2015-02-09 18:15:00

Клайв Стэйплз Льюіс (I)


Калі хтосьці рэгулярна слухае гэту перадачу, то ведае, што апошнія яе выпускі былі прысвечаны вядомаму ангельскаму пісьменніку Дж.Р.Р.Толкіну. У мінулай перадачы мы з ім развіталіся, затое сёння надышла чарга пазнаёміцца з ягоным лепшым сябрам – не менш вядомым пісьменнікам – Клайвам Стэйплзам Стэнлі Льюісам. Заўсёды цяжка распавядаць пра знакамітых людзей. У якім святле прадстане ён у нашых перадачах? Быць можа варта пачаць з навяртання Прафесара, якое раз і назаўсёды дало пачатак існаванню такога Льюіса-аўтара, якога мы сёння ведаем – папулірызатара і апалагета хрысціянства.

Неабходны ўступ

Перад тым як пяройдзем да тэмы навяртання, дазвольце, сябры, што я зраблю кароткі, але неабходны біяграфічны ўступ. Льюіс нарадзіўся ў Бэлфасьце (Ірляндыя) 29 кастрычніка 1898 году. Яго маці Флорэнс Аўгуста Льюіс была дачкой англіканскага святара.

Пасля заканчэння школы ў 1917 годзе Льюіс паступае ў Юнівэсіты-коледж у Оксфардзе. У хуткім часе перапыняе навуку і ідзе ў брытанскае войска, удзельнічае ў Першай сусветнай вайне, але ўжо ў 1918 годзе ён быў паранены і дэмабілізаваны. Клайв вяртаецца ва ўніверсітэт, дзе сканчвае сваю адукацыю.

У 1923 годзе Льюіс атрымоўвае належныя навуковыя ступені ды становіцца выкладчыкам філалогіі. З 1925 па 1954 г. ён выкладае ангельскую мову і літаратуру ў коледжы Магдаліны ў Оксфардзе. Варта тут зазначыць, што не гледзячы на тое, што большась жыцця Льюіс пражыў у Англіі ды выкладаў ангельскую мову, але вызнаваў ён сябе ірландцам. Аднак пісаў ён па-ангельску, таму, паводле моўнага крытэрыя, ён лічыцца ангельскім пісменнікам.

Нам, беларусам, гэта сітуацыя цалкам знаёмая. Дастаткова ўзгадаць нашага земляка паэта Адама Міцкевіча, які вызнаваў сваёй айчынай Беларусь, але пісаў па-польску.

Шлях да Бога

Таму, хто хоча пазнаёміцца ў поўні з духоўнымі пошукамі Льюса, я б параіў прачытаць ягоную аўтабіяграфію “Здзіўлены радасцю”. У рознай біяграфічнай літаратуры падкрэсліваецца раптоўнасць ягонага навяртання. Напэўна так яно і было, аднак, калі чытаем уважліва яго аўтабіяграфію, то разумеем – гэта навяртанне было падрыхтаванае рознымі падзеямі і шматлікімі разважаннямі Прафесара. Між іншым на яго паўплывала лектура знакамітага пісьменніка і хрысьціяніна-католіка Чэсцертана (спадзяюся, што і да яго мы дабярэмся ў нашай праграме). Дазвольце мне тут зацытаваць пэўны урывак з вышэйзгаданай кнігі з некаторымі скарачэннямі:

І тут я прачытаў “Вечнага чалавека”, і ўпершыню хрысціянскі погляд на гісторыю падаўся мне разумным і паслядоўным. Я на розны спосаб намагаўся абараніцца ад гэтага шока. Як вы памятаеце, я і раней лічыў Чэсцертана самым разумным чалавекам на свеце, “калі адкінуць на бок яго хрысціянства”. Ну дык вось, цяпер у мяне атрымоўвалася (зразумела, што гэтага я немог выказаць словамі), што і хрысціянства цалкам разумна, “калі адкінуць на бок хрысціянства”. (…) На пачатку 1926 году самы ўпарты з усіх маіх знаёмых атэістаў прыйшоў да мяне, сеў каля агменя і абвесціў, што доказы гістарычнай аўтэнтычнасці Евангелляў занадта моцныя. “Нейкая лухта, - бурчэў ён. – Усе гэтыя паміраючыя богі у Фрэзера… Не, поўная лухта! Нават здаецца, што адзін раз гэта і насмрэч “адбылося””. Каб зразумець маё зшакаванне, улічыце, што гэты чалавек ні раней, ні пазней не праяўляў нават малой зацікаўленнасці да хрысціянства.

Тры гады пазней, у адну з начэй 1929 году, пасля цяжкай унутранай барадзьбы і сумненняў, Льюіс укленчыў і вымавіў малітву. Як ён сам гаворыць пра гэта: “У тую ноч, напэўна, я быў самым змрочным і панурым з усіх неафітаў Англіі. Тады я яшчэ не разумеў таго, што яўна ззяе цяпер перада мною – я не бачыў, які пакорны Госпад, які прымае нованавернутага нават на такіх умовах”. Гэта навяртанне, аднак, як і сам зазначвае Льюіс было толькі да тэізму (г.зн. да прызнання таго, што Бог існуе), але не да хрысціянства. Як развіваліся падзеі далей? Пра гэта ў наступнай перадачы.

Калі ж у вас, сябры, няма церпялівасці чакаць, тады варта наведаць бліжэйшую бібліятэку, пазычыць там кнігу “Здзіўлены радасцю”, знайсі ўтульнае месца і… добрага вам чытання.








All the contents on this site are copyrighted ©.