2015-02-09 16:36:00

Плёны Святога Духа. Cтрыманасць (І)


Мы пачынаем цыкл катэхез прысвечаных знаёмству з плёнам Святога Духа, аўтарам якіх з’яўляецца італьянскі святар, бібліст, вядомы рымскі катэхет і аўтар катэхетычных методык папулярных у Італіі, кс. Фабіа Росіні. У цэнтры нашай увагі будуць дзевяць пладоў Святога Духа, пра які ідзе гаворка на старонках паслання святога апостала Паўла да Галатаў. Праз іх мы пазнаёмімся з сутнасцю хрысціянства, з многімі паняццямі, якія ў сённяшнім свеце згубілі багацце свайго зместу, збяднелі ў чалавечым разуменні. Мы паспрабуем зрабіць “перазагрузку” свайго разумення хрысціянства, абнаўлення сваіх ведаў, адкідаючы ў бок шматлікія легенды, выдумкі і забабоны, якімі наша вера абрасла на працягу стагоддзяў. Важным будзе таксама тое, што мы паспрабуем паглядзець на хрысціянства ў адпаведнасці з нашым штодзённым жыццём, у сучасным кантэксце, паспрабуем убачыць яго такім, якое яно ёсць на самой справе. Пасланне да Галатаў, з’яўляецца адным з асноўных твораў св. Паўла. У ім  ўздымаецца фундаментальная праблема адносінаў паміж законам і ласкай, паміж чалавечай дзейнасцю і дзейнасцю Бога, дзейнасцю Бога ў чалавеку і адказнасцю чалавека за ўласнае збаўленне. Такім чынам, мы маем цудоўную магчымасць задумацца аб уласных адносінах з Богам і аб ўласным збаўленні. 

Напрыканцы 5 главы Паслання да Галатаў, апостал знаёміць з двума супрацьлеглымі рэчамі: ён апавядае пра плёны цела – наступствы жаданняў цела; і пра плёны духа – наступствы жаданняў духа. Св. Павел кажа: “паступайце паводле духа і жаданняў цела не выконвайце. Бо жаданні цела супярэчаць духу, а дух супярэчыць целу, бо яны супрацьстаяць адно аднаму, каб вы не маглі рабіць таго, што хацелі б. Калі кіруе вамі дух, то вы не пад Законам. Учынкі ж цела вядомыя, а гэта: распуста, нячыстасць, разбэшчанасць, ідалапаклонства, чарадзейства, варожасць, спрэчкі, зайздрасць, гнеў, сварлівасць, нязгоды, ерасі, нянавісць, п’янства, непрыстойнасць і падобнае да гэтага. Кажу вам зноў, як і казаў, што тыя, хто гэта робіць, не атрымаюць у спадчыну Валадарства Божага. А плён духа – гэта любоў, радасць, спакой, доўгацярплівасць, лагоднасць, дабрыня, вернасць, далікатнасць, стрыманасць” (Гал 5, 16-23). Менавіта пра гэтыя плёны мы і будзем размаўляць. Напачатку будзе важна зразумець, што такое плёны. У першую чаргу – гэта вынікі, наступствы пэўных працэсаў. Важна ўсведамляць, што мы размаўляем не пра адпраўную кропку, не пра базу ці фундамент з якога ўсё пачынаемцца, але менавіта пра наступствы пэўных працэсаў, пра вынікі, да якіх неабходна дайсці.

Спіс плёнаў Святога Духа апостал Павел пачынае ад самага вялікага – любові і заканчвае самым далёкім, апошнім, найменьшым – стрыманасцю. Каб не кідацца адразу ў самае полыме – у найважнейшыя і найбольш грунтоўныя аргументы, якія тычацца гэтай тэмы, мы пачнем разважанні у адваротным парадку. А менавіта – са стрыманасці, каб у апошніх праграмах нарэшце паразмаўляць пра любоў. Тэма стрыманасці, цікавая і важная. На грэцкай мове гэты плён Святога Духа называецца “энкратэя”, што можна дакладна перакласці як “панаванне над сабой”. Аднакарэнным для яго з’яўляецца ўсім нам да болі вядомае слова “бюракрат” – той хто мае уладу, пануе.

Гаварыць пра стрыманасць у сённяшнім свеце, крыху недарэчна, антыпатычна, несучасна, нямодна. У актуальнай культуры папулярна быць спантанным, легкадумным, рабіць тое, што прыходзіць на розум, не стрымліваць сябе, вызваляцца ад усялякіх абмежаванняў.

Але давайце паглядзём на адзін прыклад: напрыклад, калі я хачу купіць машыну, то кантралюю многія рэчы: гляджу на яе кошт, дызайн, матор, і  канешне буду зусім неразумным, калі не звярну ўвагі на тармазы. Здавалася б парадаксальная рэч: набываю машыну, каб рухацца, але кантралюю тармазы – каб спыняцца. Так, сапраўды, мы робім гэта, каб не трапіць у аварыю. Тое самае тычыцца і нашага жыцця – жыць без тармазоў, азначае імчацца насустрач здарэнню, знішчэнню ўласнага жыцця. Таму ў ім важна ўмець сябе стрымліваць.

Стрыманасць – гэта мастацтва кантролю над уласным існаваннем. Аднак і тут мы можам знайсці і іншую крайнасць, цалкам чужую хрысціянству. Сёння папулярным з’яўляецца мастацтва так званай “палітычнай карэктнасці” – г.зн., адсутнасці хвалявання, поўнага “self control” (“кантролю над уласнымі эмоцыямі”). Трэба адзначыць, што яно не новае.

Падобная культура існавала яшчэ ў эліністычнай культуры. Для старажытных грэкаў стрыманасць, панаванне над сабой, было своеасаблівым крэда. Яно разумелася як самакіраванне, ад якога залежыць уласны дабрабыт. Кантроль над уласнымі эмоцыямі і жарсцямі, азначаў здольнасць быць лепшым, лепш кіраваць уласным жыццём і апетытамі. Здаецца ўсё правільна, але праблема тут заключаецца ў тым, што ў цэнтр падобнага стылю паводзінаў ставіцца толькі ўласнае “я” і мой уласны дабрабыт. Гэта культура ветлівасці, спакою, неагрэсіўнасці у адносінах да іншых, сёння лічыцца вельмі еўрапейскай, моднай. Але, на самой справе яна з’яўляецца дыстанцыраваннем ад іншага.

Для хрысціянства падобнага кшталту стрыманасць непрымальна. У нашай веры  стрыманасць азначае нешта іншае. Яна плён Святога Духа – плён блізкіх адносінаў з Богам, які з’яўляецца Любоўю. Падрабязней пра гэта мы пагаворым у наступнай праграме.








All the contents on this site are copyrighted ©.