2015-02-04 12:14:28

Папа заклікаў спыніць “жахлівае братазабойчае насілле” ва Украіне


RealAudioMP3 Святы Айцец у чарговы раз заклікаў да спынення ваенных дзеянняў ва Украіне. “Мае думкі зноў скіроўваюцца да ўмілаванага народу Украіны. Нажаль, сітуацыя пагаршаецца і супрацьстаянне паміж бакамі ўмацоўваецца. Памолімся, перш за ўсё за ахвяр, сярод якіх шмат мірных жыхароў, і за іх сем’і, і папросім Пана, каб як мага хутчэй спынілася гэта жахлівае братазабойчае насілле”, - сказаў Папа 4 лютага 2015 г. на заканчэнне агульнай аўдыенцыі ў ватыканскай Зале Паўла VI. Пантыфік звярнуўся з заклікам “прыкласці ўсе намаганні, у тым ліку на міжнародным узроўні, дзеля аднаўлення дыялогу – адзінага магчымага шляху да вяртання міру і згоды” на “шматпакутнай зямлі” Украіны.

“Браты і сёстры, калі я чую словы “перамога” або “параза” адчуваю вялікі боль, вялікі смутак у сэрцы. Гэта не правільныя словы, адзінае правільнае слова – гэта “мір”. (...) Я думаю пра вас, украінскія браты і сёстры... Падумайце, гэта вайна паміж хрысціянамі! Вы маеце адзін і той жа хрост! Вы змагаецеся як хрысціяне з хрысціянамі. Падумайце пра гэта шаленства. Давайце ўсе будзем маліцца, таму што малітва - гэта наш пратэст перад Богам падчас вайны”, - сказаў Папа.

Сённяшні заклік Францішка стаў чарговым за пошнія месяцы. Так, 25 студзеня 2015 г. падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра ён запрасіў бакі канфлікту “пакласці канец ўсім ваенным дзеянням”. Трэба адзначыць, што ў апошнія тыдні сітуацыя ў рэгіёне рэзка абвастрылася па прычыне актыўных баявых дзеянняў. Паведамляецца шматлікіх смяротных ахвярах сярод мірнага насельніцтва.









All the contents on this site are copyrighted ©.