2015-02-09 17:24:00

Плёны Святога Духа. Радасць (І)


У нашай сённяшняй праграме мы працягнем цыкл разважанняў аб плёнах Святога Духа, аўтарам якіх з’яўляецца вядомы італьянскі святар, бібліст і катэхет кс. Фабіа Расіні. У яго рамках мы знаёмімся з сутнасцю хрысціянства, з многімі паняццямі, якія ў сённяшнім свеце згубілі багацце свайго зместу, збяднелі ў чалавечым разуменні. Мы спрабуем зрабіць “перазагрузку” свайго разумення хрысціянства, абнаўленне нашых ведаў, адкідаючы ў бок шматлікія легенды, выдумкі і забабоны, якімі вера “абрасла” на працягу стагоддзяў. Мы спрабуем глядзець на хрысціянства ў кантэксце нашага штодзённага жыцця, спрабуем убачыць яго такім, якое яно ёсць на самой справе. Нагадаю, што асновай для нашых разважанняў, з’яўляюцца словы апостала Паўла з Паслання да Галатаў, у якім святы пералічвае плёны цела і супрацьпастаўляе іх плёнам Духа, якія нараджаюцца дзякуючы глыбокім адносінам з Хрыстом. Сёння мы паразмаўляем аб перадапошнім у нашым спісе плёне – радасці. Тут варта ўдакладніць, што гаворка пойдзе гэта плён Святога Духа, а не пра выпадковы эмацыянальны стан выкліканы канкрэтнай сітуацыяй. Нам часта падаецца, што радасць гэта эмацыянальны стан шчасця, які ўзнікае незалежна ад нашай волі ў сітуацыі з якой сустракаемся.

Гэта не зусім так. Канешне, можна казаць пра моманты бесклапотнага вяселля, выбухі радасці справакаваныя сітуацыяй, але тады, радасць нам не належа. Мы проста можам перажываць або не перажываць радасныя моманты. У нашым выпадку гаворка ідзе пра радасць, якая з’яўляецца плёнам, вынікам паводзін чалавека, яго пазіцыі. Радасць гэта рэчаіснасць, якая нараджаецца ў выніку пэўнага працэса. Яна з’яўляецца эмацыянальным і унутраным станам, толькі ў пэўным сэнсе, але галоўным чынам яна нараджаецца толькі ў выніку прахаджэння пэўнага шляху.

Важна адыйсці ад разумення радасці як рэчы спантаннай. Радасць – не здараецца, мы не зможам яе знайсці выпадкова. Яна нараджаецца як апошняя кропка працэса ўнутранай педагогікі, які можа быць нават вельмі кароткім, але абавязкова ўключаючым у сябе канкрэтныя крокі.

Першы з такіх крокаў – гэта зацікаўленасць у радасці. Давайце спытаем саміх сябе – ці сапраўды мы маем да яе інтарэс? Ці сапраўды мы хацелі б жыць радасна? На першы погляд можа падавацца, што гэта пытанне недарэчнае і абсурднае – канешне мы ўсе зацікаўлены ў радасці! Але вопыт паказвае як раз адваротнае. Хоць многія і кажуць, што хочуць пачуваць сябе заўсёды добра і шчасліва, але на самой справе людзям больш падабаецца пачуваць сябе кепска, і жаданне сапраўднай радасці, амаль абсалютна адсутнічае ў сэрцы сучаснага чалавека. Нашмат больш запатрабаваны сёння смутак. Ён больш прывабны і лёгка ахоплівае вялікую колькасць людзей.

Смутак, гэта кавалачак інфантыльнасці, які прысутнічае ў сэрцы кожнага чалавека. Роля ахвяры – вельмі цікавая, прывабная, яна многім падабаецца. Смакаваць свае траўмы і праблемы, негатыў які здараўся ў мінулым і здараецца зараз. Смутак, многім уяўляецца цёплым, прывабным месцам у якім можна схавацца ад іншых. Схавацца ва ўласным самасуцяшэнні. Бачыць зло якое робяць іншыя, напаўняць сябе восеньскім настроем. Заўсёды казаць: усё кепска... усё ідзе не так як трэба... я бедны і няшчасны чалавек. Сапраўды, смутак вельмі прыбабны. Калі мы пойдзем у вязніцу, то ўбачым вялікую колькасць ахвяр, а не злачынцаў. Яны заўсёды маюць нейкую сумную гісторыю і з задавальненнем яе раскажуць. Вакол нас заўсёды прысутнічае шмат падобных людзей: у іх жыцці нібыта ўсё кепска і бесперспектыўна. Смутак дазваляе адчуць асаблівы смак, задавальненне ад адчування сябе ў цэнтры нападу знешніх сіл.

Гэта задавальненне інфантыльнае. Сёння яно ўзвялося ў культ. Спецыялісты ў камерцыі аб гэтым ведаюць, бо імі была створана цэлая індустрыя суцяшэння – індустрыя збаўлення ад смутку. Папулярным лекам, які прапаноўваецца ад смутку з’яўляецца “шопінг”. “Восень. Сумны і прыгожы час... Менавіта ў такія перыяды хочацца пабалаваць сябе чымсьці асаблівым...”, нагадвае нам рэклама. Сёння чалавек, якому сумна, не ведае што рабіць, акрамя таго, як пайсці на пачаць набываць нейкія рэчы. Смутак – вельмі эканамічна выгодны.

Таксама і журналісты ведаюць: чым больш смутныя навіны, тым будзе больш людзей іх прачытае. Сёння вельмі важна вылаўліваць, паляваць на кепскія, смутныя навіны, каб потым іх смакавала ўсё грамадства.

Радасць не цікавіць такую вялікую колькасць людзей. Яна не з’яўляецца такой прывабнай. Смутная гісторыя, выклікае ў людзей жаданне параўнання са сваімі ўласнымі траўмамі. Добрая гісторыя ці навіна, яна нашмат больш занудная. Калі мы пакажам ў навінах гісторыю аб святым, які чыніў добрыя справы, не расказваючы аб яго пакутах, яна нікога не зацікавіць. Але калі мы пакажам гісторыю, поўную цяжкасцяў, пакут, крыві, яна прыцягне да сябе нашмат больш гледачоў. Бо мы заўсёды шукаем кагосці параненага. Калі нас па-сапраўднаму цікавіць радасць, мы павінны перастаць шукаць гэтага параненага, але наадварот пачаць шукаць прастату, прыгажосць, і пакінуць стан самасуцяшэння. 








All the contents on this site are copyrighted ©.