2015-02-03 15:49:50

Папа зацвердзіў дэкрэты аб прызнанні мучаніцтва і гераічнасці цнотаў


RealAudioMP3 3 лютага 2015 г. падчас сустрэчы з кардыналам Анджэла Амата, прэфектам Кангрэгацыі па справах Кананізацыі, Пантыфік упаважыў яго да публікацыі дэкрэтаў, якія тычацца прызнання мучаніцкай смерці і гераічнасці цнотаў трох кандыдытаў да беатыфікацыі. Гаворка ідзе ў першую чаргу пра мучаніцтва сальвадорскага арцыбіскупа Оскара Арнульфа Рамэра-і-Гальдамеса, які быў застрэлены 24 сакавіка 1980 г. падчас цэлебрацыі св. Імшы ў капліцы сталічнага шпіталя. Гэта было падчас грамадзянскай вайны, якая скончылася толькі ў 1992 г. Судовае расследаванне да гэтага часу не дало ніякага выніку. Арцыбіскуп Рамэра змагаўся за правы чалавека ў сваім родным Сальвадоры, мужна крытыкаваў несправядлівасць, асуджаў насілле з абодвух бакоў падчас грамадзянскай вайны.

Таксама Святы Айцец упаважыў Кангрэгацыю апублікаваць дэкрэт аб прызнанні мучаніцкай смерці канвентуальных францішканаў з Польшчы Міхала Тамашэка і Збігнева Стшалкоўскага, а таксама дыяцэзіяльнага святара з Італіі Алесандра Дорці, забітых у Перу ў 1991 г.

Пантыфік зацвердзіў дэкрэт аб прызнанні гераічнасці цнотаў кс. Джавані Бачыле з Італіі, памерлага ў 1941 г.







All the contents on this site are copyrighted ©.