2015-02-09 16:53:00

Плёны Святога Духа. Дабрыня (II)


У нашай сённяшняй праграме мы працягнем цыкл разважанняў аб плёнах Святога Духа, аўтарам якіх з’яўляецца вядомы італьянскі святар, бібліст і катэхет кс. Фабіа Расіні. У яго рамках мы знаёмімся з сутнасцю хрысціянства, з многімі паняццямі, якія ў сённяшнім свеце згубілі багацце свайго зместу, збяднелі ў чалавечым разуменні. Мы спрабуем зрабіць “перазагрузку” свайго разумення хрысціянства, абнаўленне сваіх ведаў, адкідаючы ў бок шматлікія легенды, выдумкі і забабоны, якімі наша вера абрасла на працягу стагоддзяў. Мы спрабуем глядзець на хрысціянства ў кантэксце нашага штодзённага жыцця, спрабуем убачыць яго такім, якое яно ёсць на самой справе. Асновай для нашых разважанняў, з’яўляюцца словы апостала Паўла з Паслання да Галатаў, у якім святы пералічвае плёны цела і супрацьпастаўляе іх плёнам духа, якія нараджаюцца дзякуючы глыбокім адносінам з Хрыстом. У мінулых праграмах мы ўжо размаўлялі пра плёны стрыманасці, лагоднасці, вернасці і пачалі гаворку пра плён дабрыні, якую працягнем сёння.

Мы ўбачылі, што дабрыню можна разумець па рознаму. Часта яна з’яўляецца зусім не такой, якой сябе ўяўляюць яе многія. Часам чалавек несвядома можа лічыць дабрынёй тое, што ёй не з’яўляецца. Напрыклад яго добрыя паводзіны могуць абумоўлівацца жаданнем выглядаць добрым, адчуваць сябе ў парадку і гармоніі. Такая дабрыня мае эліністычную аснову, яе можна назваць дабрынёй “нью эйдж”. Гаворка ідзе пра пэўную мадэль паводзінаў якая прадугледжвае непарушнасць, ветлівасць, прыязнасць, супакой, у якасці шляху да пэўнай унутрнай гармоніі і раўнавагі. Сёння такія паводзіны з’яўляюцца папулярнымі. Мы часта сустракаемся з падобнага кшталту “пацыфізмам”, “не чыненнем зла”, за якім можа хавацца звычайная абыякавасць да лёсу іншага і клопат выключна пра добры унутраны стан.

У хрысціянстве дабрыня пасіянарная. Яна заўсёды скіравана на дабро іншага чалавека. Мэта хрысціянскай дабрыні – гэта заўсёды дабро бліжняга. Я раблю дабро для яго, а не для таго, каб мець унутраны камфорт. Дзеля гэтага хрысціянін можа нават даць моцны і непрыемны штуршок блізкаму чалавеку, мэтай чаго будзе дабро гэтага чалавека.

Напрыклад у сям’і, бацька не можа апраўдваючыся ўласнай дабрынёй заўсёды і ва ўсім пагаджацца з дзіцём і ўсё яму дазваляць. Так, гэты бацька можа пакалечыць жыццё сваёйго дзіцяці, якое праз некалькі гадоў будзе мець страшныя праблемы звязаныя з адсутнасцю належнага выхавання і абмежаванняў, якія павінны былі ставіць бацькі. Тое самае тычыцца нашых блізкіх, якіх мы павінны падтрымліваць і спрыяць іх развіццю, часам нават праз настойлівасць і незадавальне пэўных жаданняў.

Канешне, тут гаворка не ідзе пра тое, каб стаць тыранам і любым коштам гнуць сваю лінію. Хрысціянская дабрыня, якая з’яўляецца плёнам Сваятога Духа – яна мудрая і разважлівая і прыйсці да яе можна толькі маючы глыбокія і пастаянныя адносіны з Богам.

На гэтым шляху, як і на любым іншым існуюць дзве кропкі – пачатковая кропка і канчатковая. Дык вось, пачатковай кропкай тут з’яўляецца... іншы чалавек. Калі мы хочам зразумець, што такое дабрыня мы павінны выйсці з індывідуалізма. Мы павінны выйсці з засяроджанасці на саміх сябе: з засяроджанасці на ўласным росце, уласных здольнасцях і г.д. Неабходна пачынаць з самага галоўнага і важнага.

Езус, у Евангеллі, калі клікаў людзей за сабой, заўсёды запрашаў іх пакінуць нешта. Заўсёды існуе нешта, што трэба пакінуць за спіной і крочыць далей. Калі мы хочам прайсці ў глыбіню пазнання дабрыні, мы павінны пакінуць за плячыма гэта нешта. Калі нашай канчатковай мэтай з’яўляецца пошук дабра бліжняга, калі гэта нам прынясе радасць, калі у гэтым мы зможам рэалізавацца як асобы – рэчы, якія мы павінны пакінуць за плячым, гэта нашы ўласныя праблемы.

Будучы засяроджанымі на іх мы не зможам нічога вырашыць. Чалавек – гэта асоба сацыяльная. І менавіта гэтай сацыяльнай сферы, сферы адносінаў паміж людзьмі тычыцца дабрыня. Яна не існуе сама па сабе. Праз яе чалавек рэалізуецца, выходзіць за ўласныя рамкі. Многія асобы, у тым ліку законнікі і законніцы, які глыбока жывуць сваёй верай, прабываюць у пэўнай слепаце, якая не дазваляе ім дайсці да канчатковай кропкі.

Існуе фундаментальнае правіла неабходнае для глыбокага разумення тэкстаў і розных дадзеных: каб зразумець нешта, я павінен аб гэтым распытаць. Калі пытанне не знаходзіць адказу – гэта не значыць, што адказу не існуе. Не. Адказ існуе, толькі ў большасці выпадкаў праблема заключаецца ў неправільна зададзеным пытанні. Дабрыня – гэта вынік правільна зададзенага пытання: у чым маё шчасце? Як магу вырашыць мае ўласныя праблемы?

Калі раны, якія чалавек носіць у сябе, разглядаць як самі па сабе – яны заўсёды будуць невырашанай праблемай. Але існуе іншы спосаб, каб глядзець на нашы турботы. Праблема заключаецца не ў тым, каб заўсёды жадаць змяніцца, але ў тым, каб зразумець сваё месца ў вялікай мазайцы адносін з людзьмі. 

 








All the contents on this site are copyrighted ©.