2015-02-10 15:08:00

Гільберт Кійт Чэсцертан (I)


У мінулых перадачах мы пазнаёміліся з двумя, так бы мовіць, кітамі ангельскай літаратуры 20-га стагоддзя – Дж.Р.Р. Толкінам і яго сябрам Клайвам Стэйплзам Стэнлі Льюісам. Сёння я хачу вам адкрыць, калі вы не ведалі, што гэтыя два пісьменніка мелі свайго папярэдніка і, без вялікага перабольшавання можна сказаць, настаўніка ў галіне хрысціянскай літаратуры. Хто гэта? О, ён вялікі раманіст, навеліст, эсэіст, хрысціянскі апалагет... Напэўна некаторыя ўжо здагадаліся – гэта вялікі (і не толькі сваімі памерамі) Гільберт Кійт Чэсцертан!

З чаго пачаць?

З чаго пачаць аповед пра Чэсцертана? Гэта вельмі цяжка, бо быў ён надзвычай разнабаковай і шматграннай фігурай. Што ж, калі я ўжо ўзгадаў пра фігуру, то хачу зазначыць, што яго рост складаў 1 м 93 см, а важыў ён 130 кілаграм. Сам ён ганарыўся сваімі памерамі і любіў над сабой жартаваць. Магу памыліцца, аднак мне здаецца, што жартаванне, асаблівы гумар – гэта той ключ, які можа дапамагчы нам даведацца пра гэтага незвычайнага чалавека.

Вось як пра яго гумар гаворыць Клайв Льюіс, які ў маладосці (у 1916 годзе) ляжаў ў ваенным шпітале ды чытаў зборнік эсэ Чэсцертана:

...Я ніколі не чуў пра яго і не меў паняцця чаго ён хоча; да гэтуль не магу зразумець, як гэта ён адразу захапіў мяне... Я не быў забавязаны прымаць усё, што казаў Чэсцертан, каб атрымліваць ад яго радасць. Яго гумар акурат такі, які я люблю – не звычайныя жартачкі, разкіданыя па тэксту, нібы радзынкі ў пірагу, ды не той ветрагонна-балбатлівы тон (не магу такі зносіць), які сустракаецца ў шматлікіх пісменнікаў; гумар Чэсцертана немагчыма аддзяліць ад самой сутнасці спрэчкі, Арыстоцель мог бы назваць яго кветненнем дыялектыкі. Шпага блішчыць у праменнях сонца не таму, што пра гэта клапоціцца фехтавальшчык, проста бой ідзе не на жарт і рухі вельмі хуткія (К.С.С.Льюіс, "Здзіўлены радасцю").

Шматбаковасць асобы Чэсцертана відаць таксама па ягонай творчасці. Трактат  «Вечны Чалавек» лічыцца шматлікімі чытачамі, як найлепшая хрысціянская апалогія XX-га стагоддзя, з другога ж боку серыя апавяданняў пра айца Браўна — гэта класіка дэтэктыўнага гатунку. Будзем спадзявацца, што ў нашых перадачах мы дакранемся розных аспектаў творчасці Чэсцертана, але ўсё ж спачатку дазвольце мне распавесці пра яго агульныя біяграфічныя звесткі.

Агульныя звесткі

Гільберт Кійт Чэсцертон жыў напрыканцы 19-га і пачатку 20 стагоддзя (1874 – 1936). Нарадзіўся ён у 1874 годзе ў англіканскай сям'е ў Лондане; скончыў школу, потым вычыўся выяўленчаму мастацтву, хадзіў на літаратурныя курсы ў ўніверсітэцкі коледж, але не скончыў навукі. Прыкладна ў гэты час Чэсцертан са сваім братам наведваюць спірытычныя сеансы, што было хутчэй юнацкай цікавасцю, чым духоўным пошукам.

У  1896 годзе Чэсцертан уладкоўваецца ў лонданскі выдаўнічы дом Redway і T. Fisher Unwin, дзе працуе да 1902 года. У гэты ж час ён таксама выконвае сваю першую журналісткую працу, як фрылансер і літаратурны крытык. У 1901 годзе Чэсцертан ажаніўся з Фрэнсіс Блогг, з якой пражыў усё сваё жыццё. У 1902 яму запрапанавалі весці штотыднёвую калонку ў газеце  Daily News, якую ён вёў напрацягу 30 год. У 1922 годзе, ва ўзросце 48 год ён перайшоў у каталіцтва. Чэсцертан і раней бы далучыўся да Каталіцкай Царквы, але не зрабіў гэтага, бо не хацеў засмуціць сваю жонку. Зрэшты, чатыры гады пасля таго, як да Каталіцкай Царквы далучыўся яе муж, тое ж самае зрабіла і яна.

Андрэй Кураеў у адной з сваіх кніг піша, што гэты пераход у каталіцтва ёсць нібыта «крок у пошуках традыцыі», што робіць яго блізкім да праваслаўнай царквы. На мой погляд такое сцверджанне відавочна спекулятыўнае, бо ў 48 год наўрад хто меняе веравызнанне з-за «традыцыі». Мяркую, што можа існаваць толькі адна прычына па якой Чэсцертан зрабіў гэта – ён быў глыбока перакананы, што поўня праўды знаходзіцца ў Каталіцкай Царкве.

У наш час часта адрываюць Евангелле ад Царквы, а Ісуса ад Евангелля. У «Адвечным чалавеке» Чэсцертон вельмі ўдала пераадольвае гэтае ўяўнае супрацьпастаўленне: «Шмат чаго ў Евангельлі нічым не абгрунтавана, тым больш не адлюстроўвае яно прызнаных релігійных догм. Гісторыя Хрыста зусім не падобная на тое, што прынята называць "простым, не сапсаваным Царквою Евангельлем". Я хутчэй бы сказаў, што Евангельле — таямніца, Царква — разумна; Евангельле — загадка, Царква — разгадка».

На гэтым сябры, я развітваюся з вамі. Калі хочаце атрымаць адказы ў сваім жыцці – чытайце Евангельле, калі хочаце разгадаць Евангельле – будзьце ў Каталіцкай Царкве (вось так па Чэсцертану і па-праўдзе). Ну і... добрага вам чытання!








All the contents on this site are copyrighted ©.