2015-02-06 13:37:00

Рэформы ў Рымскай курыі вакол двух галоўных восяў


Пра будучыя рэформы ў Рымскай курыі ў інтэрв’ю італьянскаму каталіцкаму выданню “Famiglia Cristiana” распавёў сакратар Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам, біскуп Марчэла Сэмерара. Ён адзначыў, што тут не можна дзейнічаць хутка, таму што змены павінны забяспечыць некаторы баланс устаноў. Па словах іерарха, ватыканскай структуры патрэбныя “пахудзенне” і аптымізацыя, але ўсё гэта з улікам тых пытанняў, якімі займаліся існуючыя дагэтуль установы.

У цэлым, гэта павінна было палягаць на аб’яднанні некаторых Папскіх радаў вакол двух галоўных восяў: свецкія-сям’я-жыццё і дабрачыннасць-справядлівасць і мір. Гэта не азначае, што ўсё ўжо вырашана, падкрэсліў біскуп Сэмерара. Ёсць асцярога перад занадта строгім падзелам новых дыкастэрый на сектары, а таксама перад мінімалізацыяй увагі на некаторыя праблемы. Справа палягае на тым, аднак, каб Рымская курыя была не нейкай аўтаномнай ватыканскай структурай, але эфектыўным інструментам у руках Пантыфіка, каб яна стала прыкладам для мясцовых Касцёлаў да ўвядзення падобных арганізацыйных спрашчэнняў.

Наступнае пасяджэнне Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам адбудзецца ў Ватыкане 9-11 лютага 2015 г.

Падчас папярэдняй сустрэчы, якая праходзіла ў сярэдзіне снежня 2014 г., ужо абмяркоўвалася тэма рэарганізацыі Папскіх радаў і пытанні адносна будучыні некаторых ватыканскіх дыкастэрыі. Таксама гаворка ішла пра фінансавы стан структур Апостальскай Сталіцы.








All the contents on this site are copyrighted ©.