2015-02-10 15:35:00

Агата Крысці


Мы працягваем знаёміцца з ангельскай літаратурай і сёння ўпершыню ў нашай перадачы мы звернем увагу не на пісьменніка, а... на пісьменніцу. Па колькасці выданняў яе кнігі займаюць трэцяе месца пасля Бібліі і Шэкспіра. Нэпэўна няма чалавека, які б не чуў яе імя. Яна – знакамітая і непаўторная Агата Крысці! Я не магу гэтага ведаць дакладна, сябры, але мне здаецца, што некаторыя з вас у гэты момант здзівіліся: як так, якое дачыненне да хрысціянскай перадачы мае аўтарка дэтэктыўных гісторый!? Аджа, я спадзяюся, што мы хутка пераканаемся ў тым, што і сама Агата Крысці і яе творчасць маюць да хрысціянства не малое дачыненне.

Агата Мэры Кларыса Малоўэн, пры нараджэнні Мілер, больш вядомая па прозвішчы першага мужа як Агата Крысці. Яна нарадзілася 15 верасня 1890, а памерла 12 студзеня 1976, пражыўшы поўных 85 лет. Ахрышчана яна была ў англіканскай царкве. Па словах Агаты сваім рэлігійным светапоглядам яна абавязана сваёй няні, якая была біблейскай хрысціянкай. «Яна не хадзіла ў царкву, але чытала Біблію дома. Захоўваць Суботу яна лічыла святым абавязкам, а ўсялякая мітусня, на яе думку, была смяротным грахом у вачах Усемагутнага» - з доляй гумару адзначае пісьменніца ў сваёй «Аўтабіяграфіі».

У пэўны спосаб паўплывала на Агату і маці, якая пэўны час знаходзілася ў рэлігійных пошуках ды ўрэшце «знайшла супакой» у англіканскай царкве. Каля яе ложка вісеў абраз св. Францішка, а вядомая кніга Тамаша Кемпійскага «Следам за Хрыстом» («Наследванне Хрыста») стала яе настольнай кнігай.

Агата Крысці гаворыць, што маці чытала «Следам за Хрыстом» «у дзень і ў начы», а потым дадае вельмі важныя для нас словы, што і яна не расстаецца з гэтай кнігай. Бацька пісьменніцы быў вельмі добрым чалавекам ды таксама быў прыкладам пабожнасці для яе. Кожны вечар ён маліўся, а кожную нядзелю хадзіў у царкву.

Асаблівае месца ў «Аўтабіяграфіі» Агаты Крысці займае ўспамін пра пэўную настаўніцу, яка пасярод урока арыфметыкі зусім нечакана зрабіла настаўленне пра жыццё і веру. Паколькі яно вельмі павучальнае і цікавае, то дазволю сабе пазнаёміць вас, сябры, з ім цалкам:

- Вы ўсе – сказала яна, - кожная з вас, пройдзе праз цяжкія выпрабаванні. Калі ў вас не хопіць смеласці супрацьстаяць адчаю, то вы ніколі не станеце сапраўднымі хрысціянкамі, не даведаецеся, што такое жыццё ў Хрысце. Каб стаць хрысціянамі, вы павінны смела сустрэць і прыняць жыццё, як сустрэў і пражыў сваё жыццё Хрыстос; вы павінны радавацца таму, чаму радаваўся Ён; быць такімі ж шчаслівымі, якім быў Ён у Кане Галілейскай, пазнаць мір і шчасце, якое ёсць у злучэнні з Госпадам і з Яго воляй. Але вы павінны перажыць, падобна Яму, што значыць застацца аднаму ў Гефсіманскім садзе, адчуць, што ўсе вашы сябры пакінулі вас, усе, каго вы любілі і каму верылі, адвярнуліся ад вас, ды сам Госпад Бог пакінуў вас. І тады захавайце веру ў тое, што гэта яшчэ не канец. Калі вы любіце, то будзеце пакутаваць, а калі не любіце, то ніколі не даведаецеся, што такое жыццё ў Хрысце.

Канец цытаты... Далей па тэксту, пісьменніца прызнаецца, што гэтыя некалькі слоў запалі ў яе душу мацней, чым самыя лепшыя казанні, якія ёй даводзілася чуць. Гэтыя словы вярталіся да яе і прыносілі надзею ў часы самага глыбокага адчаю. Я ж са свайго боку таксама ў поўным захапленні ад прамовы невядомай настаўніцы, словы якой прамаўляюць да нас і сёння.

Было б наіўна з майго боку ўказваць на Агату Крысці, як на ўзор хрысціянскага жыцця, але зноў жа было б не справедліва не звярнуць увагу на асаблівасці яе творчасці. Вось жа ніводнага разу тэмай сваіх раманаў яна не зрабіла злачынства на сексуальнай глебе, ніколі не было нейкіх жорсткіх ці садысцкіх сцэн. У сваёй «Аўтабіяграфіі» яна падкрэслівае: «Я як і кожны, хто чытае дэтэктывы, была супраць злачынца і за нявінную ахвяру. (...) Хто мог бы падумаць, што прыйдуць часы, калі кнігі аб злачынствах будуць правакаваць памкненне да гвалту ды прыносіць садыскае задавальненне апісаннямі жорсткасці дзеля жорсткасці?»

У творах Агаты Крысці звычайна прысутны хэпі-энд: зло выкрытае ды пакаранае, сэрцы, што кахаюць – злучаныя, жыццё вяртае сабе страчаную раўнавагу. Канешне, не заўсёды можна пагадзіцца з разважаннямі пісьменніцы адносна жыцця і смерці, але гэтыя разважанні правакуюць мысленне і за гэта можна быць ёй удзячнымі. Сама лэдзі Агата была вельмі ўдзячным чалавекам. Сваю «Аўтабіяграфію» яна скончыла наступнымі словамі:

Дзіця, калі ўстае з-за стала, гаворыць: «Дзякуй Табе, Госпадзе, за добры абед».
Што сказаць мне ў свае семдзесят пяць? Дзякуй Табе, Госпадзе, за маё добрае жыццё ды за ўсю тую любоў, якая была мне дадзена ў дар.

На гэтым, сябры, я развітваюся з вамі. Калі каму-небудзь пасля гэтай перадачы захочацца схапіць томік старой Агаты, то лепей няхай гэта будзе яе мудрая «Аўтабіяграфія». Вось так... Добрага вам чытання.








All the contents on this site are copyrighted ©.