2015-02-12 18:29:00

Кардыналы (II)


Сёння ў нашай праграме мы працягваем гаворку аб кардыналах Святога Рымскага Касцёла. На мінулым тыдні мы паразважалі аб розных ступенях кардынальскай годнасці, аб тым, хто можа стаць кардыналам, і сёння працягваем нашу размову. Мы ўжо казалі, што сярод кардыналаў існуе кардынал – дзекан, які з’яўляецца старшынёй Калегіі Кардыналаў. Існуе таксама продзекан, які ў выпадку перашкоды замяшчае дзекана. Дзекан і продзекан не маюць ніякай ўлады кіравання ў адносінах да іншых кардыналаў, але з’яўляюцца толькі першымі сярод роўных. Выбар дзекана і продзекана Калегіі Кардыналаў ажыццяўляюць кардыналы-біскупы, але ў выбарах не ўдзельнічаюць кардыналы-біскупы, якія з’яўляюцца патрыярхамі Усходніх Касцёлаў. Здзейснены выбар заўсёды павінен зацвердзіць Святы Айцец. Менавіта дзекан Калегіі Кардыналаў удзяляе біскупскае пасвячэнне новаабранаму Пантыфіку, калі той яшчэ не з’яўляецца біскупам. Калі па нейкіх прычынах дзекан не можа гэтага зрабіць, гэта права пераходзіць на продзекана, а калі і ён мае перашкоду, то на найстарэйшага кардынала-біскупа. Таксама ў выпадку смерці Папы кардынал-дзекан інфармуе аб гэтым іншых кардыналаў і дыпламатычны корпус пры Апостальскім Пасадзе.

Таксама мінулым тыдні мы гаварылі аб тым, што адным з заданняў карданалаў з’яўляецца дапамога Рымскаму Біскупу ў кіраванні паўсюдным Касцёлам. Такую калегіяльную дапамогу яны ажыццяўляюць падчас кансісторыя – спаткання кардыналаў з Біскупам Рыма. 353-ці канон Кодэксу гаворыць аб двух відах кансісторыя – звычайны, на які збіраюцца па меншай меры кардыналы, якія знаходзяцца ў Рыме, і надзвычайны, на які збіраюцца ўсе кардыналы, і ў часе трывання такога кансісторыя прымаюцца асабліва важныя рашэнні адносна жыцця Касцёла.

Але кардыналы дапамагаюць Рымскаму Пантыфіку ў кіраванні Касцёлам не толькі калегіяльна падчас кансісторыя, а таксама індывідуальна праз розныя служэнні. Таму 356-ы канон Кодэкса ўстанаўлівае норму, згодна з якой кардыналы, якія займаюць якую-небудзь пасаду ў Рымскай Курыі, і не з’яўляюцца дыяцэзіяльнымі біскупамі, павінны жыць у Рыме, а кардыналы, якія кіруюць якой-небудзь дыяцэзіяй у якасці дыяцэзіяльнага біскупа, павінны прыбыць у Рым заўсёды, калі іх пакліча Біскуп Рыма.

         Кардыналам, якія ўзначальваюць дэкастэрыі і іншыя пастаянныя ўстановы Рымскай Курыі і Ватыкану, якім спаўняецца семдзесят пяць гадоў, прапаноўваецца падаць прашэнне аб адстаўцы Рымскаму Пантыфіку, які, разгледзеўшы ўсе абставіны, прымае сваё рашэнне.

Кардыналы, якія жывуць па-за Рымам і па-за сваёй дыяцэзіяй, у тым, што датычыць іх асобы, выключаюцца з улады кіравання біскупа той дыяцэзіі, у якой яны жывуць. Таксама кардыналы маюць шматлікія іншыя прывілеі, сярод якіх напрыклад тая, што яны могуць быць асуджаныя толькі Рымскім Біскупам ва ўсіх відах спраў.

Калі Апостальскі Пасад аказваецца вакантным, Калегія Кардыналаў карыстаецца ў Касцёле толькі той уладай, якую ёй надзяляе апостальская канстытуцыя Universi Dominici gregis. У гэты час Калегія Кардыналаў ажыццяўляе пэўную ўладу толькі з мэтай хуткага вырашэння звычайных спраў або спраў, якія не могуць быць адкладзены. Падчас ваканту Апостальскага Пасаду адбываюцца агульныя і партыкулярныя кангрэгацыі кардыналаў. На агульных кангрэгацыях павінны ўдзельнічаць усе кардыналы, а ў склад партыкулярнай кангрэгацыі ўваходзяць кардынал-камерлінг Святога Рымскага Касцёла і па аднаму з кардыналаў кожнай ступені, выбраных сярод прыбыўшых у Рым кардыналаў, кампетэнцыі гэтай тройкі кардыналаў заканчваюцца праз тры дні, пасля чаго выбіраюцца іншыя. Менавіта партыкулярная кангрэгацыя вырашае бягучыя справы Касцёла.

Таксама калі Апостальскі Пасад аказваецца вакантным, усе старшыні кангрэгацый і іншых устаноў Рымскай Курыі, перастаюць выконваць свае абавязкі за выключэннем Кардынала Камерлінга, Пенітэнцыярыя, генеральнага вікарыя для Рымскай дыяцэзіі, кардынала-архідыякана Ватыканскай Базілікі і генеральнага вікарыя дзяржавы Ватыкан. Наогул, усё што павінна адбывацца падчас ваканту Апостальскага Пасаду, таксама правы і абавязкі кардыналаў у гэты асаблівы для Касцёла час, вельмі дакладна прапісаны ў апостальскай канстытуцыі Universi Dominici gregis.

Паважаныя радыёслухачы! У наступнай нашай перадачы мы пагаворым аб спецыяльных прадстаўніках Святога Айца ў мясцовых Касцёлах і дзяржавах – аб Папскіх легатах, а на сёння я з вамі развітваюся. Пахвалёны Езус Хрыстус!

Кс. Дзмітрый Пухальскі








All the contents on this site are copyrighted ©.