2015-02-09 16:49:00

Плёны Святога Духа. Вернасць


Мы працягваем наша знаёмства з плёнамі св. Духа, у якім нам дапамагаюць разважанні падрыхтаваныя для нашага радыё італьянскім святаром, біблістам і вядомым катэхетам кс. Фабіо Расіні. Кс. Фабіо, прапаноўвае па новаму паглядзець на сваю веру, убачыць яе сапраўдны сэнс і жыць гэтым багаццем у штодзённасці. У сваіх разважаннях ён абапіраецца на фрагмент з Паслання апостала Паўла да Галатаў, у якім апостал робіць пералік плёнаў св. Духа. У мінулых праграмах мы паразважалі аб плёнах валодання сабой і лагоднасці. Сёння мы пагаворым аб чарговым плёне дзейнасці св. Духа ў нас – вернасці.

Вернасць мае вельмі шырокае значэнне. Перш за ўсё гэта плён. Мы не павінны забывацца аб тым, што становімся вернымі дзякуючы дзейнасці св. Духа ў нас. Менавіта аб гэтым кажа тэкст Паслання да Галатаў, над якім мы разважаем.

Каб лепш зразумець сэнс слова вернасць, кс. Фабіо прапануе паглядзець на прыклад з жыцця. Што значыць – верны айцец? Што значыць – верны брат? Што значыць верны муж ці верная жонка? Што значыць верны сябар? Для нас іх вернасць звязана з рэальнасцю, якая зарактарызуецца адсутнасцю здрады. А як можна зразумець ці чалавек верны ці не? Адзіны спосаб – гэта паставіць яго перад абліччам спакусы. У стан магчымасці здрадзіць. У такія ўмовы, у якіх здрадзіць стане вельмі зручна. І тут можна даведацца аб вернасці чалавека.

Вельмі часта, здрада – гэта не тады, калі блізкі чалавек нас пакідае, але калі кажа “так”, у той час, калі трэба сказаць “не”. Вернасць, гэта калі твой сябар кажа табе тое, аб чым па-сапраўднаму думае, нават рызыкуючы адносінамі, бо любіць табе. Вернасць у адносінах, гэта вернасць праўдзе ў адносінах: быць для бліжняга тым, кім я з’яўляюся на самой справе, а не граць іншыя ролі. Напрыклад, бацька, які стараецца паводзіць сябе як сябар у адносінах да дзіцяці, што само па сабе не з’яўляецца дрэным, у сферы айцоўства можа быць здрадай. Ён выбраў сяброўскі стыль адносінаў, хоць замест гэтага павінен быць аўтарытэтам. Мець здольнасць сказаць “не” і ставіць абмежаванні ў адносінах да дзяцей. Напрыклад, слова “бацька”, у грэцкай мове азначае “абмяжоўваць”. Бацька, які не ўмее казаць “не” свайму сыну – гэта кепскі бацька.

Чым жа з’яўляецца вернасць? У вернасці цэнтальнае месцам займае дабро бліжняга. Напрыклад, у сужэнстве вернасць мае вельмі парадаксальны змест. У кнізе Быцця, гаворыцца аб тым, што мужчына і жанчына дадзены на дапамогу адно аднаму. Але ў яўрэйскім тэксце гэтыя словы гучаць прыкладна як, “у дапамогу аднаму супраць другога”. Што значыць, што муж і жонка павінны быць дапамогай супраць адзін аднаго? Што гэта за дапамога “супраць мяне”? Муж і жонка павінны быць здольныя папраўляць адзін аднаго. Здольныя стаць прыладай росту адзін для аднаго. Такая пазіцыя патрабуе праўдзівасці, але не ўзаемнай інфантыльнасці. Вернасць уключае ў сябе нават канфлікт, сутыкненне, падзел. Св. Францішак у сваёй рэгуле напісаў, што калі брат атрымлівае загад, які ідзе супраць яго сумлення, можа яго не выконваць, але не можа парушаць блізкасці да свайго настаяцеля – павінен быць побач з ім і заставацца верным яму. Вернасць – гэта не згода, але адданасць праўдзівым адносінам.

Сёння інстытут сужэнства знаходзяцца ў крызісе. Многія баяцца вернасці. Баяцца абавязку, які застанеца назаўсёды. Баяцца пастаянства. Сённяшні чалавек мае нянавісць да законаў, правілаў, якія часам патрабуюць намаганняў. Акрамя таго, людзі маюць страх перад пакутамі: псіхалагічнымі і духоўнымі. Увага! Паняцце непарыўнасці адносінаў не з’яўляецца вяршыняй таго, чаму навучае Касцёл. Ён не кажа: глядзі, калі хочаш узяць шлюб, ты абавязаны быць верным праз усё жыццё, таму што гэта наша ўмова. Не. Касцёл ставіць акцэнт на вернасць, як на прыроду любові. Непарыўнасць з’яўляецца рэальнасцю, станам чалавека. Стылем адносінаў, якія я ўстанаўліваю. Што такое сужэнская вернасць? Гэта тып адносінаў, якія з’яўляюцца такімі па сваёй прыродзе. Нельга ажаніцца калі не адчуваеш сябе непадзельна звязаным з гэтай рэальнасцю. Рэальнасцю вернасці. Напрыклад: адносіны паміж айцом і сынам непарыўныя, незалежна ад таго, што гэты сын ці айцец робіць ці не робіць. Нават калі будзе самы праблематычны сын, які прыносіць шмат праблем і адносіны паміж ім і сям’ёй будуць знішчаны. Негледзячы на гэта, ён застанецца сынам. Гэты тып адносін непарыўны па сваёй прыродзе. Любоў паміж мужчынай і жанчынай, калі гэта любоў сапраўдная – пастаянная і нязменная.

Ці можаш сказаць, што твой сын больш не твой сын – не. Таму што ён ім з’яўляецца па натуры! Ці можаш сказаць сваёй жонцы, што яна больш не твая жонка – не! Калі двое рыхтуюцца да сужэнства, яны павінны мець такое адчуванне адзін аднаго. Яны павінны быць свядомымі таго, што адзін, па сваёй прыродзе з’яўляецца целам другога.

Вернасць, гэта трыванне ў праўдзе, негледзячы на ўмовы, якія змяняюцца. Вернасць, гэта жаданне еднасці з іншым, не ў памылковы спосаб, але ў праўдзе. Часта сужэнская нявернасць здараецца калі чалавека няверны самому сабе. Калі ён бяжыць ад выклікаў свайго жыцця. Ад складаных падзей, дзякуючы якім можа ўзрастаць. Ён вяртаецца ў дзіцячыя, інфантыльныя паводзіны. Становіцца чалавекам які просіць, які бярэ. Верны чалавек – гэта чалавек, перш за ўсё, верны самому сабе. Вернасць – гэта ідэнтычнасць чалавека, а не роля. Гэта стыль жыцця – вернасць праўдзе.

Такая вернасць паходзіць ад таго, хто па-сапраўднаму верны – ад Бога, які не пакідае сваёй ролі адносна свайго народа, не парушае свайго запавету. Нават будучы на крыжы, нават перажыўшы здраду, Ён даў нам самога сябе. “У тую ноч, калі быў выдадзены на мукі, узяў хлеб і даваў сваім вучням”, чуем мы падчас св. Імшы. У той час, калі пакутаваў, ён святкаваў сваю вернасць. Як муж ці жонка, аддаюць адзін аднаму сваё цела, так і Езус даў яго нам, як жаніх напоўнены любоўю. На крыжы ён палюбіў нас ў той час, калі мы былі годныя таго, каб быць пакінутымі.








All the contents on this site are copyrighted ©.