2015-02-09 16:44:00

Плёны Святога Духа. Лагоднасць (І)


У нашай сённяшняй праграме мы працягнем цыкл разважанняў аб плёнах Святога Духа, аўтарам якіх з’яўляецца вядомы італьянскі святар, бібліст і катэхет кс. Фабіа Расіні. У яго рамках мы знаёмімся з сутнасцю хрысціянства, з многімі паняццямі, якія ў сённяшнім свеце згубілі багацце свайго зместу, збяднелі ў чалавечым разуменні. Мы спрабуем зрабіць “перазагрузку” свайго разумення хрысціянства, абнаўленне сваіх ведаў, адкідаючы ў бок шматлікія легенды, выдумкі і забабоны, якімі наша вера абрасла на працягу стагоддзяў. Мы спрабуем глядзець на хрысціянства ў кантэксце нашага штодзённага жыццём, спрабуем убачыць яго такім, якое яно ёсць на самой справе. У мінулых праграмах мы размаўлялі пра плён Святога Духа “стрыманасць”. Сёння гаворка пойдзе пра іншы плён – “лагоднасць”. Слова “лагоднасць”, па грэцку гучыць як “праюс”, што азначае “слодыч”, поўная адсутнасць насілля. Гаворачы пра лагоднага чалавека, нам адразу ўяўляецца ціхі інтэлігент, цывілізаваны, выхаваны, гарадскі чалавек, які звяртаецца на “вы” і заўсёды “паўшэптам”. Але сэнс хрысціянскай “лагоднасці” зусім не такі. Нажаль многія хрысціянскія паняцці падвергнуліся баналізацыі і неправільнаму разуменню. І кожны раз, калі мы сустракаемся са Святым Пісаннем, яно нас запрашае расці, адкрываць новае значэнне прывычных словаў і сітуацый, і глядзець на ўсё новымі вачыма. Тое самае тычыцца і лагоднасці

 

Першы чым мы перайдзём да акрэслення лагоднай асобы, заўважым цікавы факт. У Старым Запавеце словам “праюс” (лагоднасць) перакладзена паняцце якое азначае беднасць. Здавалася б якая тут можа быць сувязь. Чаму беднага можна назваць лагодным? Хутчэй можна падумаць, што бедны чалавек, гэта чалавек узрушаны, азлоблены, але ніяк не лагодны. Тым не менш сувязь ёсць. Але яе мы раскрыем пазней. А зараз пагаворым пра тое, якім чынам можна зразумець ці з’яўляецца чалавек лагодным ці не? Ну вось напрыклад, калі мы бачым чалавека на вуліцы, як можна ўзнаць – лагодны ён ці не? Існуе адна вельмі простая і элементарная методыка – трэба яго атакаваць, справакаваць, каб паглядзець на яго рэакцыю.

Менавіта такім спосабам аднойчы скарыстаўся “другі апостал Рыма”, як называюць знакамітага св. Філіпа Нэры. Гэты святар жыў у XVI ст. і запоўніўся жыхарам Вечнага горада сваёй гарачай верай, клопатам пра бедных і сіротаў і адной даволі вясёлай і павучальнай гісторыяй.  У той час у Рыме жыла адна законніца, якую многія лічылі святой ужо пры жыцці. Яна прыгожа размаўляла, шмат малілася, заўсёды была ціхай і лагоднай. Філіп Нэры таксама вырашыў пазнаёміцца з ёй, але адначасова і выпрабаваць яе святасць. Ён пастукаў у дзверы кляштара ў якім пражывала законніца, а калі тая адкрыла ... пырснуў ёй у твар вадой са шклянкі. І тут ён пачуў такія іпэтыты, што ужо з першай хвіліны пераканаўся – пра святасць гэтай манахіні не можа быць і гаворкі. Канешне, сёння не варта абліваць вадой мінакоў ці знаёмых, але тым не менш, каю убачыць ці сапраўды чалавек лагодны, неабходна паглядзець на яго ў падобнай крытычнай сітуацыі. На першы погляд мы ўсе вельмі добрыя, сімпатычныя, лагодныя, адкрытыя і ветлівыя. Але ў момант выпрабавання хто ведае, як будзем сябе весці сябе?

Такім чынам, “лагоднасць”, гэта характарыстыка, якую нельга ўбачыць з першага позірку. Яна раскрываецца ў канфліктнай сітуацыі. Яна праяўляецца ў стане сутыкнення інтарэсаў. Лагодны рэагуе са спакоем на праявы гвалту ў адносінах да сябе, а той хто проста жадае выглядаць такім, адразу рэагуе з агрэсіўнасцю у адказ. Трэба адзначыць, што Езус вельмі цаніў лагоднасць і таму ўзгадаў яе таксама падчас фундаментальна важнага “Нагорнага казання”, а ў прыватнасці ў апавяданні пра восем благаслаўленняў. Хрыстус сказаў: “Шчалівыя лагодныя, бо атрымаюць “зямлю ў спадчыну”.

Цікава таксама, што на старонках Святога Пісання вельмі мала сказана аб асабістых, унутраных характарыстыках Езуса, але там дзе пра іх гаворыцца, абавязкова падкрэслівае Яго лагоднасць. Напрыклад сам Хрыстус сказаў пра сябе: “навучыцеся ад мяне, бо я ціхі і лагодны сэрцам”. Калі Пан пажадаў данесці да нас гэту праўду, значыць палічыў яе асабліва важнай. Але што ж напрыканцы канцоў значыць – быць лагодным? Пра гэта мы пагаворым на наступным тыдні.








All the contents on this site are copyrighted ©.