Папскі прадстаўнік: візіту Пантыфіка ў Босніі чакалі даўно
Заява папы Францішка
аб планах паехаць 6 чэрвеня 2015 г. у Сараева была вельмі добра прыняты ў Босніі і
Герцагавіне, запэўніў у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё арцыбіскуп Луіджы Пецута, Апостальскі
нунцый у гэтай краіне. Ён прызнаўся, што гэтага візіту тут чакалі даўно, і ўсе ўпэўненыя,
“што ён прынясе шмат добрага, і не толькі католікам”. Вядома, што Сараева знаходзіцца
на ростанях, і не толькі ў культурным, але і рэлігійным плане. Тут сустракаюцца розныя
хрысціянскія канфесіі і розныя рэлігіі. Папскі дыпламат прызнаўся, што нядаўна высокі
прадстаўнік мясцовых мусульманаў сказаў яму, каб ён запрасіў Папу. “Гэта будзе карысна
для ўсіх жыхароў Босніі і Герцагавіны, нават калі візіт будзе абмежаваны толькі да
Сараева па прычыне недахопу часу”, - лічыць нунцый. Ён падкрэсліў, што “на ўсіх узроўнях
ён доўгачаканы”.
Арцыбіскуп Пецута нагадаў словы Святога Айца, што яго візіт
у Сараева мае важнае значэнне для міру ў краіне і рэгіёне. “Мірны працэс, як і
ў любой краіне, працягваецца, але ніколі не сканчваецца. Існуе таксама праблема міжрэлігійнага
дыялогу, а таксама дыялогу экуменічнага. Таму зразумела, што гэта падарожжа мае велізарнае
значэнне, я б сказаў – першараднае значэнне”, - сказаў папскі прадстаўнік.
Гаворачы
аб складаных пытаннях і праблемах, якія стаяць сёння перад Босніяй і Герцагавінай,
іерарх згадаў, сярод іншых, шматлікія ахвяры завершанай менш за 20 гадоў таму вайны.
Прычым, гаворка ідзе пра розныя ўзроўні: фізічны і псіхалагічны, праблему галечы.
“Гэты візіт з’яўляецца часткай стылю Францішка, які выходзіць насустрач патрэбам”,
- сказаў дыпламат. Спасылаючыся на просьбу Папы маліцца за гэту паездку, арцыбіскуп
адзначыў, што гэта сапраўды неабходна.
Сараева ўжо прымала Святога Айца. 12-13
красавіка 1997 г. горад наведаў св. Ян Павел II і ўзначаліў тут св. Імшу ва ўмовах
сапраўднай мяцеліцы. Той жа Пантыфік быў у Босніі і Герцагавіне праз шэсць гадоў –
22 чэрвеня 2003 г. Ён прыбыў з аднадзённым візітам у Баня-Луку.