Сёння мы працягваем знаёміцца з творчасцю Джоан Кэтлін Роўлінг, на прыкладзе яе
вядомай сэрыі кніг пра Гары Потэра. У мінулай перадачы я закрануў тэму навяртання
і мы разгледезі асобу хатняга эльфа Крычара (у расійскім перакладзе – Кікімер), які
перажыў сваеасаблівую метаною, перамяняючыся з азлобленага і не сымпатычнага слугі
ў шчырага прыхільніка Гары Потера і барацьбіта супраць Воландэморта. Сёння мы пачнем
з таго, што працягнем тэму эльфаў і пазнаёмімся з яшчэ адным прадстаўніком гэтай магічнай
расы – Добі.
Эльфы і свабода
Я ўжо ўзгадваў у мінулай перадачы пра тое, што хатнія эльфы – гэта фактычна нявольнікі
чараўнікоў, якія могуць атрымаць свабоду толькі пры адной умове – атрымаць з рук свайго
гаспадара нейкую вопратку ў дар. Няволя не асабліва турбуе хатніх эльфаў, яны ўспрымаюць
яе як нешта натуральнае. У сваёй працы на гаспадароў яны бачаць сэнс жыцця. Гэта чароўная
раса можа быць архетыпам пэўнай групы людзей з адпаведным светапоглядам і стаўленнем
да жыцця.
Сапраўды, Роўлінг па-мастацку карыстаецца гэтым мастацкім вобразам, каб звярнуць нашу
ўвагу, што свабода – гэта рэч вельмі далікатная ды не кожны ў стане свабодай скарыстацца
сабе на дабро, не кожны гатовы да таго, каб быць у поўні свабодным.
Вось жа ў чацьвёртай кнізе патарыяды сяброўка Гары – Герміёна Грэйнджэр – сутыкаецца
з нявольніцтвам эльфаў. Яна абурана гэткай з'явай і вырашае змагацца за іх права.
Для гэтага Герміёна стварае арганізацыю пад назвай "Грамадскае аб'яднанне ўзнаўлення
незалежнасці эльфаў", у скарачэнні "Г.А.Ў.Н.Э.". Уступілі ў гэту арганізацыю "дабраахвотна-прымусова"
Гары Потер і Рон Увізлі. Аднак бурная дзейнасць за правы эльфаў не выклікае энтузіязм
ў саміх эльфаў – яны не жадаюць каб іх прымусова вызвалілі, а працаваць за грошы для
іх здаецца абсурдам. Праз нейкі час Герміёна адмаўляецца ад свайго "грамадскага аб'яднання",
але ўсё роўна марыць даць эльфам свабоду.
Добі – вольны эльф
Аднак і сярод эльфаў бываюць выключэнні. І такім выключэннем з'яўляецца эльф Добі
– вольны эльф. Самому вызваленне эльфа папярэджвае асобная гісторыя, якую я не буду
пераказваць – скажу толькі, што гэта Гары спрычыніўся таму, што Добі стаў вольным
эльфам.
Добі заўсёды ставіўся да Гары вялікай любоўю і павагай, а пасля свайго вызвалення
быў бязмерна ўдзячны маладому чараўніку. Добі дапамагае Гары і яго сябрам у розных
складаных сітуацыях, аж урэшце ратуючы іх аддае сваё жыццё. Гэта вельмі кранальны
момант у кнізе, калі Гары пакутуе з-за смерці Добі ды сваімі ўласнымі рукамі (без
дапамогі чараў) выкапвае яму магілу ды хавае яго. Роўлінг у ўзаемаадносінах Гары і
Добі паказала такія агульначалавечыя і хрысціянскія вартасці, як вернасць, сяброўства,
удзячнасць, спачуванне, гераізм і любоў.
Сям'я Малфлояў
Скончыўшы з эльфамі вернемся на яшчэ на момант да тэмы навяртання. На гэты раз прыгледзімся
да сям'і Малфлояў – Люціуса, Нарцысы і іх сына Драко. Гэта сям'я багатых чыстакроўных
чараўнікоў, шляхетнага роду. Люцыўс Малфлой – пажыральнік смерці са стажам. Ён напышлівы
і пагардлівы ў адносінах да бедных і тых, хто не можа пахваліцца чысцінёй крыві. Яго
сын – Драко – падобна сябе паводзіць у адносінах да Гары і яго сяброў.
Напрацягу ўсёй патарыяды адбываецца супрацьстаянне паміж Гары і яго сябрамі з аднаго
боку ды Малфлоямі з другога. Гэтак у другой кнізе Гары Потэр і Таемны пакой, Люцыус
прыносіць Дзённік Рэдла (цяжкрыж Воландэморта) ў Хогвартс, што амаль не стаецца прычынай
смерці Джынні Ўвізлі. У маёнтку Люцыўсаў размяшчаецца штаб-кватэра Пажыральнікаў смерці...
Гэта далёка не поўны спіс усіх злачынстваў Люцыуса і яго блізкіх, аднак ёсць нешта
такое, што выклікае сімпатыю да гэтай сям'і. Мяркую, што гэтую сімпатыю выклікае любоў
і салідарнасць паміж самімі Малфлоямі. Драко шчыра любіць і ганарыцца сваім бацькам,
а Люцыўс прымае актыўны ўдзел у жыцці свайго сына, намагаецца зрабіць для яго як найлепш
(вядома паводле свайго разумення). Ён уваходзіць у раду апекуноў школы, купляе слізэрынскай
камандзе гульцоў у квідзіч новыя мётлы (гэтым фактычна купляючы месца лаўца для Драко
ў камандзе).
Асабліва належыць адзначыць любоў Нарцысы да свайго сына. Яна прадстае чытальніку
як ўзорная маці. Нарцыса настойвае, каб Драко вучыўся ў Хогвардзе не далёка ад дома
(бацька ж хацеў яго адправіць у вучэльню для чыстакроўных), яна пасылае сыну кожны
дзень, напрацягу першага году навучання, цукеркі ды пірагі...
Калі Люцыуса, пасля няўдалай аперацыі Пажыральнікаў смерці, кідаюць у вязніцу Азкабан,
а Воландэморт загадвае Драко забіць свайго дырэктара школы Дамблдора, Нарцыса разумее,
што гэта смяротны вырак яе сыну. Яна кідаецца па дапамогу да адзінага чалавека, якому
яна давярае – да Сэверуса Снэйпа. Прафесар зелляварэння сапраўды дае ёй абяцанне дапамагчы
яе сыну, якое стрымлівае.
Хоць паміж Гары і Драко пануюць варожыя адносіны, аднак у іх Драко не ў стане перайсці
пэўную маральную мяжу. Калі Гары са скажоным закляццем тварам трапляе ў палон Пажыральнікаў
смерці і Белатрыса просіць Драко апазнаць Потера, але той не дае станоўчы адказ. Увогуле
складваецца ўражанне, што калі Драко непасрэдна сутыкнуўся з сапраўдным злом, то ён
разумее, што не жадае мець з ім нічога супольнага.
Урэшце падчас апошняй бітвы за Хогвартс, калі Цёмны Лорд задвае Нарцысе праверыць,
ці Гары сапраўды памёр, паміж імі адбываецца наступны кароткі дыялог: «Ён жывы? Драко
ў замку?», - запытала ледзь чутна Нарцыса. «Так» - гэтак жа ціха выдыхнуў Гары. Пасля
гэтага Нарцыса крычыць Воландэморту, што Гары мёртвы. Гэта вельмі шляхетны ўчынак,
з якога чараўніца не мела нейкай асабістай выгады. Нарэшце падчас бітвы Малфлоі нават
не спрабуюць біцца – яны шукаюць адзін аднаго, каб уратаваць тое, што для іх найбольш
каштоўнае – іх сям'ю.
Сябры, клапаціцеся пра сваю сям'ю і... добрага вам чытання!
All the contents on this site are copyrighted ©. |