2015-02-09 17:21:00

Плёны Святога Духа. Добразычлівасць (ІІ)


У нашай сённяшняй праграме мы працягнем цыкл разважанняў аб плёнах Святога Духа, аўтарам якіх з’яўляецца вядомы італьянскі святар, бібліст і катэхет кс. Фабіа Расіні. У яго рамках мы знаёмімся з сутнасцю хрысціянства, з многімі паняццямі, якія ў сённяшнім свеце згубілі багацце свайго зместу, збяднелі ў чалавечым разуменні. Мы спрабуем зрабіць “перазагрузку” свайго разумення хрысціянства, абнаўленне нашых ведаў, адкідаючы ў бок шматлікія легенды, выдумкі і забабоны, якімі вера “абрасла” на працягу стагоддзяў. Мы спрабуем глядзець на хрысціянства ў кантэксце нашага штодзённага жыцця, спрабуем убачыць яго такім, якое яно ёсць на самой справе. Асновай для нашых разважанняў, з’яўляюцца словы апостала Паўла з Паслання да Галатаў, у якім святы пералічвае плёны цела і супрацьпастаўляе іх плёнам духа, якія нараджаюцца дзякуючы глыбокім адносінам з Хрыстом. У мінулых праграмах мы ўжо размаўлялі пра плёны стрыманасці, лагоднасці, вернасці, дабрыні. Сёння мы працягнем размаўляць пра плён добразычлівасці.

Добразычлівы бачыць ва ўсіх сітуацыях і асобах нагоду для дабра. Добразычлівасць – заўсёды канструктыўная перад абліччам розных сітуацый. Яна бачыць сэнс ва ўсім, што здараецца ў жыцці. Жыццёвыя выпадкі, часам нават не зусім прыемныя, для добразычлівага чалавека – гэта заўсёды шанец, новая магчымасць, а не трагедыя і прычына для роспачы. Добразычлівасць заўсёды вядзе да пераадолення розных сітуацый, да росту, пазітыўнай эвалюцыі ва ўмовах цяжкасцяў. Гэта выключна пасхальны позірк на жыццё. Нават у негатыўных рэчах, з якімі сустракаецца, добразычлівы здольны бачыць пазітыў, бачыць карысць, якую яны могуць прынесці.

Часта нашы справы ідуць не так, як бы нам гэтага хацелася. Магчыма перад запланаванай вандроўкай пачаўся моцны дождж ці зламалася машына і мы становімся перад выбарам: наракаць на сітуацыю і праблемы або ўбачыць, што добрага можна зрабіць тут? Добразычлівы, перад абліччам цяжкасцяў пачынае пытаць сябе: а можа гэта да лепшага? Ці не была гэта сітуацыя кіравана мудрай рукой адкуль-небудзь з вышыні? Добразычлівасць – гэта адкрытасць на пазітыў.

Але ўвага. Гаворка не ідзе пра просты аптымізм. Пра людзей, якія бачаць кубак напалову поўным, а не напаловы пустым. Не, гэта добры характар. Мы аднак размаўляем пра іншае. У цэнтры нашай увагі знаходзяцца плёны Святога Духа – гэта значыць не проста рысы, якія могуць быць уласцівы аднаму чалавеку і зусім не ўласцівы іншаму. Не! Плёны Святога Духа адкрыты для ўсіх, хто мае глыбокія і пастаянныя адносіны з Богам.

Дзякуючы блізкаму штодзённаму кантакту з Богам нараджаецца інтуіцыя, якая падказвае, што з цяжкасцяў заўсёды будзе нешта добрае, што ў далейшым сітуацыя нас дзівіць і павядзе туды, куды мы нават і не чакалі.

Бог – добразычлівы. Яго добразычлівасць праяўляецца ў адносінах да грэшнікаў. Нават калі чалавек паказвае Яму сваю грахоўнасць, Бог глядзіць на яе не як на нагоду для таго, каб знішчыць чалавека, але наадварот, як на патэнцыял з якога можна пачаць здабываць дабро. Менавіта ў самы страшны момант – у момант сваёй смерці, Ён пераўтварыў жудасны акт катавання і забойства, якому падвергнуўся, у магчымасць для збаўлення ўсіх людзей. Бог, заўсёды мае для нас канструктыўную і пазітыўную прапанову.

Зло якое чынім, дзякуючы дзейнасці добразычлівага Бога, можа стаць месцам сустрэчы з Яго міласэрнасці. Канешне, Бог ніколі не жадае, каб мы чынілі зло. Ні ў якім разе! Але, калі чалавек, карыстаючыся ўласнай свабодай, усё ж яго робіць, Бог імкнецца пераўтварыць зло ў дабро. Хрыстус ведзь прыйшоў на свет не для таго, каб яго судзіць, але каб збаўляць. І такім чынам нашы слабасці становяцца для нас магчымасцю сустрэчы з Божай любоўю, пазнання Яго цярплівасці, Яго пяшчотнасці, Яго бацькоўства. Будзем памятаць, што айцец – гэта той, хто стварае жыццё, дае жыццё.

Гаворка не ідзе пра паказальную, знешнюю дабрыню, таму што добразычлівасць прадугледжвае папраўленне, настаўленне, перамену, дысцыпліну чалавека. Прадугледжвае таксама праўду, якая можа ўспрымацца іншымі, як цвёрдасць у адносінах да іх.

Гаворачы пра канкрэтныя прыклады, падумаем, калі ў нашым жыцці з’яўляюцца магчымасці для сапраўднай любові ці сяброўства? Вядома, ведзь, што сапраўднага сябра можна ўбачыць у патрэбе. Такім чынам, патрэба іншага – гэта не праблема. Гэта нагода. Гэта наш шанец стаць яго сябрам.

Недахоп сужонка, які часта намі разглядаецца як праблема, на самой справе – гэта патэнцыял сужэнства. Калі яшчэ хочаш па-сапраўднаму палюбіць сваю жонку, як не ў той момант калі яна вядзе сябе нязносна? Калі яшчэ можаш па-сапраўднаму любіць свайго мужа, як не ў той момант, калі ён памыліўся? Любіць чалавека, які паводзіць сябе добра не вельмі складана, як казаў сам Хрыстус: “Калі ж вы будзеце любіць тых, хто вас любіць, якую маеце узнагароду?”.

Будзем памятаць, што хрысціяне пакліканы да незвычайных рэчаў. Любоў да чалавека, які памыляецца; да дзіцяці, якое хворае; да чалавека, які патрабуе разумення – гэта менавіта тое незвычайнае. Добразычлівасць дапамагае нам бачыць магчымасці для такой любові, нават калі іншым здаецца, што тут яна немагчыма.   








All the contents on this site are copyrighted ©.