2015-02-12 10:55:00

Бэнэдыкт XVI пакідае сваю рэзідэнцыю толькі па просьбе Францішка


Бэнэдыкт XVI вядзе манаскае жыццё і пакідае сваю рэзідэнцыю толькі па просьбе Францішка, не прымаючы іншых запрашэнняў, распавёў асабісты сакратар Папы на пенсіі арцыбіскуп Георг Генсвайн у інтэрв’ю італьянскай “Corriere della sera”. 11 лютага 2015 г. мінула два гады пасля гістарычнага рашэння Пантыфіка пакінуць Пасад св. Пятра. Бэнэдыкт XVI і сёння перакананы ў правільнасці і неабходнасці свайго рашэння, за якім стаіць яснае ўсведамленне недахопу фізічных сіл і клопат пра Касцёл, падкрэсліў арцыбіскуп Генсвайн. Іерарх прызнаўся, што стан здароўя Пантыфіка на пенсіі адпавядае яго 88-гадоваму ўзросту. Папа мае невялікія праблемы з нагамі, але ў іншым адчувае сябе добра, працягвае працаваць у сваім звычайным рытме і не губляе яснасці розуму. Некаторы час таму ён, па просьбе аднаго з ватыканскіх іерархаў, напісаў тэалагічны тэкст на тэму ісціны, які быў прачытаны падчас адкрыцця студэнцкай залы, названай у яго гонар, у Папскім урбаніянскім універсітэце ў Рыме.

Арцыбіскуп Генсвайн распавёў таксама, што Бэнэдыкт XVI шмат моліцца, здзяйсняе прагулкі па Ватыканскіх садах, працуе з карэспандэнцыяй, прымае гасцей і грае на фартэпіяна.








All the contents on this site are copyrighted ©.