2015-02-09 16:46:00

Плёны Святога Духа. Лагоднасць (ІІ)


У нашай сённяшняй праграме мы працягнем цыкл разважанняў аб плёнах Святога Духа, аўтарам якіх з’яўляецца вядомы італьянскі святар, бібліст і катэхет кс. Фабіа Расіні. У яго рамках мы знаёмімся з сутнасцю хрысціянства, з многімі паняццямі, якія ў сённяшнім свеце згубілі багацце свайго зместу, збяднелі ў чалавечым разуменні. Мы спрабуем зрабіць “перазагрузку” свайго разумення хрысціянства, абнаўленне сваіх ведаў, адкідаючы ў бок шматлікія легенды, выдумкі і забабоны, якімі наша вера абрасла на працягу стагоддзяў. Мы спрабуем глядзець на хрысціянства ў кантэксце нашага штодзённага жыццём, спрабуем убачыць яго такім, якое яно ёсць на самой справе. У мінулай праграме мы пачалі размову пра плён лагоднасці. Мы зрабілі, некалькі важных заўвагаў: па першае звярнулі увагу на сувязь паняцця “лагоднасць” з паняццем “беднасці”, якая прысутнічае на старонках Старога Запавету, па-другое, убачылі што сапраўдная “лагоднасць” заўважна толькі ў крытычнай сітуацыі – у тым як чалавек рэагуе на агрэсію ў свой адрас, і нарэшце па-трэццяе, што лагодным у Евангеллі называў сябе сам Езус: “ я ціхі і лагодны сэрцам”.

Аднак існуе небяспека пераблытаць лагоднага чалавека з чалавекам- канфармістам, са слабым чалавекам, які не можа адпаведна адказаць на агрэсію і па прычыне страху выбірае пасіўнасць і маўчанне. Тут з лагоднасцю таксама няма нічога супольнага. У апавяданні пра благаслаўленні падчас “Нагорнага казання”, пераказанага св. Мацвеем Езус сцвердзіў: “Шчаслівыя лагодныя, бо атрымаюць зямлю ў спадчыну”. Здаецца парадаксальная рэч: зямля – гэта аб’ект войнаў, барацьбы і змагання, а яе атрымаюць лагодныя. І пры гэтым у спадчыну.

Канфлікты звычайна пачынаюцца за пэўную тэрыторыю. Яна можа быць рознага кшталту: улада, прэстыж, тэрыторыя фізічная або духоўная, гэта можа быць канфлікт меркаванняў, поглядаў і многія іншыя. У прывычных нам сітуацыяй перамагаюць – гэта значыць “заваёўваюць тэрыторыю” тыя, хто вядзе сябе агрэсіўна і гвалтоўна. Чаму ж Езус кажа пра перамогу лагодных? Лагоднасць не з’яўляецца адсутнасцю адвагі з аднаго боку і слодычу з іншага. Лагоднасць, як плён Святога Духа, з’яўляецца плёнам адносінаў з Хрыстом. Лагоднасць гэта характарыстыка, якая таксама патрабуе адвагі, сілы і ў некаторым сэнсе нават агрэсіўнасці, але іншага тыпу. Зямля гэта сімвалічная мэта кожнай бітвы. Але для хрысціян, для тых, хто жыве глыбокімі адносінамі з Богам, гэта мэта адрозніваецца ад традыцыйных, ад тых за якія звычайна змагаюцца людзі.

Святы Дух нам адкрывае, што існуе нешта большае, больш каштоўнае чым поспех, прэстыж, інтарэсы, тэрыторыя – звычайныя чалавечыя рэчы. У канфлікце, які узнікае паміж людзьмі, можна згубіць нешта нашмат больш каштоўнае за ўсё гэта. Па першае – гэта адносіны і з Богам і супакой, які Ён дае. Калі чалавек адказвае агрэсару з такой самай цвёрдасцю, ён зыходзіць на ўзровень таго, хто атакуе. Ён пачынае барацьбу за тое, што хоча іншы. Ён бароніць дабро, якое іншы можа скрасці.

Ці існуе дабро, якога ніхто не зможа скрасці? Ці існуе нешта, што трэба бараніць нават коштам багаццяў і каштоўнасцяў гэтаў свету? Лагодны хрысціянін не адказвае на агрэсію агрэсія, таму што бароніць дабро больш высокае, каштоўнае і прыгожае, якое скрасці немагчыма. Хочаш скрасці ў мяне той ці іншае дабро? Якая мне да гэтага справа, я маю нешта нашмат больш каштоўнае! Такім чынам лагодны гэта не той, хто не змагаецца, але той, хто вядзе больш сур’ёзную барацьбу.

Лагодны не адказвае агрэсіяй на агрэсію, бо бедны для гэтага свету. Ён не мае чаго бараніць перад гэтым светам. Тут становіцца зразумелым, чаму ў Старым Запавеце словы “лагодны” і “бедны” былі ўзаемазамянальнымі. Лагодны – бедны перад гэтым  светам, але багаты перад светам будучым. І гэтага багацця ў яго ніхто не можа скрасці. Сакрэт гэтай неканфліктнасці, не ў характары, самадысцыпліне, самакантролі, але ў валоданні дабром, якое немагчыма скрасці. Ён проста не мае патрэбы ў тым, каб весці барацьбу за тое, за што яе вядуць іншыя.

Ён не адказвае на правакацыю, не таму што не заўважае агрэсіі ў свой адрас, але таму што разумее – настаў момант бараніць іншае дабро. Яго бітва – больш сур’ёзная, вялікая. Яна не прадугледжвае адабрання тэрыторыі іншага.

Словы Хрыста пра тое, каб падставіць правую шчаку, калі б’юць па левай, намі часта разглядаюцца як своеасаблівы спосаб самаабароны, але на самой справе – гэта нападак, агрэсія. Падстаўляючы шчаку мы не адказваем на заклік іншага прыняць удзел у яго бітве. І тут ён злуецца яшчэ больш. Лагодны ведае як трэба карыстацца зброяй, але яна зусім іншая. 








All the contents on this site are copyrighted ©.