Папа заклікаў епіскапаты да супрацоўніцтва ў справе абароны непаўналетніх
Праз некалькі дзён
у Рыме адбудзецца першая сустрэча ў поўным складзе Папскай камісіі па абароне непаўналетніх,
заснаванай Францішкам у сакавіку 2014 г. З гэтай нагоды Святы Айцец скіраваў старшыням
біскупскіх канферэнцый, настаяцелям інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў
апостальскага жыцця ліст з просьбай аб супрацоўніцтве з камісіяй, у склад якой увайшлі
высокакваліфікаваныя асобы, вядомыя сваёй дзейнасцю ў галіне аховы дзяцей.
У
сваім лісце Папа нагадаў, што падчас сустрэчы з людзьмі, якія падвергліся сексуальнаму
насіллю з боку святароў, ён быў глыбока крануты сведчаннем іх пакут і сілы веры. Гэта
сустрэча зацвердзіла яго ў імкненні зрабіць усё магчымае для таго, каб пазбавіць Касцёл
ад насілля над непаўналетнімі і адкрыць шлях да прымірэння і загаення ран.
На
думку Папы, камісія можа стаць “новай, важнай і эфектыўнай прыладай” абароны непаўналетніх
на ўсіх узроўнях Касцёла – на узроўні біскупскіх канферэнцый, парафій, інстытутаў
кансэкраванага жыцця, таварыстваў апостальскага жыцця і іншых. Сем’і павінны ведаць,
што Касцёл прыкладае ўсе намаганні, каб абараніць іх дзяцей, - гаворыцца ў лісце Святога
Айца. - Акрамя таго, яны павінны ведаць, што маюць поўнае права звярнуцца ў Касцёл
з упэўненасцю, што гэта – бяспечны дом.
Пантыфік заклікаў прыкладаць усе намаганні
для таго, каб гарантаваць поўную рэалізацыю палажэнняў цыркулярнага ліста Кангрэгацыі
Веравучэння ад 3 траўня 2011 г. Гэты дакумент быў распрацаваны для таго, каб дапамагчы
біскупскім канферэнцыям у распрацоўцы кіруючых прынцыпаў для разгляду выпадкаў сексуальнага
насілля над непаўналетнімі з боку касцёльных асоб. Біскупскія канферэнцыі павінны
перыядычна пераглядаць гэтыя нормы і кантраляваць іх выкананне.
Папа нагадаў,
што адказнасць за бяспеку непаўналетніх у парафіях і іншых касцёльных установах нясуць
дыяцэзіяльныя біскупы і вышэйшыя настаяцелі. Ахвярам насілля і іх сем’ям неабходна
прапаноўваць праграмы псіхалагічнай і духоўнай дапамогі. Сустрэчы з пацярпелымі даюць
каштоўную магчымасць выслухаць іх і папрасіць прабачэння, гаворыцца ў лісце папы Францішка.