2015-02-02 18:15:52

Францішак нагадаў кансэкраваным асобам пра важнасць паслухмянасці


RealAudioMP3 “Трымаем перад вачыма вобраз Маці Марыі, якая крочыць з Дзіцяткам Езусам на руках. Уводзіць Яго ў святыню, у народ, вядзе на сустрэчу з Яго людзьмі”, так папа Францішак пачаў сваю гамілію падчас Эўхарыстыі, якую цэлебраваў 2 лютага 2015 г., у свята Ахвяравання Пана і Сусветны дзень кансэкраванага жыцця. У літургіі з Пантыфікам, якая прайшла ў ватыканскай базыліцы св. Пятра, прынялі ўдзел шматлікія законнікі і законніцы. Папярэднічала Эўхарыстыі ружанцовая малітва і працэсія са свечкамі. Рукі Панны Марыі – нібыта “лесвіца” па якой Сын Божы сыходзіць да людзей, сказаў Папа. Ён заўважыў, што шлях Хрыста мае падвоеннае вымярэнне. Езус “сышоў” – стаў як людзі, каб “узыйсці” да Айца разам з імі і дазволіць людзям стаць як Ён. Менавіта на гэты рух, на думку Францішка, указвае сцэна ахвяравання.

Пантыфік падкрэсліў, што ў евангельскім урыўку, які чытаўся падчас літургіі, пяць разоў узгадвалася пра паслухмянасць Марыі і Юзафа “Закону Пана”. “Хто ідзе за Езусам становіцца на шлях паслухмянасці”, сказаў Францішак і дадаў, што для законнікаў паслухмянасць павінна спаўняцца ў служэнні. Менавіта паслухмянасць, на думку Святога Айца, з’яўляецца крыніцай мудрасці.

Мудрасць, якая паходзіць з паслухмянасці, робіць крэатыўнымі ў праслаўленні Пана і прапаведванні збаўлення, лічыць Францішак. Звяртаючыся да кансэкраваных асобаў ён адзначыў, што гаворка ідзе пра канкрэтную паслухмянасць, а не тэарытычную: паслухмянасць заснавальніку, рэгуле, вышэйшаму настаяцелю, Касцёлу.

Толькі ў паслухмянасці мудрасць сталее і дапамагае адаптоўваць рэгулы да патрабаванняў часу. “Аднаўленне запалу і абнаўленне кансэкраванага жыцця адбываюцца праз вялікую любоў да рэгулы, а таксама праз здольнасць сузіраць і слухаць пажылых асобаў у кангрэгацыі”, адзначыў Папа.

Мудрасць, якая нараджаецца ў паслухмянасці, паводле Францішка, бароніць законнікаў ад “карыкатурнага” жыцця манаствам ў “аблегчанай” і неўцелаўленай форме, ад наследвання Хрыста без адмаўлення, ад малітвы без сустрэчы, ад братэрства без еднасці, ад паслухмянасці без даверу, любові без трасцэндэнтнасці.










All the contents on this site are copyrighted ©.