2015-02-10 15:15:00

Грэм Грын (I)


Сёння мы пазнаёмімся з чарговым ангельскім пісьменнікам – Грэмам Грынам і яго раманам «Сіла і слава».

Біяграфічныя звесткі

Грэм Грын быў раманістам, навелістам, аўтарам падарожных нататак, эсэістам. Ён нарадзіўся ў 1204 годзе, у графстве  Хартфортшыр у сям'і дырэктара прывілеяванай школы Чарлза Грына і Марыён Рэйманд Грын, старэйшай кузіны Робэрта Льюіса Стывэнсана. У сям’і ён быў чацвёртым з шасці дзяцей. Грэм вучыўся ў бэркхэмстэдзкай школе. Там сталыя насмешкі аднакласнікаў прывялі Грына да некалькіх спробаў самагубства і ў выніку вымусілі кінуць школу. Далей ён вучыўся ў каледжы Баліёл у Оксфардзе. У 1924 г. Ён скончыў Окфардскі ўніверсітэт, некалькі год  працаваў памочнікам рэдактара ў «Таймс».

Грын быў таксама супрацоўнікам брытанскага МЗС ды брытанскай разведкі (з 1941 по 1944). Ён шмат падарожнічаў, некалькі разоў прыязджаў у Савецкі Саюз. З 1965 году Грын жыў у Францыі. Найбольш вядомыя яго драматычныя раманы, якія закранаюць такія актуальныя палітычныя і сацыялагічныя тэмы, як фашызм, нэакаланізм, карупцыя, дзейнасць спецыяльных сакрэтных службаў, улада грошаў і моц багацця.

Таксама здзіўляе шырокая геаграфія раманаў Грэма Грына – Мексіка, Гаіці, В'етнам, афрыканскія краіны, Лацінская Амерыка, Еўропа... Зрэшы нічога дзіўнага ў гэтым няма, калі прыгадаць, што сам ён шмат падарожнічаў. Сам аўтар дзяліў свае раманы на «забаўляльныя» і «сур'ёзныя». Мяжа аднак паміж імі з'яўляецца ўмоўнай, бо і «сур'ёзныя» раманы забаўляюць, а «забаўляльныя» утрымліваюць сур'ёзны «мэсэдж».

На беларускую мову перакладзены раманы «Стамбульскі экспрэс» (1992), Міністэрства страху (1992), «Хто прайграе, бярэ ўсё» (1992), «Доктар Фішар з Женевы, або Вячэра з бомбай» (1990).

Грын – католік

У 1926 годзе, ва ўзросце 22 год, Грын прыняў каталіцызм. «Я павінен быў знайсці рэлігію, суразмерную маім грахам» - так тлумачыць ён сваё навяртанне. Каталіцтва Грына не было аднак паслядоўным. Бачна гэта з яго неўпарадкаванага асабістага і сямейнага жыцця. У 1927 ён ажаніўся на Вівьен Дейрел-Браўнінг. Грын не быў добрым сем'янінам. Хоць ён і напісаў некалькі дзіцяцых кніжак, аднак, сам прызнаваў, што не любіць дзяцей. Пасля разводу ён меў некалькі палюбоўніц, якія былі замужам.

Каталіцкі светапогляд тым не менш выразна бачны ў некаторых яго творах (хоць сам Грын быў супраць таго, каб яго называлі каталіцкім пісьменнікам). Мы можам меркаваць, што ўсё сваё жыццё ён вёў барацьбу з сабой, сваімі грэшнымі схільнасцямі. Грын памёр у Веве (Vevey), Швейцарыя, 3 красавіка 1991 года. Падчас паніхіды святар сказаў: “Мая вера гаворыць мне, што ён цяпер з Богам або па дарозе”.

«Сіла і слава»

Назва рамана «Сіла і слава» адсылае нас да завяршальных словаў малітвы «Ойча наш»: «Бо тваё валадарства і сіла і слава, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін». Гэта назва правакуе, асабліва тады, калі чытач пачынае паглыбляцца ў чытанне рамана. Аб якой «славе» можа ісці гаворка, калі героі кнігі жывуць у свеце, максімальна падобным на пекла?

Чытачу можа нават здавацца, што дзеянне «Сілы і славы» разгортваецца ў нейкай нерэальнай краіне, аднак гістарычная канва кнігі Грэма Грына абсалютна рэальная і дакладная. Проста мы мала ведаем пра Мексіку - серыялы, каўбоі, пустыні... А між тым, на пачатку ХХ стагоддзя ў гэтай краіне адбылася антыфеадальная рэвалюцыя, і новая ўлада паставіла Каталіцкую Царкву, а разам з ёй ўсіх хрысціян, у гэтак ж жорсткае становішча, што і ўлада бальшавікоў веруючых у Савецкім Саюзе.

Але ганенні, апісаныя ў рамане, не з'яўляюцца цэнтрам апавядання. У цэнтры кнігі - адносіны чалавека і Бога. Галоўны герой кнігі - каталіцкі святар, які застаўся, насуперак загаду ўладаў, са сваёй паствай. Ён таемна служыць Імшы, хрысціць, спавядае і прычашчае. Будучы злоўленым - ня пазбегне смяротнага пакарання.

Кніга магла б стаць яшчэ адным «раманам пра героя», але безназоўны святар - далёка не герой. Навакольныя называюць яго «запойным папом» - і сапраўды, ад адзіноты і адчаю, некалі шчаслівы, пасрэдны, у меру дабрадзейны святар пачынае піць, а падчас сваіх вандровак нават прыжывае дзіця... Але ў яго штаце больш не засталося святароў, сыдзе ён - і Царквы ў гэтым месцы не будзе: «Ён адзіны святар, якога запомняць дзеці. І ад яго яны возьмуць сваё ўяўленне пра веру. Але ж менавіта ён, а не хто іншы, ўкладаў гэтым людзям цела Хрыстова ў вусны. А калі сысці адсюль, тады Бог знікне на ўсёй гэтай прасторы паміж гарамі і морам».

Героі Грына жывуць у свеце, максімальна падобным на пекла, «невыразнасць» гістарычнага фону толькі падкрэслівае ўніверсальнасць сітуацыі. Людзі страцілі ўсе: парадак, дабрабыт, надзею, мінулае і, магчыма, будучыню. Але не страцілі Бога.
Канфлікт паміж зямнымі і нябеснымі каштоўнасцямі ў «Сілы і славе», разгортваецца не толькі ў душы святара, але і паміж двума людзьмі, вырастаючы да ўзроўню ідэалагічнага, філасофскага. З аднаго боку мы бачым «айца-п'янчужку», чалавека, жаласнага і нямоглага ў многіх адносінах, але ён вырастае ў гераічную постаць, бо верыць, што з'яўляецца «рукой Божай". З іншага боку - лейтэнант паліцыі, які  з'яўляецца маральна бездакорным, які прадстаўляе ідэі сацыяльнай справядлівасці і прагрэсу. Перад ім, дарэчы, стаіць задача «знішчыць апошняга святара ў штаце». І гэты вобраз таксама па-свойму гераічны...

Канец бясслаўны - святара расстрэльваюць, а ён так і не паспявае стаць «сапраўдным героем». Уласна, а што значыць быць «сапраўдным» героем? Ці ж «сіла і слава» ёсць толькі у назве гэтай кнігі? Калі і вам, сябры, цікава  разгледзіць гэта пытанне, то вам варта здабыць гэту кнігу Грэма Грына. І... добрага вам чытання.








All the contents on this site are copyrighted ©.