Святы Пасад мабілізуе да малітвы і разважання супраць гандлю людзьмі
Барацьба супраць гандлю
людзьмі павінна аб’яднасць прадстаўнікоў усіх поглядаў, канфесій і рэлігій, лічыць
кардынал Пітэр Тарксан, старшыня Папскай рады “Iustitia et pax”. Пурпурат прыняў удзел
у прэзентацыі Міжнароднага дня малітвы і разважання супраць гандлю людзьмі, якая прайшла
3 лютага 2015 г. у Ватыкане. Ён будзе адзначацца ўпершыню 8 лютага 2015 г. пад дэвізам:
“Запалі святло супраць гандлю людзьмі”. Мэта Міжнароднага дня заключаецца ў малітоўнай
мабілізацыі і “мабілізацыі сумленняў” на сусветным узроўні супраць феномену сучаснага
рабства. Таму да разважання і малітвы заклікаюцца ўсе, незалежна ад поглядаў і веравызнання.
“Ад разважання – да малітвы, ад малітвы – да салідарнасці, ад салідарнасці – да канкрэтных
дзеянняў, пакуль рабства і гандаль людзьмі не будуць выкаранены”, - патлумачыў кардынал
Тарксан.
Пра ўстанаўленне Міжнароднага дня малітвы і разважання супраць гандлю
людзьмі было абвешчана напрыканцы лістапада 2014 г. Ініцыятарамі выступілі шэраг ватыканскіх
дыкастэрый, а таксама міжнародныя аб’яднанні вышэйшых настаяцеляў жаночых і мужчынскіх
манаскіх супольнасцяў. Многія з іх на працягу доўгіх гадоў змагаюцца супраць феномену
сучаснага рабства і дапамаюць ахвярам гандляроў людзьмі.
У якасці даты святкавання
Дня малітвы і разважання быў выбраны дзень літургічнага ўспаміну св. Жазэфіны Бакіты
– суданскай жанчыны, якая прайшла шлях ад рабыні да законніцы, пазнаўшы шмат прыніжэнняў,
духоўных і цялесных пакут.
Кожны год ахвярамі гандляроў людзьмі становяцца
каля 2,5 млн. чалавек, 60% з якіх складаюць дзеці. Гэты від злачыннай дзейнасці з’яўляецца
адным з самых прыбытковых, пасля гандлю зброяй і наркотыкамі.