат звярнуў увагу ўдзельнікаў на тры асноўных аспекты: фінансавыя рэсурсы, навукова-тэхнічнае развіццё і ўмацаванне патэнцыялу.

Па-першае, для выканання Парадку дня патрабуюцца велізарныя фінансавыя рэсурсы. Па некаторых ацэнках, толькі ў інфраструктуру неабходна інвеставаць каля 5-7 трыльёнаў долараў ЗША. Па дадзеных Сусветнага банка, штогадовыя інвестыцыі ў інфраструктуру Афрыкі павінны будуць складаць 95 мільярдаў долараў ЗША. На думку арцыбіскупа Аусы, асаблівай увагі патрабуюць фінансавыя патрэбы найменш развітых краін, якія пакутуюць ад дэфіцыту рэсурсаў і не маюць доступу да крыніц фінансавання.

Па-другое, ключавую ролю ва ўмацаванні навукова-тэхнічнага патэнцыялу краін у стадыі развіцця адыгрывае ўкараненне новых тэхналогій. Для гэтага неабходна, каб развітыя дзяржавы забяспечылі тэхналогіямі найменш развітыя краіны. З іншага боку, краіны ў стадыі развіцця павінны зрабіць тэхналагічны прагрэс прыярытэтам сваіх праграм, бюджэтаў і супрацоўніцтва з прыватным сектарам.

Па-трэцяе, моцныя інстытуты могуць здабыць максімальную карысць з абмежаваных рэсурсаў і пазбегнуць іх марнавання.

Прадстаўнік Святога Пасаду пры ААН мяркуе, што ва ўсіх трох аспектах – мабілізавання фінансавых рэсурсаў, тэхналогій і ўмацавання патэнцыялу – ужо назапашаны багаты перадавы досвед. Яго неабходна вывучаць і перадаваць тым краінам, якія яшчэ ідуць па шляху развіцця. 








All the contents on this site are copyrighted ©.