2015-02-12 15:21:00

Архімандрыт Гаек пра прыклад св. Кірыла і св. Мятода


2015 год для хрысціян Еўропы, у тым ліку Беларусі, пройдзе пад знакам важнай даты – 1200-годдзя з нараджэння св. Мятода Салунскага, які разам са сваім братам Кірылам пачаў хрысціянскую місію на гэтай тэрыторыі. Мевавіта дзякуючы ім славяне змаглі прачытаць Евангелле на роднай мове, нагадаў архімандрыт Сяргей Гаек, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі. У першую чаргу, чырвонай ніццю гэты юбілей павінен прайсці праз усю душпастырскую працу – ад падзей агульнакасцёльных да парафіяльных мерапрыемстваў, лічыць айцец Сяргей. “Мы хочам аднесціся да гэтай падзеі, як да вялікай і духоўнай, асэнсаваць, што значыць для нас Евангелле сёння. Мы ўжо зрабілі невялікую пілігрымку ў Рыме слядамі св. Кірыла і Мятода: ад базылікі св. Клімента, дзе знаходзяцца мошчы св. Кірыла, потым да Базілікі Санта-Прасэдэ, дзе жылі святыя і да базілікі Санта Марыя Маджорэ, куды яны прынеслі кнігі на славянскай мове і дзе Папа іх благаславіў”, - паведаміў архімандрыт Сяргей Гаек.

Кірыл стварыў славянскую азбуку, а разам з братам яны пераклалі з грэцкага на славянскую мову некаторыя часткі Евангелля, Псалтыр, апостальскія пасланні. А пачалі сваю місію святыя ў 863 г. з Маравіі, куды былі адпраўлены для распаўсюджвання сярод хрысціян багаслужбовых кніг на зразумелай мове. Потым была Балгарыя і Хазарыя. Нягледзячы на тое, што пасля смерці братоў іх спадчыну забаранялі і знішчалі, а вучняў забівалі, справа св. Кірыла і св. Мятода засталася жыць і развівацца. І важна, каб гэта дата не прайшла не заўважанай. “Гэты юбілей для нас важны ў першую чаргу ў экуменічным плане. Святыя Мятод і Кірыл ушаноўваюцца як католікамі, грэка-католікамі, так і праваслаўнымі. Асабліва ад часоў св. Яна Паўла ІІ, які абвясціў іх апосталамі і апекунамі Еўропы. На самой справе, рыма-католікі адзначаць дзень памяці св. Кірыла ўжо 14 лютага, магчыма, да гэтай даты будзе арганізавана невялікая пілігрымка у Рым, а потым мы жадалі б арганізаваць розныя пілігрымкі па тых месцах, дзе яны працавалі і прапаведвалі – у Македонію, у Балгарыю”, - падзяліўся планамі Апостальскі візітатар. 

Яшчэ адна ідэя ўшанавання славянскіх асветнікаў, якая маглаб стаць знакам павагі хрысціян Беларусі да спадчыны св. Кірыла і св. Мятода, – гэта ўсталяванне табліцы з малітвай да святых у Рыме. Ініцыятыва з’явілася амаль 20 год таму. І зараз – як раз час узнавіць яе, марыць айцец Сяргей. “Вядома, трэба, каб гэта была агульнабеларуская ініцыятыва, як гэта робіцца. Апошнія гады пра ідэю неяк забыліся, але ў год юбілею варта ўспомніць. І можа разам з братамі рыма-католікамі і братамі праваслаўнымі, а можа з Міністэрствам культуры – каб гэта было сапраўды ад усяго беларускага народа – гэта ідэя зноў паўстане”, - спадзяецца святар. 

У некаторых краінах дзень памяці св. Кірыла і св. Мятода – нацыянальнае і дзяржаўнае свята. Перабольшыць значэнне асветнікаў для хрысціянскай рэлігіі і славянскай культуры нельга. Цікава, што гэта адносіцца і да Беларусі, хоць тут браты не жылі і не прапаведвалі. Аднак ёсць сведкі, рассказаў айцец Сяргей, што вучні святых дайшлі да Турава і гэта старажыная зямля прыняла спадчыну асветнікаў. “Гэта было Евангелле, якое адразу стала часткай культуры. І чаму св. Кірыл і св. Мятод былі асабліва блізкія Беларусі, хоць дасюль і не дайшлі? Таму што яны спалучалі традыцыю Усхода і Захаду, тое што ў Беларусі заўсёды было. Напрыклад, у Балгарыі была іншая сітуацыя ці на Украіне, а Беларусь заўсёды была паміж Усходам і Захадам. І св. Мятод і св. Кірыл як раз і з’яўляюцца для нас такімі прыкладамі веры і культуры”, - адзначыў святар.  

А прыклад гэтых святых дапаможа і ў сучаснасці хрысціянам Беларусі падтрымліваць і развіваць дыялог і супрацоўніцтва ў духу братэрства, лічыць архімандрыт Сяргей Гаек.

Ларыса Абрамчук, Мінск.








All the contents on this site are copyrighted ©.