2015-02-11 16:05:00

Беларускі іерарх: маліцеся моцна, бо мы, магчыма, стаім на парозе новай вайны


11 лютага 2015 г. арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, звярнуўся да ўсіх людзей добрай волі з заклікам аб малітве ў інтэнцыі спакою ва Украіне. Менавіта сёння, калі ў беларускай сталіцы праходзяць перемовы “нармандскай чацвёркі”, не толькі палітыкі і дыпламаты, але і кожны чалавек не можа заставацца абыякавым да трагедыі ў нашых суседзяў. У апошнія дні з’явілася новая надзея на дыпламатычнае вырашэнне гэтага канфлікту, аб чым сведчаць інтэнсіўныя кантакты, перамовы і заявы сусветных палітычных лідараў, у прыватнасці ўчора ў Мінску адбылося пасяджэнне Трохбаковай кантактнай групы, нагадаў беларускі іерарх. 

Сітуацыя ва Украіне пацвярджае стан духоўнай хваробы, калі чалавек не жадае жыць паводле Божага закону любові да бліжняга і павагі да яго правоў, адзначыў Мітрапаліт у каментары для Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё. “Увесь свет занепакоены сітуацыяй ва Украіне – гінуць людзі, знішчаюцца гарады. І трэба штосьці рабіць. Ужо стала відавочна, што ніякія вайсковыя дзеянні не вырашаць гэтага канфлікту. Гэта можна зрабіць толькі за сталом перамоваў. Таму я хацеў бы звярнуцца да ўсіх людзей добрай волі: маліцеся, маліцеся моцна, бо калі сёння не будзе вырашана гэта праблема, мы, магчыма, стаім на парозе новай вайны! А вайна нікому не патрэбная! Таму сёння, ва ўспамін Маці Божай з Лурда, апякункі хворых, наш Касцёл моліцца за вылячэнне “хваробы” гэтага канфлікту, які ўжо настолькі зацягнуўся”, - сказаў іерарх.

Таксама арцыбіскуп Кандрусевіч адзначыў, што ўсе з нецярпеннем чакаюць станоўчых навін пасля пасяджэння ў Мінску. “Напэўна, трэба падзякаваць усім тым, хто пайшоў на гэты крок – сусветным лідэрам, але таксама і адзначыць ролю Беларусі, якая ўжо не першы раз прымае падобныя сустрэчы. Але сённяшняя – найважнейшая. Таму, гэта гонар для нас, але таксама і адказнасць. Яе факт яшчэ раз падкрэслівае ролю Беларусі, якая знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, а сёння апынулася ў цэнтры ўсяго свету”, - сказаў ён.

Беларускі іерарх падкрэсліў, што ў любым выпадку Каталіцкі Касцёл будзе працягваць малітву ў інтэнцыі Украіны, за пацярпелых ад братазабойчага канфлікту і іх родных, бо нават пасля ўсталявання міру гэтым людзям трэба будзе пераадолець шмат цяжкасцей – наноў вучыцца жыць і залечваць душэўныя раны.








All the contents on this site are copyrighted ©.