2015-02-09 18:13:00

Джон Рональд Руэл Толкін (VI)


У фокусе нашай увагі, таксама як і некалькі папярэдніх перадачаў, ангельскі пісменнік Дж.Р.Р.Толкін. Сёння мы заканчваем гартаць яго найбольш вядомы твор «Уладар пярсцёнкаў» ды падсумуем (у рамках нашай перадачы вядома) яго творчасць. У папярэдніх перадачы я пазнаёміў вас, шаноўныя сябры, з такім так бы мовіць феноменам у творчасці Прафесара, якому надаў нават асобную назву – Тэалогія памірання. Я зазначыў, што таксама істотнымі элементамі яе з’яўляюцца сьмерць, спакуса несмяротнасцю і надзея без гарантый.

Гісторыя памірання Фрода

Гісторыя галоўнага героя “Уладара Пярсцёнкаў”, Фрода – гэта таксама гісторыя памірання. Фрода выракаецца самога сябе, паслядоўна згаджаецца на смерць. І нават на фінішы сваёй гісторыі ён не можа радавацца вялікай перамозе,  не прыносіць яму радасці таксама і родны Шыр. І перамога і Шыр ёсць – але ўжо не для яго. Пра гэта Фрода адкрыта гаворыць свайму сябру: “Але ж я надта глыбока паранены. Я намагаўся ўратаваць Шыр, і той выратаваны – аджа не для мяне. Так часьцяком здараецца, калі нечаму пагражае небяспека, Сэме: нехта мусіць адмовіцца, страціць каштоўнасць для сябе, каб пакінуць астатнім”[1]. Відавочна, што Фрода свядомы сваёй ахвяры і ў нутры сябе самога пагаджаецца на сваё павольнае паміранне. У гэтым і ёсць яго вялікасць.

Ён, той хто быў апекуном Пярсцёнка, вымушаны плыць за Мора. Толкін наступным чынам тлумачыць гэты таямнічы “пераход”: “Фрода быў высланы за Мора, ці таксама дазволілі яму там паехаць, каб паздаравеў – калі гэта магчыма – перад тым як памрэ. Урэшце рэшт і так павінен быў бы “адысці”: бо ніводны смяротны не мог або не можа заставацца на зямлі ці ў часе назаўсёды. Таму на пэўны час адышоў, да чысца, і адначасова па ўзнагароду: гэта быў час рэфлексіі, супакою і таксама больш поўнага зразумення свайго месца ў маласці і ў вялікасці…”[2].

Трапна пра стан Фрода выказаўся таксама Колін Гантан (Colin Gunton): “(Фрода) адыходзіць у пэўнага роду смерць – адплывае з Сівай Завані. (…) Яго вычарпала барацьба са злом і не дано яму жыць, каб радавацца новым супакоем і задавальненнем, якое прынёс Шыр. Падобна як Майсею дано яму пабачыць абяцаную зямлю, але яе не асягае – бо ён занадта змучаны, каб вярнуцца да былога жыцця”[3].

Гісторыя памірання Арвэн і Арагорна

І апошняе на што я хацеў бы з’вярнуць вашу увагу, шаноўныя сябры – гэта гісторыя Арвэн і Арагорна. Арвэн – на палову з’яўляецца эльфам. Яна кахае Арагорна і хоча звязаць з ім сваё жыццё. Але гэта азначае, што яна павінна адмовіцца ад сваёй несмяротнасці ды абраць лёс простага “смяротнага”.

Аднойчы, калі ён “зышоў да яе пад расквітаючымі золатам дрэвамі Карас Галадгону, яна зрабіла выбар і яе лёс быў назаўсёды акрэслены”. Выбар Арвэн можна зразумець, бяручы пад увагу яе каханне і мудрасць. Ёй больш даспадобы кароткае жыццё, у якім ёсць любоў, чым бясконцае жыццё без любові.

У Арагорна таксама ў жыцці ёсць  моманты, калі яму трэба выбраць: або ісці насустрач смерці, або застацца ў бяспецы. Першы раз ён робіць свій выбар, калі рашаецца пайсці разам з Фрода, другі ж раз, калі вырашае ісці Сьцягою Мёртвых. Закаханая ў яго Эявін намагаецца спыніць яго: “Арагорн, - вымавіла яна, - чаму ж ты крочыш у сьмерць?”- “Таму што я мушу. Толькі ў тым мая надзея, толькі так магу я зьдзейсніць наканаванае ў вайне супраць Саўрона…”. Такі быў адказ шляхетнага ваяра.

Памылка, грэх тых, якія сталі на бок ворага, быў у тым, што ім не хапала мужнасці пагадзіцца з фактам смерці. Яны аддалі перавагу спакусе “інтэрпрэтаваць час і смерць на ўласных умовах, а не на ўмовах Творцы”[4]. Яны прагнулі гвалтам здабыць тое, што ёсць дарам. Толкін фармулюе гэтую думку ў наступных словах: “Таму намагацца атрымаць даўгавечнасць пры дапамозе хітрасці ці магіі з’яўляецца актам самай высокай ступені шаленства і недастойнасці “смяротных”. Даўгавечнасць ці таксама фальшывая “несмяротнасць” (…) з’яўляюцца галоўнай нажыўкай Саўрона – малых вядзе да Глыкса, а вялікіх да Прывіда Пярсцёнка”[5].

Такім чынам дар смерці ёсць цяжкім дарам у залежнасці ад таго, ці мы прымаем яго, ці адкідаем: для адных стаецца ён дабраслаўленнем, для іншых – праклёнам… Чакайце, чакайце, шаноўныя сябры! Ці мы ўсё яшчэ гаворым пра кнігу?!

Вось так Прафесар па-мастацку скіроўвае нас ад свайго прыдуманага свету да свету нашага, прыдуманага Госпадам Богам. Няма сумніву, што наступіць момант, калі і нам трэба будзе прыняць Яго трудны дар. Я ж жадаю ўсім нам застацца на баку дабра і, пакуль яшчэ ёсць час - добрага вам чытання.

 








All the contents on this site are copyrighted ©.