2015-02-12 14:14:00

Папскі прадстаўнік: візіту Пантыфіка ў Босніі чакалі даўно


Заява папы Францішка аб планах паехаць 6 чэрвеня 2015 г. у Сараева была вельмі добра прыняты ў Босніі і Герцагавіне, запэўніў у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё арцыбіскуп Луіджы Пецута, Апостальскі нунцый у гэтай краіне. Ён прызнаўся, што гэтага візіту тут чакалі даўно, і ўсе ўпэўненыя, “што ён прынясе шмат добрага, і не толькі католікам”. Вядома, што Сараева знаходзіцца на ростанях, і не толькі ў культурным, але і рэлігійным плане. Тут сустракаюцца розныя хрысціянскія канфесіі і розныя рэлігіі. Папскі дыпламат прызнаўся, што нядаўна высокі прадстаўнік мясцовых мусульманаў сказаў яму, каб ён запрасіў Папу. “Гэта будзе карысна для ўсіх жыхароў Босніі і Герцагавіны, нават калі візіт будзе абмежаваны толькі да Сараева па прычыне недахопу часу”, - лічыць нунцый. Ён падкрэсліў, што “на ўсіх узроўнях ён доўгачаканы”.

Арцыбіскуп Пецута нагадаў словы Святога Айца, што яго візіт у Сараева мае важнае значэнне для міру ў краіне і рэгіёне. “Мірны працэс, як і ў любой краіне, працягваецца, але ніколі не сканчваецца. Існуе таксама праблема міжрэлігійнага дыялогу, а таксама дыялогу экуменічнага. Таму зразумела, што гэта падарожжа мае велізарнае значэнне, я б сказаў – першараднае значэнне”, - сказаў папскі прадстаўнік.

Гаворачы аб складаных пытаннях і праблемах, якія стаяць сёння перад Босніяй і Герцагавінай, іерарх згадаў, сярод іншых, шматлікія ахвяры завершанай менш за 20 гадоў таму вайны. Прычым, гаворка ідзе пра розныя ўзроўні: фізічны і псіхалагічны, праблему галечы. “Гэты візіт з’яўляецца часткай стылю Францішка, які выходзіць насустрач патрэбам”, - сказаў дыпламат. Спасылаючыся на просьбу Папы маліцца за гэту паездку, арцыбіскуп адзначыў, што гэта сапраўды неабходна. 

Сараева ўжо прымала Святога Айца. 12-13 красавіка 1997 г. горад наведаў св. Ян Павел II і ўзначаліў тут св. Імшу ва ўмовах сапраўднай мяцеліцы. Той жа Пантыфік быў у Босніі і Герцагавіне праз шэсць гадоў – 22 чэрвеня 2003 г. Ён прыбыў з аднадзённым візітам у Баня-Луку.








All the contents on this site are copyrighted ©.