2015-02-09 16:40:00

Плёны Святога Духа. Стрыманасць (ІІ)


Мы працягваем разважанні аб плёнах Святога Духа, аўтарам якіх з’яўляецца вядомы італьянскі святар, бібліст і катэхет кс. Фабіа Расіні. У яго рамках мы знаёмімся з сутнасцю хрысціянства, з многімі паняццямі, якія ў сённяшнім свеце згубілі багацце свайго зместу, збяднелі ў чалавечым разуменні. Мы спрабуем зрабіць “перазагрузку” свайго разумення хрысціянства, абнаўленне сваіх ведаў, адкідаючы ў бок шматлікія легенды, выдумкі і забабоны, якімі наша вера абрасла на працягу стагоддзяў. Мы спрабуем глядзець на хрысціянства ў кантэксце нашага штодзённага жыццём, спрабуем убачыць яго такім, якое яно ёсць на самой справе. У мінулай праграме мы пачалі размаўляць пра плён стрыманасці. Мы ўбачылі, што ў сённяшняй культуры існуюць два пункты гледжання на яе: з аднаго боку, стрыманасць ўспрымаецца як нешта непатрэбнае і несучаснае, а з іншага, наадварот – вітаецца, бо разумеецца як палікарэктнасць, кантроль над ўласнымі эмоцыямі, як модная сёння непарушнасць. У цэнтры абодвух гэтых пазіцый знаходзіцца толькі дабро ўласнага “я”. Таму яны абсалютна чужыя хрысціянству.

 

Так што тады разумець пад стрыманасцю? Што знаходзіцца паміж інфантыльнай неабмежаванасцю і прытворствам, за якім крыецца абыякавасць да іншага? Дзе гэты баланс, які павінен быць у жыцці хрысціяніна? Для чаго яна патрэбна? Каб адказаць на гэтыя пытанні заглянем на старонкі Першага паслання да Карынцянаў, дзе апостал Павел апавядае пра атлета, які горача імкнецца да мэты – перамагчы на спаборніцтвах. Ён выконвае шматлікія фізічныя практыкаванні, шмат у чым сабе адмаўляе, стрымлівае і г.д. У дадзенай сітуацыі ён карыстаецца сваёй свабодай: ён робіць не тое што хоча, але тое, што яму трэба, каб дасягнуць сваёй мэты. Сёння паняцце стрыманасці выклікае антыпатыю, таму што разумеецца як супрацьлеглае свабодзе. Яна часта ўяўляецца як поўная адсутнасць абмежаванняў. Але свабода ў большай меры з’яўляецца здольнасцю да самаабмежавання. Яна з’яўляецца веданнем пра неабходнасць абмяжаванняў і здольнасцю імі карыстацца. Калі б атлет рабіў толькі тое, што хацеў ён бы не дасягнуў патрэбнага яму выніку. Быць свабодным не азначае рабіць тое, што хачу, але быць здольным кіраваць уласнымі апетытамі, быць шчаслівым таму што можаш кіраваць сабой.

 

Як і атлет, які рыхтуецца да спаборніцтва, вы таксама маем сваю мэту. Менавіта яна можа растлумачыць – чым для нас з’яўляецца стрыманасць. Для чаго мне неабходна быць стрыманым? Для чаго я павінен панаваць над сабой і сваімі жарсцямі? Адным з тыповых прыкладаў стрыманасці і панавання над сабой з’яўляецца пост. У Евангеллі паводле св. Марка ёсць такі ўрывак: “Вучні Янавы і фарысеі пасцілі. Яны прыйшлі і сказалі Яму: “Чаму вучні Янавы і фарысеі посцяць, а твае вучні не посцяць?”. І сказаў Езус: “Ці могуць пасціць госці на вяселлі, калі з імі жаніх? Пакуль жаніх з імі, не могуць пасціць. Але прыйдзе дзень, калі будзе забраны ад іх жаніх, і тады будуць пасціць у той дзень” (Мк 2,18-20). У гэтым фрагменце прысутныя фарысеі – якія з’яўляюцца тыповым прыкладам людзей, якія змагаюцца самі з сабой дзеля адной мэты – даказаць сваю праведнасць. Тут ёсць пэўнае падабенства з эліністычнай паставай і з сучасным “самакантролем”.

Фарысеі прыйшлі да Езуса і казалі яму аб самакантролі, самадысцыпліне, як яны разумелі пост. Але Езус ім звярнуў увагу зусім на іншае кажа: “Ці могуць пасціць госці на вяселлі, калі з імі жаніх”. Нагодай для посту павінна была стаць адсутнасць жаніха, адсутнасць пэўных адносінаў. Мэта посту, для Езуса, гэта не выхаванне самадысцыпліны, самакантролю і г.д. але падрыхтоўка да адносінаў з іншымі людзьмі. Існуюць абмежванні, якія мы сабе ставім, каб прадэманстраваць уласную справядлівасці, але існуюць і тыя, якія мы ставім дзеля любові: я паную над сабой, таму што люблю цябе; я раблю тое, што мне дапаможа быць з табой, што дапаможа зрабіць цябе шчаслівай ці шчаслівым. Стрыманасць і панаванне над сабой у хрысціянстве – гэта адносіны з Панам Езусам. Яны тычыцца разумення таго, што дае радасць прабывання ў еднасці з Богам, і пазбягання таго, што гэтай радасці пазбаўляе.

Такім чынам існуюць рэчы, якіх мы павінны пазбягаць. Але не з прычыны таго, што жадаем быць добрымі і справядлівымі, але таму што жадаем быць у адзінстве з Богам і як наступства ў адзінстве з Богам. Існуюць рэчы, якія закаханыя робяць спантанна, адмаўляюцца ад чагосьці не думаючы, не вывучаючы этыку – гэта рэчы, якія робяцца з любові і для любові.

Валоданне сабой – гэта плён, наступства, разуменне таго, што з’яўляецца па-сапраўднаму каштоўным і важным. Святы Павел апавядаў пра атлета, які рабіў вялікія ахвяры, каб дасягнуць перамогі ў спаборніцтвах, але наша мэта нашмат важнейшая – знайсці Бога і ісці за Ім. 








All the contents on this site are copyrighted ©.