2015-02-04 13:42:06

100 гадоў таму на працу ў Ватыкане была прынята першая жанчына


RealAudioMP3 100 гадоў таму, 1 лютага 1915 г., у Ватыкане пачала працу першая жанчына. Рымлянку Анну Пецолі прызначылі памочнікам у так званай “Floreria Apostolica”, структуры, адказнай за афармленне месц, дзе адбываюцца сустрэчы з Папам. Толькі праз 11 гадоў пасля гэтай падзеі на працу ў ватыканскія ўстановы былі прыняты наступныя жанчыны. Пра гэты мала вядомы раздзел гісторыі Святога Пасаду распавяла журналістка Ватыканскага радыё Гудрун Зайлер, аўтарка кніг, прысвечаных прысутнасці і працы жанчын у Ватыкане.

У 1926 г. былі прыняты на працу першыя жанчыны рэстаўратары, якія прымалі ўдзел у аднаўленні каштоўных дываноў з калекцыі Ватыканскіх музеяў. Гэта былі і законніцы, і свецкія верніцы.

У “Floreria Apostolica” жанчыны працуюць і сёння. Законніцы шыюць шторы і займаюцца ўтрыманнем у адпаведным стане мяккай мэблі. Гэты ватыканскі аддзел таксама нясе адказнасць за матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне цырымоній з удзелам Святога Айца. У яго склад уваходзіць некалькі майстэрняў ад швейнай да сталярнай.

Сярод першых жанчын, занятых у Ватыкане, была яўрэйка Эрміна Шпаер. Перад тым, як трапіць сюды, яна працавала ў Нямецкім археалагічным інстытуце ў Рыме. Пасля прыходу нацыстаў да ўлады ў 1934 годзе была звольнена, не магла вярнуцца на нямецкую радзіму і тэрмінова шукала працу. Тады дырэктар Ватыканскіх музеяў Барталамеа Нагара наняў яе для распрацоўкі і кіравання фота-бібліятэкай. Ён зрабіў гэта кіруючыся хрысціянскай запаведдзю любові да бліжняга. Выдатная кваліфікацыя Шпаер дазволіла абараніць яе перад крытыкамі, якія не маглі пагадзіцца з яўрэйскім паходжаннем жанчыны.

Пры падтрымцы папы Пія XI, які сябраваў з Нагара, яна магла без праблем працаваць у Ватыкане. У 1939 г. жанчына прыняла каталіцтва і падчас нацысцкай акупацыі Рыма ў 1943-1944 гадах знайшла прытулак у адным з жаночых манастыроў Вечнага горада.







All the contents on this site are copyrighted ©.